Рус
Бел
Eng
Адрас: 211220, Віцебская вобласць, 
г.п. Лёзна, вул. Леніна, 79/2
Е-mail: info@lioznorik.by (для дзелавой перапіскі) 
обращения.бел - для зваротаў грамадзян і юр.асоб 
Тэлефон/факс: 8 (02138) 5-25-69, 5-22-61, 5-25-71 
 
ВКонтакте: Лиозненский райисполком 
Telegram: Лиозно. Официально
Памятны знак "Танк" Прырода Лёзненшчыны Цэнтр Лёзна Аўтастанцыя Лёзненскі ваенна-гістарычны музей
Памятны знак "Танк"

Навіны раёна

18 жніўня 2021

«Жыццё такое таропкае…»

 У вёсцы Вішні давялося пагутарыць з 81-гадовай Г.Я. Лабусавай. Ганна Якаўлеўна з’яўляецца адзінай жанчынай, якая захоўвае памяць пра мінулае населенага пункта, а ўсяго там засталося 6 пастаянных жыхароў. Размову вялі ва ўтульным кутку двара, дзе цянёк, вялікія арэлі на ланцугах, побач столік з разьбою. Непадалёк шашлычніца і печка пад чыгуны. Ля плоту стэлаж з посудам, бак для вады з кранам – сапраўдная летняя кухня. Далей ля гаспадарчых пабудоў трактар з самаробнымі прыладамі для апрацоўкі агарода. Ва ўсім адчуваецца парадак і вынаходлівасць гаспадароў, дакладней, сыноў Ганны Якаўлеўны, якія па выхадных, а то і часцей наведваюцца да бацькоў. Жанчына вырасціла і выхавала сямёра дзяцей. 
  З самага пачатку жыццё вучыла мяне самастойнасці, – кажа мая субяседніца. – У вайну была яшчэ зусім малая, якіх тры гадкі. У вёсцы нашай стаяў будаўнічы батальён немцаў. Сярод іх былі розныя людзі, некаторыя частавалі нас, дзяцей, цукрам, прыгаворваючы па-свойму “кіндэр”. Відаць, успаміналі пра сваіх. Забіралі, вядома, у вяскоўцаў прадукты, усё, што пападала ім на вочы. Маці наша Варвара Платонаўна старалася прыхаваць крыху малака, яек, каб мы не галадалі, асабліва перажывала за хваравітага малодшага Валодзю. Трымаючыся за матчын подал, а на руках у яе быў маленькі брацік, мы са старэйшым Ванем у натоўпе аднавяскоўцаў прайшлі няблізкі шлях да Багушэўска пад канвоем немцаў. Былі там, пакуль на Лёзненшчыне ішлі жорсткія баі. На шчасце, мы выжылі тады і пасля вызвалення вярнуліся ў Вішні, дзе засталося толькі тры двары. Астатнія хаты немцы разабралі на будаўніцтва сваіх бункераў, а штосьці і спалілі. Нашу сям’ю пасялілі ў бункеры. Жыць там можна было, але вельмі данімала засілле клапоў і блох. Ад іх густа сцялілі на падлогу явар. Бацька Якаў Лаўрэнцьевіч Голубеў ваяваў на фронце і вярнуўся да нас. Мужчыны-франтавікі арганізавалі будаўнічую брыгаду і пачалі аднаўляць вёску. 
 Аня скончыла мясцовую пачатковую школу. Затым маці адправіла яе ў Выдрэю да бабулі з дзядулем, каб дапамагала ім па гаспадарцы. Потым бабулі не стала і на плечы дзяўчынкі лёг увесь цяжар хатняй працы. Як дарослая, яна даіла карову, карміла свіней ды курэй, а потым ішла ў школу. Так скончыла Выдрэйскую сямігодку. Далей жыццёвы шлях пралёг у Віцебск. Там яна ўладкавалася ў дзіцячы садок няняю. Адначасова вучылася ў вячэрняй школе і атрымала поўную сярэднюю адукацыю. Да бацькоў у Вішні прыязджала часта. І замуж выйшла за аднавяскоўца Пятра Іванавіча Лабусава, які быў калгасным вадзіцелем. Нарадзіла сыночка Сяргея, затым дачушку Таццяну. Клопатаў прыбавілася яшчэ, калі захварэў свёкар і яго таксама трэба было даглядаць. Працаваць змагла пайсці праз пэўны час, рабіла паштальёнам. У 38 гадоў нарадзіла трэцяе дзіця – Дзмітрыя. Пасля дэкрэтнага стала працаваць цялятніцай, а затым прызначылі загадчыцай фермы. Раптоўна памёр муж – патануў, калі ладзіў з мужчынамі кладку на рацэ. 
  – Вось тады зразумела я прадказанне цыганкі ў самым яшчэ пачатку сямейнага жыцця, – прыгадала мая суразмоўца. – А тая гаварыла, што замуж я выйшла па каханні, але будзе другі муж і вялікая сям’я. Верылася – не верылася, але сталася менавіта так. У Восіпенкі да родных вярнуўся Іван Майсеевіч Сівіцкі ўдаўцом з чатырма сыночкамі – Валікам, Ванем, Віталікам і Пецем, якому споўнілася толькі чатыры гады. Сэрца пранізвала болем, калі праходзіла міма іх двара і бачыла вочы малых сіротак. Мой Дзіма здружыўся з Ванем, прыводзіў яго часта дадому. Бывала абодвух пасаджу за стол, накармлю. Так дзеці і звялі нас. Старэйшыя мае ўжо мелі свае сем’і. У Сяргея нарадзілася тады дачушка Света. Яны не пярэчылі майму рашэнню. 
 Для прыёмных хлопчыкаў Ганна Якаўлеўна стала сапраўднай мамаю, так называлі яе раней, завуць і цяпер. І Сяргей Пятровіч, дарэчы, вадзіцель нашай рэдакцыі, пацвярджае, што пачуццё братэрства, замацаванае здаўна, застанецца паміж імі цяпер назаўсёды. І бацькоўскі дом для ўсіх іх – святое месца, ціхая прыстань, дзе можна адпачыць душою і папрацаваць з асалодай. 
  – Усе мае хлопцы схільныя да тэхнікі, – адзначае маці. – Перанялі гэта ад сваіх татак, адзін быў шафёрам, другі трактарыстам. Сяргей у вольны час змайстраваў бульбасаджалку і бульбакапалку. Іван і Пётр – дальнабойшчыкі, жывуць у Віцебску, там жа дзе і Дзмітрый. А ён капітан, служыць у штабе віцебскай дэсантнай брыгады. Валянцін і Віталь абаснаваліся ў Восіпенках, працуюць у Бабінавіцкім лясніцтве, першы трактарыстам, другі вальшчыкам. Таццяна ўжо на заслужаным адпачынку, працавала ў Віцебску на мясакамбінаце. Часценька прыязджае з горада, дапамагае мне. 
  Ганна Якаўлеўна падзялілася, што нядаўна да яе завіталі журналісты з Мінска. Іх цікавіў ансамбль мясцовых музыкаў “Вішняры”, які грымеў у сямідзясятых не толькі ў раёне, але і ў вобласці, ездзілі выступаць і на рэспубліку. Аўтар ідэі і заснавальнік калектыву Міхаіл Траяноўскі. Захавалася фота музыкантаў, яно папала ў сямейны альбом таму, што родзіч Цімафей Іванавіч Лабусаў быў адным з самых актыўных удзельнікаў і проста майстрам на ўсе рукі. Ён абшываў на сваім зінгеры ўсіх сваякоў і знаёмых, майстраваў музычныя інструменты. Яго скрыпкі і цымбалы, на дзіва, гучалі не горш за фабрычныя. Сам быў заўзяты скрыпач-самавучка. Гэтым інструментам самастойна авалодалі таксама Рыгор Лабаноўскі і Уладзімір Баркоўскі. На цымбалах граў Пётр Лятоха, на бубне – Лявон Пятрыцкі і жонка Цімафея Матрона Лабусава. 
  – У той час, – кажа мая субяседніца, – гэтулькі народу ў вёсцы было, у сельскай гаспадарцы справы ішлі добра, шмат будавалася жылля, рос дастатак людзей. Радаваліся і святы адзначалі весела. Але ўсё паступова некуды знікла. Жыццё такое таропкае, вось і старасць надышла. Пажылыя людзі стараюцца як мага больш рухацца, даглядаюць курачак і казу-карміліцу. Затое заўсёды ёсць чым пачаставаць дарагіх сваіх гасцей – гэта дзеці, дзесяць унукаў і шэсць праўнукаў. 

Таццяна ІГНАЦЕНКА.
Сцяг Перамогі
Інтэрнэт-рэсурсы