Рус
Бел
Eng

Адрас: 211220,
Віцебская вобл., г.п. Лёзна,
вул. Леніна, 79/2

ВКонтакте: https://vk.com/id519049568

Е-mail: lioz-isp@vitebsk.by

Тэлефон/факс: 8(02138) 5-25-69,  5-22-61,   5-25-71  

Лиозно. Районный центр культуры Лиозно Лиозно. Центральная площадь Мемориальный комплекс "Танк" Лиозно. Ж/д станция
Лиозно. Районный центр культуры

Навіны раёна

28 лютага 2020

Клапатліва, але выгадна

 Пабываць у асабістай падсобнай гаспадарцы Барысенкаў у Дабрамыслях мне параілі ў мясцовым сельскім Савеце. Людзей гэтых успомніла адразу, бо пазнаёмілася з імі яшчэ вясной падчас сустрэчы з перасяленцамі з чарнобыльскай зоны. І на гэты раз гутарылі ўжо як добра знаёмыя. 
 Так і па сённяшні дзень шчыруюць Барысенкі на сваім падворку. Доўгі час трымалі кабылку, цяпер яе замяніў матаблок. Без кароўкі-карміліцы ніколі не былі. Маладняк часта здавалі на комплекс мясцовага сяльгаспрадпрыемства. 
 Гаспадар, Міхаіл Іванавіч, былы капітан рачнога флоту, расказаў пра свае вясковыя карані.
 – Мая малая радзіма на Гомельшчыне. Месцы там, дзе зліваюцца Дняпро і Прыпяць, надзвычай прыгожыя, –кажа мужчына. – Нашы Просмычы стаяць ля самай вады. Праз 17 кіламетраў ужо Чарнігаўская вобласць. Водным шляхам у асноўным дабіраліся на ўкраінскую тэрыторыю ў горад за пакупкамі. Я з захапленнем глядзеў на хвалі, якія ўздымаў цеплаход, і марыў стаць капітанам. Бацькі працавалі ў калгасе, маці – у паляводстве, бацька –пастухом, не раз даводзілася падмяняць яго. Дома па гаспадарцы таксама дапамагаў, навучыўся рознай сялянскай працы. Родныя не пярэчылі, калі пасля дзесяцігодкі пайшоў у Гомельскае рачное вучылішча, скончыў яго, затым школу каманднага саставу і пачаў сам вадзіць цеплаходы. Аднойчы на пірсе Міхаіл сустрэў Наталлю, якая праходзіла практыку поварам на іншым судне. Яна родам з Будакашалёўскага раёна. Калі ажаніліся, вырашылі жыць у Брагіне, так зручней было ездзіць да адных і другіх бацькоў. Міхаіл змяніў прафесію, уладкаваўся ў ПМК адразу механікам, затым вадзіцелем мадэрнізаванага шматкаўшовага экскаватара. Працаваў старанна, партрэт памяшчалі на раённую Дошку гонару, і зарабляў добра. Чакалі чатырохпакаёвую кватэру, а пакуль жылі ў сямейным інтэрнаце-вагончыку. І тады ўжо у абодвух праявілася гаспадарчая жылка. Першымі Наталля купіла і прынесла дадому маленькіх качанят. Муж змайстраваў невялікі сарайчык, дзе неўзабаве з’явіліся яшчэ куры і двое парсюкоў. У 1986-ым прыйшла бяда, пераблытала ўсе планы і вымусіла сарвацца і паехаць у далёкія мясціны. 
 – Вестка аб аварыі на ЧАЭС дайшла да нас 28 красавіка, праз 2 дні, – успамінае Міхаіл Іванавіч. – Як пачуў, што сталі вывозіць дзяцей, адправіў жонку з дачкой Аксанай і сынам Ігарам да брата ў Набярэжныя Чалны. Як ваеннаабавязаны разам з іншымі мужчынамі з ПМК да жніўня знаходзіўся ў 30-кіламетровай зоне, удзельнічаў у работах па дэзактывацыі, у асноўным рылі абвадныя каналы. 
 Калі атрымалі дазвол на выезд, Міхаіл і яго таварышы-меліяратары пачалі шукаць месца, дзе можна было б жыць і працаваць. Так апынуліся ў Дабрамыслях, забралі да сябе сем’і. 
 – Абжываліся тут, як кажуць, з нуля, – уступае ў размову Наталля Анатольеўна. – Пасялілі нас у будынку старога дзіцячага сада, кватэру атрымалі значна пазней. Калі мае бацька і маці пераехалі з зоны ў Арцёмава, то набылі карову, каня, іншую жыўнасць. Мы штодня ездзілі туды дапамагаць. Як іх не стала, перавялі гаспадарку ў Дабрамыслі. 
 Так і па сённяшні дзень шчыруюць Барысенкі на сваім падворку. Доўгі час трымалі кабылку, цяпер яе замяніў матаблок. Без кароўкі-карміліцы ніколі не былі. Маладняк часта здавалі на комплекс мясцовага сяльгаспрадпрыемства. Гаспадыня ўзгадала такі выпадак: яе цялятка, вельмі дробненькае, не хацелі было прымаць, але калі ветурач Дзіцко паглядзеў і сказаў, што з такой малюткі выйдзе добрая кароўка, узялі. І сапраўды вырасла, даяркі яшчэ хвалілі яе. Сёлета ў хляве таксама ладная цялушка, гадуюць для сябе на малако. Калі ёсць буронка, грэх не мець іншую скацінку, лічаць гаспадары. Вядома, трымаюць свіней. Спрабавалі розныя пароды, спыніліся на вялікай беларускай белай. Вырастаюць такія парсюкі хутка, тым больш на адгоне ды сыроватцы. Надоўга потым хапае сала і мяса сабе і дзецям, якія жывуць у Віцебску. Прыязджаюць сын, дачка з мужам і ўнучкамі. Пятнаццацігадовая Арына, можна сказаць, вырасла на вясковым малацэ. Летам у бабулі з дзядулем малая чакала карову з поля, трымаючы ў руцэ кубак. А Катрын толькі 9 месяцаў, таксама малако патрэбна. Калі бываюць лішкі, прадаюць аднавяскоўцам. Заказваюць таксама падапечныя Наталлі Анатольеўны, яна ж сацыяльны работнік цяпер. 
 Ва ўмелых руках справа спорыцца. Наталля Анатольеўна расказала пра цікавы выпадак: касіў гаспадар на сваім участку і знайшоў чацвярых маленькіх зайчанят. Дзікія жывёлы ў няволі рэдка выжываюць, а ў іх засталіся здаровымі. Гадавалі іх як звычайных трусоў, за лета выраслі тыя зайчаняты амаль па 3 кілаграмы. Гаспадыня любіць, каб птушкі на двары было шмат, таму акрамя курэй і качак завяла год назад індыкоў, ды не звычайных. Свацця з Беразіна ўхваліла кросаў-веліканаў БІГ-6, купіла там на базары птушанят і для Барысенкаў.
 – Клопату з імі прыбавілася, – дзеліцца Наталля Анатольеўна. – Вельмі цеплалюбівая парода. Пабудавалі ім з полікарбанату крыты загон, зімою беражом у самым цёплым закуце хлява, дзе суха і няма скразнякоў. Гэта самыя строгія ўмовы. А карміць іх не так і складана. Вядома, рацыён павінен быць разнастайны. Раніцай і днём даём мешанкі з кашы, мясных, малочных, рыбных астаткаў, вечарам – сухое зерне. Дарэчы, найбольш карысны для іх авёс. Перыядычна купляем спецыяльны камбікорм, у якім усё неабходнае сбалансавана. Улетку шмат паядаюць рознай зеляніны, гародніны. Чытала, што гэтыя кросы вырастаюць вагою па 25 кілаграмаў. Вынікі пераўзышлі мае чаканні: за сезон усе мае індыкі дасягнулі дадзенай лічбы, а самы вялікі мясам быў 32 кілаграмы. Таму пераканалася, справа гэта выгадная. Да таго ж індычынае мяса смачнейшае за курынае, дыетычнае і добра засвойваецца. Парачку пакінулі для развядзення. 
 На цяжкасці Барысенкі не скардзяцца. Зямлі ў іх цэлы гектар, па тры ўкосы бяруць штогод, гародніны ўдосталь назапашваюць. На развітанне зрабіла некалькі фотаздымкаў, на адным – індычыная пара ганарліва пахаджвае сярод іншай птушкі і штосьці звысоку выказвае на сваёй буркатлівай мове. 

Таццяна ІГНАЦЕНКА. 
Фота аўтара.
Сцяг Перамогі
Інтэрнэт-рэсурсы