Рус
Бел
Eng

Адрас: 211220,
Віцебская вобл., г.п. Лёзна,
вул. Леніна, 79/2

ВКонтакте: https://vk.com/id519049568

Е-mail: lioz-isp@vitebsk.by

Тэлефон/факс: 8 (02138) 4-15-59

Лиозно Лиозно. Ж/д станция Лиозно. Районный центр культуры Мемориальный комплекс "Танк" Лиозно. Центральная площадь
Лиозно

Навіны раёна

21 студзеня 2020

Авечкагадоўля – сямейная справа Трубчынскіх

 Неяк прачытала ў адным з рэспубліканскіх выданняў фразу, якая запомнілася надоўга і выклікала ўсмешку. Там параўноўвалася, як гараджанін, стаўшы дачнікам, нястомна шчыруе на сваіх сотках і мае ад зямлі даволі шмат, а ў іншага жыхара аграгарадка з жыўнасці толькі жаба пад ганкам. І сапраўды, выходзіць так, калі паназіраць за вясковым жыццём. Так, вёска ўжо зусім не такая, якой была яшчэ 10-15 гадоў таму, калі амаль кожны з сяльчан, незалежна ад пасады і ўзросту, займаўся асабістай падсобнай гаспадаркай. Зараз увайшло, напэўна, у моду лепш бавіць вольны час за камп’ютарнымі гульнямі ці чым іншым, і толькі нямногія аддаюць перавагу працы на свежым паветры на карысць сабе і сваім родным. Тэма, пагадзіцеся, неадназначная, але цікавая і актуальная. Таму і пачаліся пошукі сапраўдных гаспадароў у нашым раёне. У Веляшковіцкім сельвыканкаме прадставілі ўнушальны спіс домаўладальнікаў, якія яшчэ трымаюць жывёлу, і ўказалі першы адрас: Глоданкі, сям’я Трубчынскіх. 
  Гаспадыня, Таццяна Львоўна, чалавек з добрым пачуццём гумару, адразу прыцягнула маю ўвагу. Пэўна, зносіны з ёю прыемныя пацыентам, і работай яе вяскоўцы задаволены. У сваіх Глоданках Т. Л. Трубчынская – старэйшына, не першы год абіраюць яе дэпутатам Веляшковіцкага сельскага Савета. Вобразна кажучы, жанчына патлумачыла: “Калі параніў руку і дакрануўся ёю да зямлі, захварэешь на ўсё жыццё працай і любоўю да ўсяго, што расце на ёй і бегае. Так і я пасля заканчэння Аршанскага медвучылішча (там, дарэчы, мая малая радзіма) папала па накіраванню на Лёзненшчыну. Назначылі загадчыкам фельчарска-акушэрскага пункта ў Емельянова, дзе працую больш за 25 гадоў. Тут выйшла замуж за мясцовага хлопца і пачала, як кажуць, прарастаць каранямі. Муж папаўся гаспадарлівы. Жылі спачатку ў кватэры пры ФАПе і літаральна праз месяц, было гэта ў маі 1996 года, на двары ў нас з’явілася кароўка. Затым завялі парсюкоў. Калі ж купілі дом у Глоданках, каго толькі ні спрабавалі трымаць: курэй, гусей, качак, трусоў. Асабліва палюбіліся авечкі. Першую купілі дзесяць гадоў таму назад, яна і зараз жыве і нават прыплод дае. Жартам называем яе “наш дыназаўр”. Ад яе развялі цэлую атару, у якой на сённяшні дзень дзесяць аўцаматак, два бараны і восем галоў маладняку”. І. А. Трубчынскі.  
 Акрамя авечак на падворку Трубчынскіх буронка і цялушка, якую гадуюць на малако. Таксама конь – асноўная цяглавая сіла гаспадаркі, бо старэнькі трактар, на жаль, часта падводзіць. А спраў жа хапае круглы год. Сена аднаго нарыхтаваць колькі трэба. Па словах гаспадара Івана Аляксандравіча ўсё лета косяць, сушаць, возяць. Асвоіў тэхналогію нарыхтоўкі сенажу. Сёлета закладзена каля тоны гэтай дабаўкі да сухіх кармоў. Шмат садзяць гарбузоў, морквы, буракоў, каб і жывёла магла час ад часу пакаштаваць гэтых прысмакаў. Акрамя таго трэба купіць зерне і камбікорм. Затраты, вядома, немалыя. Таму свіней шмат не заводзяць, іх асабліва цяжка ўтрымліваць на пакупным, бо бульба на ўчастку не вельмі родзіць.
  – Ну а авечкі – гэта мая слабасць, – дзеліцца гаспадар. – Рахманыя, ласкавыя. Ягняткі такія прыгожанькія, проста замілаванне ад іх. Ды і наогул справа гэта найбольш эканамічная, выгадная. 
 Трубчынскія кажуць, што клопаты аб сваёй жывёле прыемныя і аддача добрая. Малако не здаюць. Працяглы час выпойваюць цялят, затым пераапрацоўваюць на смятану, масла, тварог, сыр. Сыракваша нічым не горшая завадскога кефіру, а з сыроваткі можна прыгатаваць выдатныя смачныя напіткі. Пастаянна на стале мяса, сала. Галоўнае – ўсё гэта без хімічных дабавак, экалагічна чыстае.  
 Стрыжка авец – занятак для ўсёй сям’і. Трэба ж камусьці трымаць, упраўляцца з нажніцамі, падбіраць воўну. Шкада, што нідзе паблізку няма воўначоскі. Таму ўручную некаторую частку счэшуць, гаспадыня спрадзе нітак на электракалаўроце на панчохі ці нейкія безрукаўкі. Гаспадар умее валіць валёнкі, але робіць толькі для патрэб сям’і. На вытворчасць жа няма ўмоў.  
 За здароўем жывёлы сочыць сын Уладзіслаў, які скончыў акадэмію ветэрынарнай медыцыны ў Віцебску, некалькі месяцаў працуе ветурачом у ААТ “Данукалава-Агра” і прымяняе свае веды ў доглядзе за дамашнімі гадаванцамі. Зіма сёлета выдалася на дзіва цёплая, жывёла шмат часу праводзіць на свежым паветры і добра сябе адчувае. 
 Уладзіслаў ахвотна дапамагае бацькам і пазітыўна адносіцца да такой гаспадаркі. Малодшая дзесяцікласніца Веляшковіцкай СШ Марыя таксама не стаіць убаку ад хатніх спраў. Яна пакуль не вызначылася, якую прафесію абраць, асабліва падабаецца дзяўчыне гісторыя, шмат чытае і ўдзельнічае ў розных інтэлектуальных гульнях і конкурсах. На “Што? Дзе? Калі?” ездзіла ў вобласць са школьнай камандай. Апошнім часам захапілася выцінанкай і алмазнай мазаікай, тэмы знаходзіць у інтэрнэце, асвойвае тэхніку. Старанная і карпатлівая, даводзіць задуманае да завяршэння. Таццяна Львоўна з дачкой Марыяй.  
 Калі жонка і сын на рабоце, дачка ў школе, Іван Аляксандравіч увіхаецца па гаспадарцы адзін. Занятасць карыснымі справамі, любоў да працы аб’ядноўваюць бацькоў і дзяцей у гэтай сям’і. Тут пануюць лад, узаемапаразуменне, павага і шчырасць. 
 
Таццяна ІГНАЦЕНКА.
Сцяг Перамогі
Інтэрнэт-рэсурсы