Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Лиозненский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района

Новости района

24 декабря 2020 года

З Божым Нараджэннем і надыходзячым Новым 2021 годам!

 “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялiкую радасць: нарадзiўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан” 
 з Евангелля паводле святога Лукі 2, 10-11 
 Гэтымi словамi, з якiмi Анёл звярнуўся да пастушкоў, ад усяго сэрца вiтаю ўсіх ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. Словы гэтыя адлюстроўваюць асноўны сэнс сённяшняга свята, бо абяцаны Богам Айцом яшчэ нашым прабацькам Адаму і Еве, прадказаны прарокамі, доўгачаканы Збаўца нарэшце прыйшоў у гэты свет — прыйшоў у вобразе звычайнага чалавека. 
 Доўгiя тысячагоддзi чалавецтва чакала Месію, якi змог бы адказаць на пытаннi, што яго хвалявалі. Сённяшняя ноч Божага Нараджэння сведчыць пра тое, што ўжо больш не трэба чакаць. Да нас прыйшоў сам Бог; прыйшоў, каб дапамагчы загубленаму ў гэтым свеце чалавеку знайсцi Яго i зразумець самога сябе. Ён, якi iснуе спрадвеку, прыйшоў у гэты свет у канкрэтную пару, калi, як гаворыць святы Апостал Павел, надышла паўната часу (Гал 4, 4). Ён, Якога не можа агарнуць увесь Космас, нарадзiўся ў канкрэтным месцы — у невялічкім мястэчку Бэтлееме. Ён, бясконца вялiкi, стаўся маленькiм бездаможным немаўляткам, каб нас зрабіць вялiкiмi. Ён сышоў з неба на нашую зямлю, каб нас узнесцi на нябёсы. Ён стаўся падобным да людзей (Флп 2, 7), каб мы, абагаўляючыся Божаю ласкаю, прыпадобнiлiся да Яго. Ён уцелавiўся, прыняў вобраз нашага падданага цярпенню цела, каб узяць на Сябе нашыя цяжкасцi (Мц 8, 17; Гал 6, 2) i такім чынам аблегчыць iх. 
 Ад усяго сэрца вiншую Вас, браты i сёстры, а таксама ўсiх людзей добрай волi з урачыстасцю Нараджэння Пана!  
 Ад усяго сэрца жадаю ўсім Вам сапраўднай радасці Божага Нараджэння. Няхай Новы 2021 год прынясе Вам i Вашым сем’ям толькі самыя добрыя навіны. Упэўнена крочце за Бэтлеемскай зоркай, каб яна дапамагла адшукаць Збаўцу i з новай моцай прысвяціць сябе Яму, даверыць усе радасці i трывогі, надзеі i чаканні. Хай Божае Дзіця выпраменьвае святло, якое ўкажа сапраўдны шлях да праўды, любові i супакою. 
 Вiншую таксама вернікаў іншых хрысцiянскiх канфесiй, асаблiва Праваслаўных братоў і сясцёр. Езус прыйшоў да ўсiх людзей, i ўсе мы, хоць i належым да розных хрысцiянскiх супольнасцяў, верым у аднаго Збаўцу, якi нарадзiўся з Дзевы Марыi ў Бэтлееме, і вызнаем тую самую веру ў Богаўцелаўленне. Наша супольнае iмя — хрысцiянiн — паходзiць ад Хрыста — нашага Збаўцы. Таму i наша вера і радасць — супольныя.Перад небяспечнымi выклiкамi сучаснасцi мы яшчэ мацней павінны з’яднацца ў супольным вызнаннi нашай веры, каб своечасова i годна на iх адказаць i тым самым будаваць нашу будучыню на каштоўнасцях Евангелля.  
 Жадаю Вам радасцi ў нованароджаным Хрысце Збаўцы! Няхай Ён сваёю ласкаю заўсёды нараджаецца ў нашых сэрцах. Не трэба баяцца, бо сёння нарадзiўся нам Збаўца (Лк 2, 11), які ёсць Бог з намi (Мц 1, 23) — наша радасць, надзея i збаўленне! З Божым Нараджэннем і надыходзячым Новым 2021 годам!  

Ксёндз Аляксей Ляшко, пробашч Парафіі святога айца Піо ў Лёзна.
Вернуться