Рус
Бел
Eng

Адрас: 211220,
Віцебская вобл., г.п. Лёзна,
вул. Леніна, 79/2

ВКонтакте: https://vk.com/id519049568

Е-mail: lioz-isp@vitebsk.by

Тэлефон/факс: 8 (02138) 4-15-59

Лиозно Лиозно. Центральная площадь Мемориальный комплекс "Танк" Лиозно. Районный центр культуры Лиозно. Ж/д станция
Лиозно

Навіны раёна

10 красавіка 2019

1-ы штурмавы батальён у баях па вызваленні Лёзна

Яны бралі непасрэдны ўдзел у вызваленні Беларусі, але не атрымлівалі ганаровае найменне ў гонар гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, куды ўваходзілі вызваліцелямі, іх не ўзгадвалі ў загадах Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, пра іх гераізм і мужнасць не пісалі яшчэ доўгі час пасля Вялікай Айчыннай вайны. Гэта тычыцца штрафных падраздзяленняў Чырвонай Арміі. 

 Па агульных падліках з верасня 1942 па май 1945 года праз іх прайшло 427 тысяч 910 чалавек. У залежнасці ад звання вайскоўцы накіроўваліся ў розныя часці: афіцэры у штрафныя батальёны, а сяржанты і радавыя – у штрафныя роты. Першыя ішлі загадам па брыгадзе, дывізіі, корпусе, арміі ці фронту, другія – загадам па палку ці асобнай часці. І тыя, і другія маглі накіроўвацца таксама па прысудзе ваенных трыбуналаў, прычым афіцэры і малодшыя камандзіры падлягалі разжалаванню ў радавыя, але любы штрафнік мог быць прызначаны на пасаду малодшага каманднага саставу з прысваеннем адпаведнага звання. Тэрмін знаходжання ў роце ці батальёне быў аднолькавы – ад аднаго да трох месяцаў. За баявую адзнаку штрафнік мог быць вызвалены датэрмінова па прадстаўленні камандавання, за асабліва выдатную адзнаку, апроч таго, прадстаўляўся да ўрадавай узнагароды. 

Генерал-маёр Узброеных Сіл у адстаўцы Аляксандр Васільевіч Пыльцын у кнізе “Старонкі гісторыі 8-га штрафнога батальёна Першага Беларускага фронта” расказаў пра свой баявы шлях, які ён прайшоў са штрафнікамі са снежня 1943 па вясну 1945 года. Апісваючы вызваленчыя баі на тэрыторыі Гомельскай вобласці ў лютым 1944 года, ён, кадравы афіцэр, адзначаў: 

“У загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ў гонар вызвалення Рагачова балы аб’яўлена падзяка і прысвоена найменне “рагачоўскіх” вялікай колькасці часцей і злучэнняў, якія бралі ўдзел у гэтых баях. А наш штрафбат, вядома, нават не быў памянёны, хаця, напрыклад, 141-я рота агнямётчыкаў, усяго адзін узвод якой, 20 байцоў, дзейнічаў з намі, у загад увайшла і атрымала найменне “Рагачоўскай”. Вядома ж, яна не штрафная! А наш штрафбат, 800 афіцэраў, быццам і не прысутнічаў пры гэтым. Такое непарушнае правіла дзейнічала ўсю вайну…”

 “Па заканчэнні баявых дзеянняў у тыле ворага пад Рагачовам адразу ж размясцілі ў хатах некалькіх бліжэйшых вёсак. Як потым стала мне вядома, гэта было правілам: штрафбату не належыць з баямі ўваходзіць у больш ці менш буйныя гарады, каб не склалася ўражанне, што горад вызвалялі штрафнікі. Як не ўваходзілі мы ў Гомель, а ў далейшым – у Брэст, Варшаву ды іншыя гарады. Нават Рагачоў мы не бачылі, хаця вельмі карцела. Але правіла гэта выконвалася няўхільна…” 

1 жніўня 1943 года, амаль праз год пасля стварэння штрафных падраздзяленняў, быў падпісаны загад Наркама абароны камандуючым войскамі Маскоўскай, Прыволжскай і Сталінградскай ваенных акруг аб фарміраванні асобных штурмавых стралковых батальёнаў (АШСБ). За аснову штатнага раскладу быў узяты штат стралковага батальёна, колькасць жа асабовага складу змянялася ў залежнасці ад баявых задач. Першачапачаткова камплектаваліся такія падраздзяленні афіцэрамі Чырвонай Арміі, якія знаходзіліся на акупаванай немцамі тэрыторыі, але ўдзелу ва ўзброенай барацьбе з ворагам не бралі, і былымі вайскоўцамі з ліку спецыяльнага кантынгенту лагераў НКУС. Асабовы склад АШСБ штрафнікамі па сутнасці не лічыўся, самі яны званняў не пазбаўляліся (у прыватнасці захоўваліся спецыяльныя воінскія званні, што былі скасаваныя ў 1942-1943 гадах), але, як і іншыя штрафныя часці, выкарыстоўваўся на самых актыўных участках фронта. У верасні 1943 года было сфарміравана ўсяго тры АШСБ: першым па часе — 5-ы (05.09.1943), а затым – 1-ы (15.09.1943) і 2-і (18.09.1943). 

Пра лёс штрафнікоў і іх нядоўгае франтавое жыццё любы жадаючы можа зараз адшукаць звесткі ў сучаснай ваенна-гістарычнай літаратуры і публікацыях на тэматычных сайтах у Інтэрнэце. Нам жа будзе цікавым прасачыць гісторыю 1-га АШСБ, які праіснаваў усяго два месяцы і быў расфарміраваны 3 лістапада 1943 года. У складзе рухомай механізаванай групы Калінінскага фронта (вядома таксама як група палкоўніка Дромава, у будучым Героя Савецкага Саюза) батальён браў удзел у вызваленні Смаленскай вобласці Расіі і Віцебскай вобласці Беларусі. 14 верасня ён прыбыў у склад 39-й арміі пад камандаваннем генерала Берзарына, а праз пяць дзён быў прыдадзены 47-й Духаўшчынскай механізаванай брыгадзе. Колькасць батальёна складала 930 чалавек, у тым ліку 54 чалавекі афіцэрскага саставу і 876 чалавек пераменнага саставу з акружэнцаў. Былых палітработнікаў (ад малодшага палітрука да палкавога камісара ўключна) налічвалася больш за 300 чалавек. Асноўны састаў радавых і сяржантаў – гэта былы камандны састаў ад малодшага лейтэнантна да маёра ўключна. 

У складзе групы палкоўніка Дромава 1-ы АШСБ вызначыўся ў ходзе Дзямідаўска-Духаўшчынскай наступальнай аперацыі (14 верасня – 2 кастрычніка 1943 года), калі быў уведзены ў бой 25 верасня і да раніцы 27 верасня вызваліў 16 населеных пунктаў на тэрыторыі сучаснага Руднянскага раёна Смаленскай вобласці. Затым батальён у складзе брыгады авалодаў раённым цэнтрам і чыгуначнай станцыяй Рудня. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29.09.1943 47-я Духаўшчынская мехбрыгада была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга. Як адзначалася у данясенні камандзіра брыгады аб дзейнасці батальёна камандуючаму Калінінскім фронтам генералу Яроменка, “большая заслуга в получении бригадой высокой правительственной награды принадлежит штурмовому батальону. В районе Рудня батальон нанёс противнику значительные потери”. У Руднянскай аперацыі вызначыўся “пераменнік” малодшы палітрук Міронаў Валянцін Сямёнавіч, які быў пасмяротна прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, але прадстаўленне не было рэалізавана. 

З 7 па 10 кастрычніка 1-ы АШСБ (колькасцю 305 чалавек) разам з іншымі злучэннямі брыгады (18-ы танкавы полк, 1-ы і 3-і мотастралковы батальёны) браў удзел у так званай Лёзненскай аперацыі. З зыходнага рубяжу – вёска Лішакі – ён з боем рушыў наперад, авалодаў населенымі пунктамі Дразды, Крупені, Азярок і раніцай 8 кастрычніка выйшаў да Лёзна. Умелым манеўрам камандзір батальёна маёр Аганезаў ачысціў ад немцаў паўлднёвую ўскраіну пасёлка, фарсіраваў раку Машна і заняў выгадную вышыню паміж населеным пунктам і чыгуначнай станцыяй Лёзна. Асабліва вызначыліся ў гэтым баю першая і трэцяя стралковыя роты. Выхад батальёна ў фланг ворагу, які займаў заходнюю частку Лёзна, паставіў яго ў нязручнае становішча і ў значнай ступені садзейнічаў паспяховаму выкананню задачы па вызваленні райцэнтра ад захопнікаў. У баях 8 кастрычніка штрафнікі знішчылі 4 мінамёты і 6 кулямётаў, пры гэтым праціўнік страціў забітымі 63 салдаты і афіцэры.

 У згаданым данясенні апісваецца гераізм “пераменніка” Белякова: 

“В бою за Лиозно отважно действовал боец Беляков Борис Николаевич – бывший батальонный комиссар, комиссар отдельного пулемётно-артиллерийского батальона. Во время сложной обстановки остался у пулемёта один. Командир роты приказал ему уничтожить немецкий пулемёт, мешавший продвижению наших подразделений. Полтора часа Беляков вёл огонь по вражескому пулемёту, несколько раз менял огневые позиции, но всё же уничтожил фашистский пулемёт. Рота получила возможность беспрепятственно продвигаться вперёд…” У баю за станцыю Лёзна немалады ўжо кулямётчык падавіў агонь дзвюх кулямётных кропак праціўніка, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Усяго за кароткі час баявых дзеянняў у 1-м АШСБ было прадстаўлена да ўрадавых узнагарод 194 чалавекі, а ўзнагароджана толькі 27. Самую высокую ўзнагароду – ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені – атрымалі 7 афіцэраў з пастаяннага саставу, у тым ліку камандзір маёр Аганезаў Айрапет Карапетавіч, і толькі адзін баец з пераменнага саставу – бранябойшчык палітрук Чапала-Амяльчук Уладзімір Калінавіч, які агнём з ПТР прымусіў замаўчаць нямецкую самаходку.

 Сярод узнагароджаных за вызваленне Рудні і Лёзна назавём імёны некаторых іншых афіцэраў і радавых батальёна. Гэта камандзір трэцяй роты старшы лейтэнант Палякшанаў Іван Мінавіч (беларус), камандзір узводу трэцяй роты малодшы лейтэнант Дзячкоў Міхаіл Прохаравіч, а таксама старшы палітрук Калінін Ігнат Гаўрылавіч, старшыя лейтэнанты Міхалеўскі Вадзім Сяргеевіч, Міхайленка Уладзімір Сцяпанавіч. Разуваеў Іван Цімафеевіч, палітрук Саломін Леанід Канстанцінавіч, лейтэнанты Грушэўскі Іван Ягоравіч, Журжын Іван Раманавіч, Качалаў Георгій Кузьміч, Рускіх Анатолій Рыгоравіч, Смальяннікаў Сяргей Фёдаравіч, Тунік Аляксандр Кірылавіч, малодшыя палітрукі Вараб’ёў Аляксей Васільевіч і Малычэнка Васіль Рыгоравіч, ваенінжынер 3-га рангу Глябедзін Васіль Аляксандравіч, малодшыя лейтэнанты Амельчанка Іван Міхайлавіч і Ганчароў Пракоп Міхайлавіч з пераменнага саставу. Загадам камандуючага бранятанкавымі і механізаванымі войскамі 39-й Арміі ад 19.10.1943 г. байцы-“пераменнікі” былі ўзнагароджаныя ордэнам Чырвонай Зоркі або баявымі медалямі. 

Цытуючы ўзнагародныя лісты, апішам іх подзвігі пры штурме Лёзна 8-9 кастрычніка. Мінамётны разлік пад камандаваннем малодшага лейтэнанта Ганчарова ў баю за пасёлак з адкрытай агнявой пазіцыі знішчыў станковы кулямёт разам з прыслугай. Трапны агонь кулямётчыка Качалава, які расстрэльваў варожую пяхоту ва ўпор, дазволіў першаму ўзводу першай роты адбіць дзве контратакі з вялікімі для немцаў стратамі. Столькі ж контратак на рахунку другога нумара кулямётнага разліку лейтэнанта Туніка і камандзіра мінамётнага разліку старшага лейтэнанта Разуваева, які адзін змагаўся за ўвесь разлік, калі той выйшаў са строю ад выбуху варожага снараду. Сувязны камандзіра роты беларус Грушэўскі агнём з вінтоўкі асабіста знішчыў разлік ручнога кулямёта, што перашкаджаў прасоўванню пехацінцаў наперад. Пры адбіцці контратак праціўніка, які вёў масіраваны артылерыйска-мінамётны агонь, бранябойшчык Малычэнка падавіў агонь кулямётнай кропкі, а стралок Саломін знішчыў 12 нямецкіх салдат і падавіў агонь яшчэ адной кулямётнай кропкі. На рахунку стралкоў Глябедзіна і Міхалеўскага – 4 і 5 немцаў суадносна. Баец Калінін выконваў абавязкі падносчыка патронаў, а калі амаль увесь разлік выйшаў са строю, сам лёг за кулямёт і тым самым дапамог адбіць чарговую контратаку немцаў. У баю 9 кастрычніка мінамётчыкі на чале з малодшым лейтэнантам Амельчанкам падавілі дзве мінамётныя, адну кулямётную кропкі, а таксама знішчылі да 10 салдат і афіцэраў праціўніка. Тэлефаніст Журжын на працягу двух дзён адзін абслугоўваў тэлефонны пункт і не дапусціў аніводнага парыву сувязі. У цяжкіх умовах вулічных баёў лінейны наглядчык Міхайленка неадкладна аднаўляў тэлефонную сувязь, ліквідаваўшы 16 пашкоджанняў на лініі. 

Яшчэ 130 чалавек з радавога і сяржанцкага саставу батальёна (у тым ліку згаданы кулямётчык Белякоў) былі ўзнагароджаныя за Руднянскую і Лёзненскую аперацыі ордэнам Чырвонай Зоркі або баявымі медалямі асобным загадам камбрыга Дромава ад 21.10.1943 г. У ліку тых, хто вызначыўся пры вызваленні Лёзна, варта назваць імя старшага батальённага камісара Белаліпецкага Івана Васільевіча, 1895 года нараджэння. Ён займаў адказную палітычную пасаду ў адным са злучэнняў 39-й арміі, але летам 1942 года трапіў у акружэнне і застаўся на акупаванай тэрыторыі. У штурмавым батальёне ваяваў ужо радавым байцом у складзе мінамётнага разліку і вызначыўся ў баях за Рудню, калі асабіста знішчыў 7 гітлераўцаў. У двухдзённых баях за Лёзна запісаў на асабісты рахунак яшчэ 8 варожых салдат. Калі выйшлі са строю камандзіры двух узводаў, узначаліў уцалелых байцоў абодвух узводаў. Рашуча вадзіў іх у атакі пры выгнанні ворага з нашага райцэнтра. 

У вызваленчых баях на тэрыторыі Смаленшчыны і Віцебшчыны 1-ы АШСБ панёс значныя страты. Пры расфарміраванні батальёна 4 лістапада 1943 года быў складзены спіс байцоў пераменнага саставу, якія загінулі ў баях і пасмяротна былі адноўленыя ва ўсіх правах афіцэраў Чырвонай Арміі. У яго ўвайшлі 104 чалавекі. Шмат хто з іх назаўсёды застаўся ляжаць у лёзненскай зямлі… 

Канстанцін ГАЙДУКОЎ, настаўнік Выдрэйскай ЯСБШ
Інтэрнэт-рэсурсы