Рус
Бел
Eng
Адрас: 211220, Віцебская вобласць, 
г.п. Лёзна, вул. Леніна, 79/2
Е-mail: info@lioznorik.by (для дзелавой перапіскі) 
обращения.бел - для зваротаў грамадзян і юр.асоб 
Тэлефон/факс: 8 (02138) 5-25-69, 5-22-61, 5-25-71 
 
ВКонтакте: Лиозненский райисполком 
Telegram: Лиозно. Официально
Прырода Лёзненшчыны Раённы цэнтр культуры Мемарыяльны комплекс Адаменская горка Алея Славы Цэнтр Лёзна
Прырода Лёзненшчыны

Навіны раёна

10 кастрычніка 2020

Яны вызвалялі Лёзненшчыну: новыя імёны

 Пра тых, хто вызваляў Беларусь, сказана і напісана шмат чаго цікавага і слушнага памяці нашчадкаў. Але так склалася, што з ліку вызваліцеляў мы звыклі прыгадваць, як правіла, імёны Герояў Савецкага Саюза, якія вызначыліся ў баях на беларускай зямлі ці чые баявыя шляхі пралеглі па яе тэрыторыі. Да звання ж Героя Савецкага Саюза прыраўноўваюцца і поўныя кавалеры ордэна Славы – першай, другой і трэцяй ступеняў. Некаторыя з іх атрымалі ўсе тры ступені за баі пры вызваленні Беларусі, у тым ліку і непасрэдна Віцебскай вобласці. У баях на віцебскай зямлі поўнымі кавалерамі сталі Канстанцін Кірылавіч Шаўчэнка, Іван Акімавіч Купаўцаў. Імя яшчэ аднаго ардэнаносца – Мітрафана Трафімавіча Піценіна – цяпер заняло пачэснае месца ў спісе вызваліцеляў Лёзненшчыны. 
 У кастрычніку 2014 года пабачыў свет артыкул, прысвечаны поўным кавалерам ордэна Славы, якія вызвалялі Лёзненшчыну  
 У ім прыводзіліся імёны поўных кавалераў салдацкага ордэна У. І. Амікава, Ю. М. Бахарава, С. В. Брунчукова, П. М. Галубятнікава, А. А. Клопава, Ф. А. Комава, І. М. Кружнякова, Н. І. Тарапаты, Д. А. Шылава. Яны былі адзначаны баявымі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнам Славы 3-й ступені, менавіта за вызваленне Лёзненшчыны. Але за шэсць гадоў, што мінулі з таго часу, з’явіліся новыя імёны. Гэта Міхаіл Мікалаевіч Гарайнаў, Грыгорый Іванавіч Жаўнін, Аляксей Андрэевіч Іваноў, Анатолій Мікалаевіч Кадыраў, Васілій Аляксеевіч Коранеў, Грыгорый Аляксеевіч Ціханаў, Пётр Георгіевіч Эпаў. 
 У першую чаргу варта ўзгадаць чырвонаармейца Кадырава, які менавіта ў баях на лёзненскай зямлі стаў кавалерам двух баявых ордэнаў. Ён паходзіў з сібірскіх татар, але вырас у сучасным горадзе Камешкава Уладзімірскай вобласці Расіі, адкуль у снежні 1941 года быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. З наступнага года – на фронце. Ваяваў ва ўзводзе пешай разведкі 1138-га стралковага палка 338-й стралковай дывізіі, у радах якой змагаўся і сапёр Піценін. Першы раз вызначыўся ў разведвальнай аперацыі 14 сакавіка 1944 года ў раёне былога хутара Забор’е ля сучаснай вёскі Бор Крынкаўскага сельсавета. Разам з двума таварышамі ўварваўся ў нямецкую траншэю, дзе расстрэльваў з аўтамата немцаў, што кінуліся на ўцёкі. Прымаў непасрэдны ўдзел у захопе двух кантрольных палонных. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. У баявой аперацыі 20 сакавіка ў раёне былой вёскі Замашчані (вядома таксама як Замушчаны) на захад ад памянёнай вёскі Бор паспяхова дзейнічаў у баявой аперацыі па захопу безыменнай вышыні, яе ўтрыманні, а таксама па захопу кантрольнага палоннага. Першым уварваўся ў варожую траншэю, аўтаматным агнём прымусіў да ўцёкаў трох немцаў, а яшчэ аднаго цяжка параніў, захапіўшы ў яго каштоўныя дакументы. Затым смела дзейнічаў пры адбіцці нямецкіх контратак на занятай вышыні. За гэты бой узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. На жаль, разведчык Кадыраў так і не атрымаў ордэна Славы 1-й ступені, якім быў узнагароджаны пасмяротна – больш чым праз чатыры месяцы пасля гібелі.  
 У адной з ім часці наводчыкам, а пазней камандзірам гарматы служыў ураджэнец Забайкальскага краю Расіі старшы сяржант Коранеў. У баях з 14 па 17 лютага 1944 года пад вёскай Мар’янова ён знішчыў трапным агнём 2 станковыя кулямёты і тым самым забяспечыў прасоўванне пяхоты наперад, за што быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. У сакавіку таго ж года пры адбіцці контратакі ў раёне вёскі Касцяёва знішчыў да 15 немцаў, падбіў адзін варожы танк, а таксама пашкодзіў і прымусіў выйсці з бою яшчэ адзін. Сам 18-гадовы артылерыст быў паранены, але поле бою не пакінуў, а яго мужнасць у баі на лёзненскай зямлі была адзначана ордэнам Славы 3-й ступені.  
 У складзе 479-га асобнага сапёрнага батальёна пры штабе 338-й дывізіі вызваляў Лёзненшчыну яшчэ адзін у будучым поўны кавалер ордэна Славы – чырвонаармеец Ціханаў. Ён таксама быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені за адзнаку ў баі мясцовага значэння на тэрыторыі нашага раёна. У ноч на 21 сакавіка 1944 года забяспечваў прасоўванне штурмавых груп па заняцці вышыні ў раёне былога хутара Сасноўка на захад ад сучаснай вёскі Рэчкі. Пад агнём праціўніка зрабіў праход у яго драцяной загародзе шырынёю 6 метраў. Цераз праход правёў штурмавікоў, разам з якімі прыняў удзел у траншэйным баі і адбіцці дзвюх варожых контратак. Пры заняцці вышыні ў кароткі тэрмін прыкрыў усе подступы да вышыні з боку праціўніка, устанавіў 13 мін, мяшкамі з пяском ды рагаткамі перагародзіў варожы ход зносін, што вёў да вышыні.  
 Наводчык гарматы 814-га артылерыйскага палка 274-й стралковай Ярцаўскай дывізіі чырвонаармеец Іваноўвызначыўся ў баях з 23 па 28 снежня 1943 года пры прарыве варожай абароны ў раёне сучаснай вёскі Хоцемля і выхадзе да чыгункі Віцебск-Смаленск. Трапным агнём ён знішчыў 2 кулямёты разам з прыслугай, падавіў агонь яшчэ двух, а таксама рассеяў і часткова знішчыў групу з 20 нямецкіх салдат, за што быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.  
 У той жа наступальнай аперацыі вызначыўся сяржант Гарайнаў з 69-га стралковага палка 97-й стралковай дывізіі, што панесла вялікія страты ў снежаньскіх баях на подступах да станцыі Крынкі. Мінамётны разлік пад яго камандаю ў баях 25-26 снежня ў раёне вёскі Малыя Міснікі прымаў удзел у адбіцці трох варожых контратак сіламі больш за батальён пяхоты, якую падтрымлівалі танкі і самаходная артылерыя, і знішчыў 3 кулямётныя кропкі, а таксама больш за 30 салдат і афіцэраў праціўніка. За мужнасць і гераізм у няроўным баі вопытны мінамётчык быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. 
 Сібірак Эпаў атрымаў свой медаль “За адвагу” таксама за азднаку ў баі на лёзненскай зямлі. Дзейнічаючы ў складзе разліка 76-мм гарматы (262-і стралковы полк, 184-я стралковая Духаўшчынская дывізія), ён падтрымліваў правядзенне разведкі боем 14 сакавіка 1944 года ў раёне былой вёскі Горы (цяпер – аграгарадок Крынкі). Трапнымі стрэламі артылерысты знішчылі два нямецкія кулямёты, тым самым забяспечыўшы поспех аперацыі па захопу “языка”.  
 Наступны герой адметны тым, што ў ліку апошніх стаў поўным кавалерам ордэна Славы. Гэта камандзір разліка 212-га асобнага знішчальнага супрацьтанкавага дывізіёна 157-й стралковай дывізіі старшы сяржант Жаўнін.
 За адзнаку ў баях пры вызваленні Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў лістападзе 1943 года ён быў прадстаўлены да ордэна Айчыннай вайны 2-й ступені, але пакуль узнагародныя дакументы хадзілі па інстанцыях, ён вызначыўся зноў. У ходзе наступлення 28 снежня таго ж года ў раёне станцыі Крынкі пад моцным агнём яго разлік знішчыў да 15 салдат і афіцэраў, 2 батальённыя мінамёты і кулямётную кропку праціўніка. У баі 17 студзеня 1944 года за вёску Паловікі (цяпер – у складзе Крынак) пад моцным абстрэлам ён разбіў пры адбіцці варожай контратакі супрацьтанкавую гармату, назіральны пункт і знішчыў да 10 немцаў. Артылерыст Жаўнін быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені, якім і быў узнагароджаны загадам па дывізіі ад 20 лютага 1944 года, а шасцю днямі раней – першым па ліку такім жа ордэнам (замест ордэна Айчыннай вайны). За баі пры вызваленні Літвы атрымаў чарговы ордэн Славы, ужо 2-й ступені. Пасля вайны жыў і працаваў у расійскім горадзе Тула. Загадам Міністра абароны Расійскай Федэрацыі толькі ў лістападзе 1992 года франтавік быў пераўзнагароджаны ордэнам Славы 1-й ступені з адменай таго дывізійнага загада аб узнагароджанні ордэнам 3-й ступені паўторна. 

Канстанцін ГАЙДУКОЎ, 
настаўнік Выдрэйскай ЯСБШ 
Сцяг Перамогі
Інтэрнэт-рэсурсы