Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лёзненскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Навіны раёна

18 чэрвеня 2020 года

У спадчыну атрымала школьны музей і карову

 Хатняя гаспадарка не можа быць нейкай перашкодай для рэалізацыі ў прафесіі ці творчасці. Так лічыць настаўніца Крынкаўскай СШ Н.В. Сударыкава. Наталля Васільеўна навучылася абыходжанню з жывёлай у дзяцінстве ад бацькоў – Васіля Андрэевіча і Ліліі Іосіфаўны Алёшкіных. У сям’і акрамя яе раслі яшчэ Міхаіл і Вольга. Усе яны старанна вучыліся ў школе. І дома ў кожнага былі пасільныя абавязкі па гаспадарцы. Брат быў следчым, мае званне палкоўніка юстыцыі, зараз на заслужаным адпачынку. Сястра скончыла школу з залатым медалём, стала педагогам і працуе выхавацелем у дзіцячым садку. Бацька працаваў вадзіцелем, затым загадчыкам гаража ў мясцовым племзаводзе «Крынкі», а маці выкладала беларускую мову і літаратуру ў школе. Менавіта па слядах Ліліі Іосіфаўны і пайшла Наталля.  
 – Мама была для мяне прыкладам ва ўсім, – успамінае мая субяседніца. – Сама яна родам з Беразіно, зацікавілася гісторыяй Лёзненшчыны, стварыла ў школе музей знакамітага пісьменніка-земляка Міхася Ціханавіча Лынькова. На маёй памяці падзеі, калі збіраліся матэрыялы для музея, ствараўся помнік пісьменніку і быў устаноўлены каля школы, як у Крынкі прыязджалі і гутарылі з маёй маці жонка Лынькова Соф’я Захараўна і яго сястра Пелагея Ціханаўна. Пасля 10 класаў Наталля працавала ў роднай школе піянерважатай, завочна вучылася на філалагічным факультэце Віцебскага педінстытута. Вельмі ўдзячна за падтрымку ў тыя гады загадчыку раённага аддзела адукацыі І.Я. Зубаву, супрацоўнікам Дома піянераў Т.Д. Дзядковай і Л.І. Бондаравай. Яна, як і маці, стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Крыху прыйшлося працаваць у Асіпоўскай васьмігодцы, затым зноў перавялася ў Крынкі. І тут працуе ўжо больш як 40 гадоў.  
 – Так склалася, што ад маці атрымала ў спадчыну школьны музей, а ад бацькі – карову, – гаворыць жанчына. – Так увесь час і трымаю карміліцу. Дзеці Алёна і Дзмітрый выраслі, трэба было дапамагаць ім, калі вучыліся, выручала капейка ад здадзенага малака. Было часам і па дзве каровы.
 Зараз на падворку чорна-белая паважная рагуля Масяня. Ад яе гадуецца цёлачка Зорка. Гаспадыня мяркуе, калі назапасіць дастаткова сена, будзе яшчэ адна кароўка. Галоўным памочнік маці Дзмітрый. Пасля заканчэння сяльгасакадэміі ў Горках уладкаваўся на працу ў Віцебску інжынерам-землеўпарадчыкам у гіпраземе. Зараз ён праходзіць абавязковую службу ва ўнутраных войсках. Жыве ў Крынках цяпер дачка, падрасла ўжо ўнучка Саша. Таксама дапамагаюць сястра Вольга з мужам Васілём, суседзі Пінчукі. Выручае былы выпускнік Пётр Прыгожы, у якога ёсць конь. Калі трэба агарод узараць, сена прывезці – гэта да яго, не адкажа. 
 – Добра, што водпуск летам, акурат сена сушыць, – гаворыць гаспадыня. – Карова – гэта, бадай, адзіная жывёла, якая поўнасцю апраўдвае ўсе намаганні, корміць сям’ю, застаюцца і лішкі, якія скупляюць аднавяскоўцы. Ёсць пастаянныя пакупнікі. Акрамя малака раблю на продаж і тварог. 
 У гаспадарцы сёння акрамя буйной рагатай жывёлы 15 курачак, аўчарка, такса і котка. Каля дома сапраўднае кветкавае царства. Гэта хобі Наталлі Васільеўны. Яна прызнаецца, што можа не купіць штосьці з адзення, але набыць нейкую новую прыгажуню для свайго палісадніка, у якім каля сотні сартоў лілей, з дзясятак хостаў, ірысаў, шмат ружаў, гартэнзій. Аднадумца яе ў справе кветкаводства сяброўка Вера Міхайлаўна Красненка.
 Плённа працуе Наталля Васільеўна як настаўнік. Рэалізуе творчыя планы ў рабоце з вучнямі, рыхтуе іх да ўдзелу ў конкурсах. Сёлета вучаніца 9 класа Сафія Смолікава пад яе кіраўніцтвам удзельнічала ў завочным этапе абласных краязнаўчых чытанняў “Невядомае вядомае: гісторыя ў асобах”. Тэма была прысвечана мастаку Леаніду Шакінка, які нарадзіўся ў вёсцы Старына Лёзненскага раёна. Дарэчы, адтуль родам і бацька Наталлі Васільеўны. Вёскі ўжо не існуе, таму прыйшлося шмат папрацаваць у абласным архіве. З унучкай Аляксандрай Брэшчанка ўдзельнічаюць у конкурсах рознага кшталту, звязаных з маляваннем і напісаннем аповедаў. Саша стала пераможцай конкурсу “Ратаўнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Апавяданне”. Творчых задумак у Н. В. Сударыкавай яшчэ шмат. А фізічная праца, па яе словах, нішто іншае, як своеасаблівы адпачынак, крыніца жыццёвай энергіі. 

 Таццяна ІГНАЦЕНКА.
Сцяг Перамогі
Вернуться