Навіны раёна
23 верасня 2021 года
Багатыя на гісторыю Крынкі
Адкрыліся вучням СШ № 1 г.п. Лёзна падчас экскурсіі выхаднога дня. шэсць гадзін праляцелі ў аграгарадку як імгненне Зараз школа – гэта не толькі вучоба ці адукацыя. І педагагічны калектыў сярэдняй школы № 1 крочыць у нагу з часам. Вучні маюць велікі выбар пазаўрочных мерапрыемстваў,накіраваных на развіццё спартыўных і творчых здольнасцей, арганізуюцца прафарыентаваныя паездкі і экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі… Усяго і не пералічыць. Таксама вялікая ўвага надаецца выхаванню сапраўднага патрыятызму і вывучэнню гісторыі нашай Радзімы.
Для гэтага не абавязкова далёка ехаць. Важна і неабходна ведаць гісторыю сваёй малой радзімы. Так, 11 верасня вучні 8 «Б» класа з класным кіраўніком вырашылі наведаць Крынкі. І не пашкадавалі. Загадзя з жыхарамі, зацікаўленымі гісторыяй сваей малой радзімы, мы склалі веламаршрут па знакавых мясцінах. Цёплае надвор’е спрыяла нашым планам, i роўна ў 11.21 цягнік Завольша – Віцебск адправіўся ад станцыі Лёзна. Ехалi мы па гістарычнай Рыга-Арлоўскай чыгунцы, будаўніцтва якой пачалося ў 1858 годзе, а лiнiя Віцебск – Арол звязала Крынкi i Лёзна ў 1868 годзе. Усяго 27 хвілін у дарозе – i мы сышлі на добраўпарадкаванай станцыi Крынкi. Дзецi ўзялі з сабой веласіпеды, бо агульная працягласць маршруту прадугледжвае 7 км шляху. Па цэнтральнай вуліцы iмя Героя Савецкага Саюза Р. А. Дуброўскага мы рушылi ў напрамку школы. Прайшлi мiма невялічкай царквы Божай Мацi Iверскай, якая была пераабсталявана з былога магазіна i пачала дзейнічаць у 1997 годзе. Непадалёк сфатаграфаваліся ля стэлы цялятнiцы з цялём – сiмвалам былой велічы племзавода «Крынкi», які ў савецкія часы спецыялізаваўся на развядзеннi буйнога рагатага ската швiцкай пароды.
Па адрасу вуліца Школьная, 110-а размяшчаецца трохпавярховы будынак сярэдняй школы, ля якой устаноўлены бюст Мiхасю Лынькову. Мы наведалі музей, прысвечаны народнаму пiсьменнiку. Яго стварыла былая настаўніца Лiлiя Iосiфаўна Алёшкiна. Экскурсiю правяла яе дачка, настаўніца беларускай мовы i літаратуры Наталля Васільеўна Сударыкава. Сярод шматлікіх экспанатаў – фотаздымкi, кнiгi, асабістыя рэчы пiсьменнiка, макет чыгуначнай будкі, дзе жыла сям’я Лыньковых. Ёсць асобны куток, прысвечаны паэту Давіду Сімановiчу, бо менавіта ў гэтай школе ён як малады настаўнік пачынаў педагагічную дзейнасць.
Паколькi большасць турыстаў складалi хлопчыкi, то можна зразумець iх цiкавасць да музея баявой славы, якім кіруе Васіль Аляксандравіч Купчонак. З мастацкім густам аформленыя экспазіцыi, адна з якой прысвечана Герою Савецкага Саюза Марыi Акцябрскай, медалi, нямецкія лiстоўкi, люк танка Т-34 i мноства iншых розных экспанатаў часоў вайны выклікалi ў наведвальнікаў непадробную цiкавасць.
Наступная прыгода чакала нас на вуліцы, а менавіта конныя прагулкі верхам на прыгажунi Багетцы. Кабыла з’явілася ў аграгарадку 15 красавіка 2021 года ў рамках праекта коннага клуба «Дэйзi», які рэалізуецца на базе КУСП «Крынкi», а сваю назву атрымаў у гонар понi з колішняй панскай канюшнi. Арганізатарам конных прагулак з’яўляецца малады спецыяліст, ветурач Марына Віктараўна Курашова, якая з дзяцінства захапляецца конным спортам, супрацоўнічае з прыватнымi коннымi клубамi Віцебска. Нядаўна Марына Віктараўна з Багеткай каталі дзяцей з дзiцячага прытулку г.п. Лёзна, а таксама мясцовых дзяцей на свяце аграгарадка. Як сапраўдны кавалерыст адчуваў сябе ў сядле Ваня Пашкевіч, які атрымаў вопыт вершніка ў гаспадарцы дзядулi. Дзецi мелi магчымасць не толькi паспрабаваць сябе ў ролi джыгiтаў, але i пачаставаць каня хлебам i цукрам. Хочацца падзякаваць Марыне Віктараўне за задавальненне ад сустрэчы з Багеткай.
Наперадзе чарговы пункт маршруту – ДК аграгарадка Крынкi, дзе бiблiятэкар Надзея Мікалаеўна Дудкiна правяла экскурсію па беларускай хатцы. Дзецi пабачылi этнаграфічныя экспанаты, якія зараз не выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыццi: драўляную маслабойку, плеценую калыску, пранiк, патэфон, чапялу, самавар, вышыванкі, вугальныя прасы.
Ля Дома культуры ўстаноўлены гранітны помнік воiнам-землякам, якія загiнулi падчас Вялікай Айчыннай вайны. Насупраць, праз дарогу – брацкае пахаванне з плiтамi, на якія нанесены прозвішчы загінуўшых воiнаў-вызвалiцеляў. Тут жа пахаваны легендарны камандзір партызанскага атрада брыгады «Аляксея» Мiхаiл Навумаў.
Далей, мiма старой рукатворнай панскай сажалкi, у якой маляўніча плавалi дзiкiя качкi i ляжалi паваленыя бабрамi вербы, мы накіраваліся да комплексу самых старых будынкаў у Крынках i адзіных, уцалелых у час вайны. Гэта высокая вежа-манеж, канюшня i гаспадарчая пабудова. Iх узрост дакладна не высветлены, але ёсць усе падставы меркаваць, што не адна сотня гадоў. Уражвае метровая таўшчыня сцен i цудоўная акустыка ўнутры манежа. Гэтыя сведкi гісторыi – адзінае, што засталося ад маёнтка славутага дваранскага роду Рамейкаў-Гуркаў, якія валодалі Крынкамi з 1540 года. Калiсьцi тут знаходзілiся касцёл, капліца, фамільны склеп. Старажылы пераказваюць легенды пра падземныя лабірынты з памешчыцкiмi скарбамi, якія вядуць у розныя бакi на некалькі кiламетраў. Падзiвiлiся мы таксама на рэшткi яшчэ адной цаглянай вежы з каменным падмуркам, першапачатковая функцыя якой пакуль што застаецца нявысветленай.
Наступны турыстычны аб’ект – помнік Марыi Акцябрскай, вадзіцелю i механіку танка «Баявая сяброўка», якая 17 студзеня 1944 года атрымала смяротнае раненне ў баях за станцыю Крынкi.
Потым наша група накіравалася да месца, дзе знаходзілася найпрыгажэйшая сядзіба, якая была знішчана ў час баявых дзеянняў. Цiкава, што мясцовыя жыхары падтрымліваюць сувязь з унучкай апошняга гаспадара маёнтка Лідзіяй Андрэеўнай Мацоццi, якая жыве ў Рыме i марыць наведаць Крынкi.
Далейшы шлях пралягаў праз рачулку Ласасiну, на беразе яе захаваліся рэшткi падмурка вадзянога млына. Непадалёк ад маста ўбачылi сцяжынку, па якой дзiкiя звяры ходзяць на вадапой. Вяскоўцы не аднойчы сустракаліся тут з казулямi, ласямi, бачылi воўчыя сляды, а ў рэчцы жывуць бабры.
Нарэшце дабраліся да апошняй кропкi запланаванага маршруту – мемарыяльнага комплексу воiнам 99-й цяжкай гаўбiчнай артылерыйскай ордэнаў Суворава i Кутузава Нёманскай брыгады, дзе ў 1943-1944 гадах размяшчаўся штаб пад камандаваннем палкоўніка Далгова.
Наш краязнаўчы паход працягваўся шэсць гадзін. Нiхто з дзяцей не пашкадаваў пра выдаткаваны час, некаторыя выказалі намер наведаць гэтыя мясціны яшчэ раз, а Даша Нiкiцiна як сапраўдны аматар гістарычных каштоўнасцей павезла дадому сувенір – кавалачак старажытнай цэглы з былога панскага фальварка (кажуць, што цэгла гэта мае чароўныя здольнасцi выконваць запаветныя мары яго ўладальніка).
Край баявой славы i неразгаданых таямніц чакае гасцей, каб падзяліцца сваім гістарычным мінулым i разам будаваць будучыню. На прыканцы нашага расказу выказваем вялікую падзяку ўсім, хто дапамог нам здзейсніць гэтае цудоўнае падарожжа. Асабліва аматарцы сваёй малой радзімы Вользе Васільеўне Пінчук і працаўнікам беларускай чыгункі Лёзна-Крынкі.
Любіце і вывучайце сваю малую Радзіму!!!
Наталля ГАНЧАРОВА,
настаўніца СШ № 1 г.п. Лёзна