Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лёзненскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Навіны раёна

3 верасня 2018 года

Лёзненская СШ № 1: наваселлю 40 гадоў

У 1978 г. адбылася прыемная падзея для выкладчыкаў і вучняў СШ № 1: быў уведзены ў эксплуатацыю новы трохпавярховы будынак школы па вуліцы Бязуглава. У памяшканні, разлічаным на 1 176 навучэнцаў, былі створаны ўсе ўмовы для паспяховага авалодання ведамі. 

З 1952 г. па 1978 г. СШ № 1 знаходзілася ў будынку па вуліцы Леніна (у цяперашні час у ім размяшчаецца культурна-аздараўленчы цэнтр). Памяшканне было разлічана на 480 месцаў, а займалася ў ім да 900 вучняў. Меліся цяжкасці ў арганізацыі навучальнага працэсу, паколькі школа працавала ў тры змены. У гэтай сувязі наспела пытанне аб будаўніцтве новага будынка школы.

На сумесным пасяджэнні Лёзненскага райвыканкама і райкама КПБ 13 верасня 1973 г. было прынята рашэнне хадайнічаць перад Віцебскім аблвыканкамам аб уключэнні будаўніцтва будынка СШ № 1 у абласны план будаўніцтва аб’ектаў для народнай адукацыі. Адпаведная пастанова Віцебскага аблвыканкама і абкама КПБ была прынята 17 снежня 1973 г. Будаўніцтва Лёзненскай СШ было ўключана ў план будаўніцтва агульнаадукацыйных школ за кошт дзяржаўных капітальных укладанняў на 1974-1980 гг. 

Будаўнічыя работы пачаліся ў 1976 г. і працягваліся два гады. Дапамогу будаўнікам аказвалі вучні старэйшых класаў.

Урачыстае адкрыццё новага будынка СШ № 1 адбылося 1 верасня 1978 г. Вось як гэта знамянальная падзея апісваецца ў артыкуле Л. Васільевай «Дзень добры, новая школа!», апублікаваным на старонках раённай газеты ад 2 верасня 1978 г.: «10 гадзін раніцы. Дырэктар школы К.І. Трутнеў аб’яўляе ўрачыстую лінейку адкрытай. Гучыць Дзяржаўны Гімн Савецкага Саюза. … Ва ўрачыстай абстаноўцы ўносяцца сцягі. 

Слова бярэ другі сакратар РК КПБ Ф.С. Ступакоў. Ад імя райкама партыі і раённага Савета народных дэпутатаў ён жадае школьнікам добрай вучобы, паспяховага авалодання ведамі. Сакратар партыйнай арганізацыі ПМК–1 трэста “Віцебсксельбуд” В.Г. Чарноў, прадстаўнік будаўнікоў, уручае дырэктару сімвалічны ключ ад школы. Гучыць першы школьны званок. 

Права перарэзаць чырвоную стужку прадстаўляецца намесніку старшыні райвыканкама А.Ц. Агнішчанку. І вось вясёлы шумны натоўп запоўніў шырокі ганак, паліўся ў расчыненыя дзверы школы. Прымай, прыгажуня, сваіх навасёлаў!». 

Да ведама: на 1 верасня 1978 г. у нашым раёне дзейнічала 33 агульнаадукацыйныя школы, з іх пачатковых – 17, васьмігадовых – 8 (Лёзненская, Высачанская, Велікасельская, Кавалёўская, Горбаўская, Осіпаўская, Чарніцкая, Унаўская), сярэдніх – 8 (Лёзненская, Бабінавіцкая, Веляшковіцкая, Выдрейская, Дабрамыслянская, Крынкаўская, Калышанская, Першамайская). У іх працавалі 341 настаўнік, навучаліся 3 729 вучняў. 

Алена БОНДАРАВА,краязнавец. Фотаздымкі з фондаў Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея
Вернуться