Рус
Бел
Eng
Адрас: 211220, Віцебская вобласць, 
г.п. Лёзна, вул. Леніна, 79/2
Е-mail: info@lioznorik.by (для дзелавой перапіскі) 
обращения.бел - для зваротаў грамадзян і юр.асоб 
Тэлефон/факс: 8 (02138) 5-25-69, 5-22-61, 5-25-71 
 
ВКонтакте: Лиозненский райисполком 
Telegram: Лиозно. Официально
Мемарыяльны комплекс Адаменская горка Цэнтр Лёзна Памятны знак "Танк" Чыгуначны вакзал Лёзненскі ваенна-гістарычны музей
Мемарыяльны комплекс Адаменская горка

Навіны раёна

19 лютага 2019

«Люблю людзей, люблю сваё сяло»

Калі у 1978 годзе маладзенькая настаўніца, выпускніца Полацкага педвучылішча Дзіна Голубева (цяпер Багдановіч) упершыню дабіралася з Лёзна на месца работы ў Бабінавічы, дарога паказалася ёй вельмі доўгай. Праз акно аўтобуса дзівілася новым краявідам: на ўсім шляху бясконцы , здавалася, лес, на які не так багата яе малая радзіма на Шуміліншчыне. Прапанову загадчыка аддзела адукацыі І. Я. Зубава пайсці ў СШ № 1 гарпасёлка піянерважатай рашуча адхіліла, бо выкладанне ў пачатковых класах было для яе не толькі марай, а і абгрунтаваным выбарам, якому прысвяціла затым усё жыццё. На працягу педагагічнай дзейнасці лейтматывам гучалі радкі, пачутыя падчас вучобы:

 Усё часцей люблю дзяцей, 
Ячшэ ні ў чым не вінаватых. 
Яны за нас душой чысцей, 
Хоць часта бачу іх мурзатых.

 Менавіта непасрэднасць, адкрытасць маленькіх выхаванцаў падкуплівала, прыносіла задавальненне і давала штуршок наперад, да творчага развіцця. 

 – Калі сама была вучаніцай, – дзеліцца Дзіна Анатольеўна, – па ўсіх прадметах паспявала, можна сказаць, аднолькава – на “добра” і “выдатна”. Пачуццё мовы і любоў да прыгожага слова сфарміравалася пад уплывам цудоўных настаўнікаў, якіх мне пашчасціла мець. Беларускую мову і літаратуру вяла Марыя Трафімаўна Кароткіна. Яна, пэўна, ведала на памяць усе праграмныя творы, так шмат расказвала нам вершаў і празаічных урыўкаў. Віктар Аляксандравіч Гусакоўскі, які скончыў факультэт журналістыкі, быў у нашай вясковай школцы (Спаскай васьмігодцы) настаўнікам рускай славеснасці. Па сваёй незвычайнай методыцы вучыў пісаць сачыненні, складаць вершы. Закладзенае імі дало свой плён і пайшло са мной па жыцці. 

Тут, у Бабінавічах, Дзіна сустрэла сваё каханне, другую палавінку – Яўгена Валянцінавіча Багдановіча. Адметна тое, што яны аднагодкі і дні нараджэння адзначаюць перад Днём усіх закаханых. Ён 11-га, а яна 13 лютага. А пазнаёміліся 8 сакавіка 1979 года на танцах у вясковым клубе. І марак-падводнік тэрміновай службы, які прыехаў дадому ў водпуск, літаральна “патануў” у блакітных вачах-азёрах дзяўчыны. Затым было растанне і кожны дзень лісты з арміі, якія Дзіна Анатольеўна захавала да гэтай пары, прычым кожны пад асабістым нумарам , як памяць непаўторнай маладосці. У ліпені 1980 года, калі ў Маскве праходзіла знакамітая алімпіяда, маладыя гулялі вяселле. Іх шлюб, пабудаваны на каханні і ўзаемапавазе, вытрымаў ужо амаль чатыры дзясяткі гадоў. Сёлетні год для абодвух юбілейны – адзначылі 60-годдзе. Вырасцілі сына і дачку, дапамаглі ім атрымаць адукацыю. Старэйшы, Аляксандр, скончыў БНТУ і працуе ва ўпраўленні “Віцебскэнерга”. Вольга – медыцынскай сястрой у абласным кардыалагічным цэнтры. Падрастае маленькі ўнучок Глебка, нядаўна яму споўніўся годзік. 

Дзякуючы клопату і падтрымцы з боку мужа, жанчына мела магчымасць завочна атрымаць вышэйшую адукацыю, рэалізаваць сябе на працы, а яшчэ займацца творчасцю. Яна пісала і піша вершы. Тэматыка іх разнастайная: ваенна-патрыятычныя, філасофскія разважанні і лірыка. Творы Д.Багдановіч былі надрукаваны ў раённай газеце, змешчаны ў зборніках, выдадзеных райбібліятэкай. Аўтар – удзельніца фестывалю “Песні сунічных бароў” і міжнароднага паэтычнага конкурсу “Руднянские зори”. Піша ў асноўным па-беларуску, кажа, што пачуцці перадаюцца больш яскрава менавіта на роднай мове, ідуць з самай глыбіні душы. Пранікнёныя радкі, вынесеныя ў загаловак гэтага аповеду, належаць самой Дзіне Анатольеўне. Пражытыя гады зрабілі Бабінавічы родным кутком, дзе яна даўно ўжо свая, дзе ўсё знаёма і дорага сэрцу, дзе ў нялёгкі час выпрабаванняў ратавала праца, дзіцячыя ўсмешкі, людское спагадлівае слова.

 Мая суразмоўца кажа, што школьны музей дастаўся ёй выпадкова, банальна не хапала педнагрузкі. Затым прыкіпела сэрцам да гэтай справы і нібы прыняла эстафету ад яго заснавальніцы Г. А. Цімчанкі. Раней было зроблена вельмі шмат, і зараз нямала робіцца. Музей у 2015 годзе атрымаў званне народнага. Сёння ён уваходзіць у склад мясцовай бібліятэкі і размешчаны ў будынку сельскага Савета, што дае магчымасць існавання і далейшай дзейнасці. Кіраўнік музея бачыць, што гэта патрэбна людзям, і падумвае аб адказным і зацікаўленым пераемніку. 

Дзіна Анатольеўна супрацоўнічае не толькі з бібліятэкай, а і з Домам культуры, удзельнічае ў вакальным гурце “Весялухі”. У музеі і дома ў Д. А. Багдановіч – шматлікія ўзнагароды за педагагічную і грамадскую дзейнасць. Гэта ганаровыя граматы раённага , абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Была ўдастоена права быць дэлегатам 2 з’езда настаўнікаў Беларусі. Атрымала дыплом 2 ступені на выставе-конкурсе ў намінацыі “Я поведу тебя в музей” ад Міжнароднай асацыяцыі грамадска-пошукавых аб’яднанняў “Народная память о защитниках Отечества”(г. Москва). 

13 лютага Д. А. Багдановіч прымала віншаванні з юбілеем, у тым ліку і на працы. Калектыў “Весялухі”, работнікі сельвыканкама начале са старшынёю В. П. Маржаедавай арганізавалі для яе сапраўднае свята з кветкамі, песнямі, падарункамі, за што юбілярка папрасіла перадаць ім праз газету вялікі і шчыры дзякуй. 

Таццяна ІГНАЦЕНКА. Фота Фёдара ПАСТАЯЛКІНА.Сцяг Перамогі
Інтэрнэт-рэсурсы