Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Лиозненский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района

Новости района

7 октября 2019 года

Мова родная ў сэрцах гучыць

 Шмат гадоў прысвяцілі педагагічнай дзейнасці сёстры Манойла, якія выкладалі беларускую мову і літаратуру ў школах гарпасёлка і раёна.  
 – Любоў да роднага слова была закладзена ў нас яшчэ задоўга да таго, як пачалі чытаць, – кажа старэйшая, Раіса Барысаўна. – Таму што нарадзіліся на Гомельшчыне, дзе па-беларуску гавораць больш, чым ва ўсходніх рэгіёнах. І бацькі нашы, Барыс Ігнатавіч і Ганна Сцяпанаўна, размаўлялі на роднай мове. Любімая матуліна песня – “Ручнікі”. Звычайная сялянская сям’я. Татка працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады, мама у паляводстве. Нягледзячы на тое, што яны мелі толькі пачатковую адукацыю, газета, часопіс, кніга ў доме былі ў пашане. Ніколі не шкадавалі грошай на перыёдыку і мастацкую літаратуру, што стала прыкладам і для нас з Валяй. 
 Раслі Раіса і Валянціна ў вёсцы Залессе Брагінскага раёна, вучыліся ў суседняй Калыбані, дзе была сярэдняя школа. Займаліся ўвесь час на “выдатна” і “добра”, былі актывісткамі, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці і вельмі любілі чытаць. У 8 класе Рая спрабавала ўжо пісаць вершы, чытала іх на школьных вечарах. Вялікі ўплыў на выбар ёю прафесіі зрабіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Раіса Фадзееўна. Таму пасля дзесяцігодкі адразу паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут імя Крупскай на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта.  
 Для Валянціны старэйшая на 3 гады сястра была ўзорам, і калі тая прыязджала дадому, з захапленнем слухала яе аповеды пра студэнцкае жыццё, творчае асяроддзе, чытала прывезеную ёю беларускую літаратуру. Кажа, што тады, пазнаёміўшыся з творамі Уладзіміра Караткевіча і іншых аўтараў, адкрыла для сябе гісторыю Беларусі. Цікавілася ўсім гэтым, а бацькі хацелі, каб другая дачка ішла ў іншую прафесію. Падала дакументы спачатку ў Слуцкі тэхнікум на майстра-сырароба. Там жа ў прыёмнай камісіі, паглядзеўшы на яе атэстат, параілі спрабаваць паступаць у вну. Так і зрабіла. Паехала ў Мазыр у педінстытут, але на першы раз не прайшла па конкурсе. Вярнулася дадому, уладкавалася ў дзіцячы садок, вырашыла рыхтавацца да паступлення. Працуючы, адчула самастойнасць, матэрыяльную незалежнасць. Упэўнена на наступны год паступіла на філалагічны факультэт, на тую ж спецыяльнасць, што і сястра. Калі перайшла на 3 курс, перавялі настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, працавала ў школах Брагінскага раёна. У той час Раіса Барысаўна пасля заканчэння педінстытута па накіраванні прыбыла ў Лёзненскі раён. У СШ №1 было вакантнае месца, і маладой настаўніцы даверылі там выкладанне.  
 – Школа займала тады стары будынак, – успамінае мая субяседніца. – Займаліся ў дзве змены. Адміністрацыя, настаўнікі сустрэлі мяне вельмі дабразычліва, акружылі ўвагай і клопатам. Побач былі такія вопытныя спецыялісты-мовазнаўцы як Ніна Піліпаўна Дзівакова, Галіна Пятроўна Сухаруцкая, з якімі прыемна было працаваць, важна была іх падтрымка. Радаваліся, калі перайшлі ў новы будынак. Актыўную, маладую настаўніцу заўважылі і прапанавалі ёй месца інструктара ў райвыканкаме. Працавала там 2 гады, затым вярнулася ў школу, цяпер ужо ў СШ №2, з якой звязаны працяглы перыяд дзейнасці ў якасці настаўніка, намесніка па вучэбнай рабоце, дырэктара школы. 
 Р. Б. Манойла ўжо займела сям’ю, нарадзіла двух сыноў, калі па волі лёсу ў 1987 годзе ў Лёзна прыехала і сястра. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Брагіншчына падлягала высяленню. Валянціне Барысаўне знайшлося месца на падмене дэкрэтнага водпуска ў СШ №1 гарпасёлка, затым перайшла ў школу да сястры. З цягам часу ўзначаліла метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы раёна. Па словах Валянціны Барысаўны, заўсёды намагалася данесці сваім вучням, што мова беларуская не горшая за іншыя, а наадварот – адна з прыгажэйшых, і смяяцца з яе можа толькі той, хто не спазнаў яе. І калі перакананні не былі марнымі, вучні выбіралі мову для ўступных экзаменаў і паспяхова іх вытрымлівалі, радасці настаўніцы не было межаў.  
 Старанная праца сясцёр-педагогаў адзначана ганаровымі граматамі раённага, абласнога ўзроўняў, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Раіса Барысаўна мае яшчэ ўзнагароду – нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”.  
 Разам яны працавалі ў СШ №2 да выхаду на заслужаны адпачынак. Пасля яшчэ іх запрашалі настаўнічаць ў Кавалі, Пушкі. Раіса Барысаўна супрацоўнічала таксама карэктарам у нашай райгазеце. Больш як 10 гадоў і да нядаўняга часу яна была ўдзельніцай народнага калектыву народнай песні “Пушкоўскія спявачкі”. Зараз сямейныя клопаты сталі галоўнай справай . Шмат гадоў пражываюць разам з маці, якой споўнілася 84 гады і патрэбен догляд. Падрастаюць чацвёра ўнукаў. Яны частыя госці ў бабулі. Валянціна Барысаўна таксама ўдзяляе ім нямала ўвагі. Вядома, калі не адсутнічае дома, таму што ў яе паявілася хобі – вандраваць. Карыстаючыся магчымасцю заслужанага адпачынку, апошнім часам аб’ездзіла амаль усю Еўропу. 
 Адукаванасць, уменне валодаць словам, чалавечая спагадлівасць – адметныя рысы гэтых педагогаў.

 Таццяна ІГНАЦЕНКА. Сцяг перамогі
Вернуться