Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лёзненскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Навіны раёна

14 верасня 2020 года

З душой, адкрытай да людзей

 Не ў крыўду будзе сказана сённяшнім работнікам паштовай сувязі, у параўнальна недалёкім мінулым роля паштальёна ў вясковым жыцці была намнога больш значнай. Яго сапраўды чакалі ў кожным доме, дзяліліся навінамі, звярталіся па дапамогу і бачыліся амаль штодня. Карацей, гэта быў, без перабольшання, свой чалавек
 Менавіта з такім паштальёнам мне нядаўна давялося пагутарыць. Гэта М.М. Кулагіна, якая жыве ў Альхавіку. У мінулую сераду, 9 верасня, Мільда Мікалаеўна адзначыла 71-ы дзень нараджэння. Такое незвычайнае і мілагучнае імя атрымала ад бацькоў – Мікалая Паўлавіча і Варвары Антонаўны Васілеўскіх. Вырасла ў вёсцы Ацкавая. Бацька працаваў вартаўніком на чыгунцы, маці паляводам у мясцовай гаспадарцы. Спачатку старэйшая сястра Людміла стала паштальёнам у Ацкавой. Мільда ж пасля заканчэння васьмі класаў паспрабавала вырвацца ў горад і атрымаць там пашпарт. Але, прабыўшы некаторы час у Наваполацку ў няньках, вярнулася дадому, уладкавалася ў Лёзне на кансервава-гароднінасушыльны завод. Праз паўгода замяніла сястру, якая выйшла замуж, з’ехала з вёскі, і пачала абслугоўваць землякоў.  
 З цяжка нагружанай сумкаю праз плячо крочыла дзяўчына па бальшаку, лясных сцежках ад вёскі да вёскі. Вадзіцель малакавоза Аляксей Кулагін не раз падвозіў яе на гэтым шляху. Іх знаёмства перарасло ў каханне, а затым маладыя ўтварылі сям’ю. Жыць сталі на радзіме Аляксея Аляксандравіча ў Альхавіку, дзе жанчына таксама працавала паштальёнам. За карэспандэнцыяй дабіралася ў гарпасёлак. Адтуль несла цэлых дзве сумкі: адну з паштоўкамі, лістамі, газетамі, часопісамі, другую з таварамі.
 – Нам даводзіліся планы па продажу канцылярскіх прыналежнасцей і прадуктаў, – успамінае мая суразмоўца. – Я старалася іх выканаць, нават перавыконвала. Даставалася гэта нялёгка. З грашыма трэба было быць вельмі ўважлівай, каб не памыліцца, баялася сустрэць па дарозе якога ліхога чалавека. Усе ж пенсіі атрымлівалі тады праз пошту, шмат было пераводаў, бандэролей. А якую падпіску рабілі людзі! Па некалькі газет, часопісы для дзяцей і дарослых. Часта яшчэ прасілі мяне купіць штосьці неабходнае ў Лёзне, ніколі не адмаўляла. Крыху палягчэла, калі адкрылі аддзяленне ў Адаменках, бліжэй стала хадзіць. Трэба сказаць, шмат чыталі ў той час. На прыкладзе сваёй сям’і магу сцвярджаць. Муж, калі атрымаў інваліднасць, не толькі перыёдыку прачытваў, а літаральна паглынаў мастацкую літаратуру. Прасіў і прасіў мяне прыносіць кнігі з бібліятэкі. Я таксама захапілася чытаннем. Асабліва на ваенную тэму чыталі, затым абмяркоўвалі. І зараз у вольную хвіліну бяру ў рукі кнігу. Здавалася б, занятасць была вялікая на працы і дома: у гаспадарцы карова, свінні, авечкі – усё было, і на ўсё хапала часу.  
 Сапраўды, працавала М.М. Кулагіна з аганьком. Не раз станавілася пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва, была брыгадзірам паштальёнаў. У 1974 годзе ёй прысвоілі званне “Лепшы па прафесіі”. Добрыя адносіны з людзьмі, аднавяскоўцамі дапамаглі Мільдзе Мікалаеўне перажыць страту – 13 гадоў таму памёр муж. Знаёмыя, сябры ніколі не пакідалі ў бядзе. З Аляксандрай Уладзіміраўнай Казловай, напрыклад, сябруюць ужо на працягу 50 гадоў. Заўсёды ёсць аб чым пагаварыць і са старэйшынай вёскі Дыянай Дзмітрыеўнай Барынкінай. У мінулым годзе, кажа, сабраліся і самі арганізавалі свята вёскі.
  – Наогул, без якой-небудзь справы не ўяўляю сабе жыцця, – дзеліцца Мільда Мікалаеўна. – Кароўку збыла два гады назад, дык адразу купіла козачку. Ёсць яшчэ авечкі, куры. Вырабляю на самапрадцы ніткі з дамашняй шэрсці. Раней вазіла часаць воўну ў Бешанковічы, цяпер адказалася, бо далёка і вельмі затратна атрымліваецца. Са старых запасаў вяжу рукавічкі, шкарпэткі, раблю сваімі рукамі цёплыя падарункі для родных і сяброў. І гэта так прыемна! Калі бывае добры ўраджай, з задавальненнем дзялюся вырашчанай гароднінай. Саджу яшчэ ўсяго з запасам. Дапамагаюць, вядома, дачка Ала і ўнук Максім. Яны жывуць у Віцебску, да мяне наведваюцца часта. Дачушка працуе пазменна, дык і два разы на тыдзень можа прыехаць. Увагай і клопатам я не абдзелена. Люблю і чакаю іх заўсёды.  
 У Альхавіку жыве і пляменніца Мільды Мікалаеўны Ніна Міхайлаўна Новікава. Цётка рада дапамагчы ёй чым можа, напрыклад, прыгледзіць за яе каровай днём, калі сама гаспадыня на рабоце.  
 У вёску цяпер два дні на тыдзень ходзіць рэйсавы аўтобус з гарпасёлка, патрэбы жыхароў абслугоўвае аўтамагазін і паштовая машына. Мільда Мікалаеўна па старой звычцы прапануе сваю дапамогу: бярэ частку газет і разносіць па сваёй вуліцы. Гэта дае адчуванне, нібы тыя паўтара дзясятка гадоў, як яна на заслужаным адпачынку, адступаюць. Надае сіл і вера. У праваслаўныя святы жанчына абавязкова стараецца пабыць у царкве. Наведвае храм Уздвіжання Крыжа Гасподня ў Лёзне, куды звычайна яе падвозіць сын суседкі Тамары Лявонаўны Лабзовай Мікалай. Так і жыве ў згодзе з іншымі, з адкрытай да людзей душою.

Таццяна Ігнаценка.
Сцяг Перамогі
Вернуться