Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Лиозненский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района

Новости района

25 февраля 2022 года

Каб радзіла ў Беларусі бульба. 
Да 115-годдзя з дня нараджэння Пятра Альсміка

 Да юбілею нашага славутага земляка прапаноўваем увазе чытачоў артыкул былога кіраўніка Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея Ларысы Бараноўскай, змешчаны ў «раёнцы» у 1995 годзе. 
  Хто з нас, беларусаў, не любіць бульбу, наш другі хлеб? Нездарма яе называюць менавiтa так, бо ва ўсе часіны бульбяныя клубні былі добрай падмогай для гаспадынь, займалі адно з галоўных месц на абедзенным стале. Колькі разнастайных і апетытных страў можна прыгатаваць з бульбы! 3 ёй лягчэй перажыць самыя нялёгкія i неўраджайныя гады. Ды i гаспадарку нельга трымаць без агарода. 
  Бульба па-ранейшаму застаецца адной з галоўных кармавых i тэхнічных культур. Таму яе вырошчванню ўдзяляецца пастаянная i неаслабная ўвага з боку селекцыянераў усяго свету. Асаблівае значэнне мае гэтая культура i ў дзейнасці беларускіх вучоных, якія стварылі i ствараюць лепшыя ў свеце гатункі нашага другога беларускага хлеба. 
  А нам, лёзненцам, заўседы прыемна ўспамінаць пра тое, што сярод вучоных-селекцыянераў адно з вядучых месц займае наш зямляк, беларускі селекцыянер-бульбавод, акадэмік АН БССР i УАСГНIЛ, доктар сельскагаспадарчых навук, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, Герой Сацыялістычнай Працы Пётр Iванавіч Альсмік. 
  Нарадзіўся Пётр Альсмік у 1907 годзе ў вёсцы Выдрэя Лёзненскага раёна. Займацца селекцыяй бульбы ён пачаў яшчэ будучы студэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, якую скончыў у 1929 годзе, дзе i ўпадобіў гэтую культуру. Працаваў на Навазыбкаўскай сельскагаспадарчай доследнай станцыі. Hi разу не змяніў галоўнай мэце свайго жыцця, нават у Вялікую Айчынную вайну, якая адарвала яго ад любімай справы, прымусіла ў якасці народнага мсціўцы – партызана і ўдзельніка Мінскага падполля ўзяць у рукі зброю, пайсці абараняць сваю Радзіму ад лютага ворага. Побач з баявымі заданнямі Пётр Iванавіч атрымаў яшчэ i асобнае, надзвычай важнае для краіны – зберагчы ўвесь селекцыйны матэрыял, пад носам у гітлераўцаў вывезцi тое, што імі надзейна ахоўвалася. Дзякуючы яго мужнасці і адвазе было захавана звыш ста ўзораў насення (ад 50 грамaў да 8 кілаграмаў). 
  3 ліпеня 1944 года П.I. Альсмік – навуковы супрацоўнік, спачатку загадчык групы селекцыі і насенняводства бульбы, а затым i лабараторыі, намеснік дырэктара Беларускай селекцыйнай станцыі па навуковай рабоце. А з 1956 года i да канца свайго жыцця Пётр Iванавіч працаваў загадчыкам аддзела селекцыі i насенняводства бульбы Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства i плодаагароднінаводства. 
  Яшчэ ў 1953 годзе пры абароне кандыдацкай дысертацыі яму была прысвоена ступень доктара сельскагаспадарчых навук, а ў 1966 годзе ён быў выбраны сапраўдным членам Акадэмі навук Беларускай ССР. 
  Менавіта ў гэтым жа годзе наш зямляк атрымаў высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Пётр Іванавіч Альсмік двойчы – у 1951-м i ў 1974-м гадах – удастойваўся звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі і абодва разы перадаваў атрыманыя грошы ў Фонд міру. Яго навуковыя даследаванні ў галіне селекцыі і насенняводства бульбы, якім П.I. Альсмік аддаў каля 60 гадоў свайго жыцця, маюць неацэннае значэнне. Менавіта ім была распрацавана ўнікальная методыка селекцыі “другога хлеба”, якая дазваляе ўстанаўліваць прагнозы паводзін новых гатункаў ў розных умовах, ствараць спрыяльныя рэжымы іх вырошчвання. 
  П.I. Альсмік вывеў больш 10 найкаштоўнейшых, высокаўраджайных, з добрымі смакавымі якасцямі i вялікай (да 26 процэнтаў) колькасцю крухмалу гатункаў бульбы. Сярод ix – «лошацкая», «тэмп», «разварыстая», «беларуская крухмалістая». Менaвітa пад яго кіраўніцтвам селекцыянеры атрымалі і іншыя высокапрадуктыўныя гатункі гэтай культуры – «агранамічная», «зазерская», «хуткаспелка-2», «вярба» і шэраг іншых. Прыступка за прыступкай ішоў Пётр Iванавіч да пастаўленай мэты. Было шмат бяссонных начэй і няўдач. Былі і рэдкія знаходкі, ён з’яўляецца аўтарам многіх друкаваных работ па пытаннях селекцыі і насенняводства бульбы, якіх выйшла ў свет звыш паўсотні. Гэта «Лепшыя гатункі бульбы для БССР» (1948 г.), «Бульба» (1952 г.), «Метады і вынікі селекцыі бульбы на павышанае ўтрыманне сухіх рэчываў»(1966 г.), «Селекцыя бульбы ў Беларусі» (1949 г.) і інш. Жыццё вучонага было надзвычай змястоўным і насычаным. 
  Таму невыпадкова нам вельмі захацелася пабываць у тых мясцінах, дзе жыў і працаваў наш выдатны зямляк. I вось мы пад’язджаем да вёскі Самахвалавічы, што пад Мінскам, дзе знаходзіцца Беларускі інстытут бульбаводства. Тут жывуць яго супрацоўнікі. На жаль, Пятра Iванавіча ўжо няма ў жывых. Але з якой цеплынёй і ўдзячнасцю гавораць пра яго былыя калегі, таварышы па рабоце! Як высока ацэньваюць яго не толькі як таленавітага вучонага, але i як простага, вельмі сціплага чалавека, уважлівага i клапатлівага ў адносінах да сваіх супрацоўнікаў! Працаваць з ім было адначасова і лёгка, і цікава. Пётр Іванавіч быў вялікім эрудытам. Добра валодаў пачуццем гумару. Умеў «загарацца» ідэяй i зацікаўліваць ёю іншых. А галоўнае – ён заўседы прыходзіў на дапамогу тым, хто адчуваў у гэтым патрэбу. Як кіраунік П.I. Альсмік умеў паважліва ставіцца да методыкі работы кожнага з падначаленых, накіроўваў ix пошук у патрэбнае рэчышча. 
  Пашчасціла нам пабываць і ў кватэры вучонага-селекцыянера, пасядзець за яго рабочым сталом у сціплым маленькім кабінеце. Тут, на стале, стаіць партрэт Пятра Іванавіча, побач – вельмі просценькі пластмасавы чарнільны прыбор, ляжаць ручкі, якімі ён пісаў i шмат-шмат алоўкаў. Карыстацца імі вучоны асабліва любіў. А вось каробачка з акулярамі. І кнігі… Цэлае мора кніг у шафах. Адна з ix да самага верху напоўнена прывітальнымі адрасамі гаспадару дома, што прыйшлі з многіх краін свету, бо ў Самахвалавічы прыязджалі і прыязджаюць на стажыроўку спецыялісты з Польшчы, Германіі, Балгарыі i іншых краін. Частымі гасцямі бываюць тут дэлегацыі з Фінляндыі, Англіі, Францыі, Японіі і Мексікі. Замежныя сябры вельмі ўдзячныя за веды, атрыманыя ад беларускіх калег. Як многа падзячных пісем захоўвае архіў Пятра Iванавіча! Ёсць тут і дакументы аб прысуджэнні яму трох залатых і двух срэбраных медалёў Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі, пасведчанні на ордэн Леніна, тры ордэны Працоўнага Чырвонага сцяга, медалі «За доблесную працу», вялікая колькасць грамат. 
  Чытаем характарыстыкі на П.I. Альсміка. Знаёмімся з аўтарскімі пасведчаннямі, фотаздымкамі розных гадоў. Частку фотаздымкаў, прывітальных адрасоў, а таксама аўтабіяграфію, напісаную ўласнай рукой вучонага, і некаторыя яго асабістыя рэчы разам з цудоўнай кнігай – энцыклапедыяй пад назвай «Бульба» – падарыла нашаму музею адна з бліжэйшых супрацоўніц вядомага селекцыянера Валянціна Iванаўна Сафонава. 
  Менавіта разам з гэтай жанчынай мы наведалі магілу нашага славутага земляка, імя якога ведаюць далёка за межамі рэспублікі, аддалі даніну глыбокай павагі. Сапраўды, такімі людзьмі могуць ганарыцца суайчыннікі і нашчадкі, яны складаюць залаты фонд нацыі.
"Сцяг Перамогі"
Вернуться