Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лёзненскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Навіны раёна

28 лістапада 2020 года

Бясконцая пяшчота на дваіх

 26 лістапада, 90-гадовы юбілей адзначыў Я.М. Высоцкі з Міхалінава. Побач з Яўгенам Міхайлавічам ужо 61 год неразлучна крочыць Галіна Мяфодзьеўна – жонка, дарадчыца і верная сяброўка 

 Пажылая пара ўразіла сваёй бадзёрасцю і жыццярадаснасцю. Жанчына маладзейшая за мужа на 7 гадоў і свае 83 яна сустрэла напярэдадні на дзень раней, 25-га. Яны ніколі не разлучаліся па жыцці і цяпер, расказваючы аб пражытым, узгадваючы першую сустрэчу і вяселле, з пяшчотай глядзяць адзін на аднаго – і зноў яны тыя маладзенькія Галя і Жэня. Гаварлівыя мае суразмоўцы ахвотна дзяліліся ўспамінамі аб падзеях мінулага стагоддзя, сведкамі якіх давялося стаць. 
 Нарадзіўся Я.М. Высоцкі ў Міхалінаве, якое ў той час складалася з асобных хутароў. У сям’і Міхаіла Венядзіктавіча і Аляксандры Якаўлеўны было ўжо двое хлопчыкаў, чакалі дачку, а нарадзіўся Жэня. Маці была вялікая акуратыстка, сыноў выхоўвала ў строгасці, вучыла ўсялякай хатняй працы. Дзеці змалку дапамагалі ёй посуд мыць, у хаце прыбіраць, скусці пер’е на падушкі ды пярыны, прасці ніткі, ткаць на кроснах. Сама была выдатнай майстрыхай. Абшывала сваю сям’ю, і жанчыны з вёскі заказвалі ёй сукенкі, спадніцы, сарафаны. А яшчэ працавала ў калгасе.  
 – У нашых абавязках было мыць падлогу, – узгадвае мой субяседнік. – Націралі гальнічком у кожным куточку. Цяжкія месцы – гэта каля ножак стала, пад ложкамі. Калі не зробіш як след, прыходзілася перамываць, бо маці заўсёды заўважала. Гэта яе навука ў далейшым вельмі дапамагала, асабліва, калі служыў у арміі. Бясконца ўдзячны матулі за яе любоў і патрабавальнасць. Бацька са свайго боку вучыў нас мужчынскай справе: каня запрэгчы, за плугам хадзіць, дровы калоць і іншаму. Ён быў калгасным конюхам і пастухом. Расказваў, як у імперыялістычную вайну папаў у палон, некалькі гадоў працаваў на бауэра, тады навучыўся гаварыць на нямецкай мове. Калі пачалася Вялікая Айчынная, М.В. Высоцкі па ўзросту мабілізацыі ўжо не падлягаў, старэйшых сыноў прызвалі на фронт, а Жэньку было толькі адзінаццаць. Дзіцячая памяць захавала, як страшна было бачыць варожыя калоны танкаў, матацыклаў, узброеных салдат, якія рухаліся праз вёску, як жылося пры акупацыі.  
 – Хату нашу занялі немцы, – кажа Яўген Міхайлавіч. – А мы юціліся ў хлеве. Маці толькі пускалі, каб тапіла для іх печ. Але неяк жылі, аралі, сеялі. У асноўным на сабе цягалі плуг, барану. Аднойчы бацька папрасіў у немцаў каня, звярнуўся па-нямецку, і тыя дазволілі ўзяць. А браты мае ваявалі ў адной часці, вызвалялі Віцебшчыну. Здарылася так, што пад вёскай Шарыкі Пётр атрымаў цяжкае асколачнае раненне. Сяргей праводзіў яго ў палявы шпіталь, які знаходзіўся ў Глоданках, а сам праз некаторы час загінуў. Маці аднесла для Пеці ў шпіталь падушку, адвару з траў. Яго ўжо лічылі безнадзейным, бо раны не загойваліся, лекаў не хапала. Потым адправілі ў Навасібірск, там ён і паправіўся, толькі застаўся інвалідам. Але вывучыўся, працаваў эканамістам і бухгалтарам.  
 Яўген да вайны скончыў 4 класы, пасля – васьмігодку. Як аднаго з лепшых выпускнікоў яго паслалі на курсы па падрыхтоўцы кіруючых кадраў, якія не скончыў, бо прызвалі ў армію. Служыў у Брэсце ў артылерыйскіх войсках, быў камандзірам гарматы, атрымаў званне сяржанта. Прапаноўвалі застацца служыць, ды не згадзіўся, у 1953 годзе вярнуўся дадому. Тры гады працаваў на чыгунцы, паступіў на курсы кінамеханікаў. Потым перайшоў на кінаперасоўку. Дастаўляў у вескі і дэманстраваў фільмы. Кіно тады карысталася попытам у сяльчан, і Я.М. Высоцкага ведалі ва ўсім раёне, чакалі. Дабіраліся кінамеханік з матарыстам М.В. Казловым, калі дазваляла надвор’е, на веласіпедах. А то на кані. Зімою ў завіруху прыходзілася і заначаваць у якой-небудзь вёсцы. 
 Акурат у той час сустрэў Яўген сваю Галіну. Дзяўчына родам з Гаранаў, дзяцінства прайшло ў Цюменскай вобласці, куды бацькі яе завербаваліся на заработкі. Таму вайны, як кажа, не бачыла, але бамбёжак баяліся і там. Калі ў небе пралятаў самалёт, хавалася дзе-небудзь, заціснуўшы далонямі вушы і заплюшчыўшы вочы. Бацька Галі, Мяфодзій Ягоравіч, загінуў на фронце, пасля чаго сям’я вярнулася на радзіму. У школе дзяўчынку пакінулі на другі год у чацвёртым класе, бо зусім не ведала беларускай мовы. Пасля 9-ці класаў яна стала працаваць у калгасе. Брыгада яе знаходзілася ў Палёнаўцы, дзе Галіна і пазнаёмілася з кінамеханікам, які, дарэчы, яшчэ іграў на гармоніку, здымаў на фотаапарат. Вяселле адбылося ў маі 1959 года. З яго захавалася фота, якое зрабіў сам жаніх. Маладыя купілі ў Міхалінаве хатку, адрамантавалі. Яўген стараўся забяспечыць сям’ю, набыў спецыяльнасць слесара газавага абсталявання, разам з тым яшчэ адну працу. Праз год нарадзіўся першынец Саша.
 – Муж цэлымі днямі заняты, вечарам у яго кіно. Так хацелася і мне паглядзець які-небудзь фільм, – дзеліцца жанчына. – А малое пакінуць няма на каго. Добра, суседка Ганна Патапаўна Хрытаненка выручала, заставалася з Сашам. Бедная жанчына страціла ў вайну двух сваіх дзяцей. Хлопчыкі падарваліся, разбіраючы нейкі боепрыпас. З той пары здружыліся на ўсё жыццё. Калі суседка ў старасці засталася адзінокай, мы даглядалі і пахавалі яе, помнік паставілі. 
 Саша прасіў бацькоў, каб “купілі” яму Наташу. Так і сталася, на свет з’явілася малодшая на 3 гады сястрычка. Дзеці раслі, добра вучыліся, але была вялікая трывога за здароўе дачкі, у якой аказалася хворае сэрца. Такіх складаных аперацый як сёння, тады не рабілі, таму Наталля памерла ў самым росквіце, у 19 гадоў. І боль ад гэтай страты застаўся назаўсёды. 
 У 1964-ым Яўген Міхайлавіч вырашыў набыць новую прафесію, скончыў вадзіцельскія курсы. Па сумяшчальніцтву вазіў тагачаснага старшыню калгаса І.А. Данілава. Спачатку на “бобіку” (ГАЗ-69), затым на масквічы. Канчаткова перайшоў у шафёры, атрымаўшы грузавы ГАЗ-53, на якім адпрацаваў да самай пенсіі.  
 – Чаго толькі ні вазіў, – адзначае мужчына. – Калгас развіваўся і багацеў. У Міхалінаве шмат будавалася. Гэта шматкватэрныя жылыя дамы, КБА, Дом культуры, сталовая, пошта, дзіцячы садок. Акрамя таго кароўнікі, дабротныя гаражы, навес для тэхнікі, заправачная станцыя. Амаль кожны дзень пасылалі па цэглу. З-пад Рудні вазілі торф, рабіў у дзень па тры рэйсы. Яшчэ шмат перавозілі ската, здавалі на мясакамбінат. Ну і іншае, вядома. Наседзеўся за тыя гады за рулём, цяпер больш люблю пахадзіць. 
 Безадказны чалавек, так гаварылі пра Я.М. Высоцкага аднавяскоўцы. І сам ён прызнаецца, што сапраўды не адказваў людзям, калі мог штосьці зрабіць. Араў свае 50 сотак, заадно і суседчын агарод. Дапамагаў падвезці што-якое, калі прасілі. Шмат сродкаў і сіл затрацілі Высоцкія, каб пабудаваць свой дом, у якім жывуць і зараз. Трымалі вялікую гаспадарку. Дзве каровы, больш за два дзясяткі авечак, птушку розную. На зіму бралі звычайна пару свіней. Паспявалі ўсюды. Галіна Мяфодзьеўна доўгі час працавала цялятніцай. І муж, і жонка ўзнагароджаны медалём “Ветэран працы”. Калі выйшлі на заслужаны адпачынак, збылі кароў, завялі козачак. Толькі апошнія тры гады акрамя курачак на падворку больш нікога няма. І цяпер у іх доме і каля яго заўсёды парадак. Што сваімі сіламі зробяць, што сын з сям’ёй з Віцебска прыедзе і дапаможа. Аляксандр пайшоў па бацькавых слядах, працуе ў кінафікацыі. Унучка Марына вывучылася на медсястру. Унука завуць Уладзімірам. Дзядуля хацеў бы, каб той пайшоў у музыканты, быў бы яшчэ адзін Уладзімір Высоцкі. Але хлопец выбраў свой шлях, звязаны з камп’ютарнай тэхнікай.  
 Яўген Міхайлавіч па старой прывычцы любіць узяць у рукі сваю “Тулачку”, толькі пальцы ўжо сталі непаслухмянымі. У вачах – іскрынка, на вуснах – меткае слова, жарт. Такі вось ён, просты вясковы чалавек, працаўнік-ветэран. 

Таццяна ІГНАЦЕНКА. 
Сцяг Перамогі
Вернуться