Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лёзненскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Навіны раёна

23 красавіка 2019 года

Раённы фальклорны праект-конкурс «Бабулін скарб»

Калі вам хочацца ведаць, як жылі нашы продкі, пра што марылі, звярніцеся да народнай творчасці – люстэрка душы народа. Песні і казкі, легенды і паданні, традыцыі, прыказкі і прымаўкі, жарты і загадкі роднага краю… Колькі ў іх глыбокай мудрасці, колькі святла душы таго, хто іх ствараў, душы простага люду. Гэта і было асноўнай мэтай стварэння праекта «Бабулін скарб».

 Ён пачаўся ў лютым і будзе цягнуцца да чэрвеня. Запланаваны тры этапы. Забягаючы наперад, скажам, што другі і трэці аб’яднаюцца у адзін. Гэта «Напоўнім хатку песнямі бабулі» і «Напоўнім хатку танцамі бабулі». Удзельнікамі праекта-конкурсу з’яўляюцца ўсе сельскія ўстановы культуры. Мэты і задачы – аднаўленне, захаванне і папулярызацыя народных традыцый сярод жыхароў Лёзненшчыны, далучэнне да іх дзяцей і падлеткаў, развіццё пачуцця прыгожага і непаўторнага. 

Першы этап насіў назву «Напоўнім хатку байкамі, паданнямі, забавамі і калыханкамі бабулі». У ДК аг. Пушкі Гаспадыня Святлана запрасіла нас у бабуліну хатку, якая была напоўнена рознымі бытавымі рэчамі: ад ухватаў і да конскага хамута. Далей журы паказалі тэатралізаванае прадстаўленне. З дзяцьмі вялася гаворка пра казкі, загадкі, паданні. Завітала ў госці і бабуля Агапка, якая паведала, адкуль з’явіліся назвы вёсак, якія уваходзяць у зону абслугоўвання аграгарадка. Затым пачаўся вясёлы карагод з гульнямі.ДК аг. Зубкі сустрэў нас прыгажосцю выставы, якая напаўняла фае і глядзельную залу. Але, на жаль, пастаноўкі мы тут не ўбачылі. А прадставілі нам брашуру з паданнямі, гульнямі і знакамітымі вяскоўцамі.

У клубе-бібліятэцы Емельянова адразу на ўваходзе папалі ў сапраўдную вясковую хату нашых продкаў, дзе гарыць лямпа, а ў калысцы люляецца немаўлятка. На стале красаваліся смачныя посныя пірагі і торты. Гаспадыня Алена расказала пра былога мясцовага пана Іосіфа Емяльянавіча Багданава. Як калісьці працавалі талакой і якога ўстрою была сялянская печ, паведала удзельніца клуба «Вясковыя гаспадыні» Тамара Яўгенаўна Івашкіна. Рабяты згадалі паданні пра назву вёскі Глоданкі і мясцовую старадаўнюю крыніцу, якую аднаўлялі талакой. Пагулялі ў гульні «Жаба, жаба, цап» і «А мы проса сеялі». 

У Веляшковічах падрыхтавалі вячоркі і сустрэлі этнічнай музыкай. Гаспадыня Зінаіда завіхалася каля стала і чакала рабят, якіх раней адправіла да бабуль у вёску збіраць матэрыял, неабходны для праекта. Калі яны вярнуліся, пачалася гаворка наперабой: дзе былі, да каго завіталі і што цікавага даведаліся. Зінаіда ў сваю чаргу расказала, адкуль пайшла назва вёскі Веляшковічы, паведала, са слоў старажылаў, пра царкву, якая была ў вёсцы, і, па паданнях, потым сышла пад зямлю. Дзяўчынка Дар’я расказала пра пана, які калісьці жыў у Веляшковічах. Затым пагулялі ў гульні «Калечка» і «Жаба, жаба, цап», але гэта гульня адрознівалася ад той, якую нам паказвалі емельяноўскія падлеткі. 

ДК аг. Міхалінава прадставіў вялікі матэрыял аб паданнях, гульнях, былінах, калыханках, забавах у пісьмовым выглядзе. Але, на жаль, і тут пастаноўкі па дадзенаму матэрыялу мы не ўбачылі. Вось толькі прадэманстравалі нам, як мясцовыя дзяўчаты варажылі на будучых мужоў.

Цікавая пастаноўка па мясцовых матэрыялах была паказана ДК аг. Бабінавічы, удзел у ёй прымаў фальклорны калектыў «Спадарыні». Дзіна Анатольеўна Багдановіч паведала некалькі легенд пра вёску Бабінавічы. Жанчыны расказалі паданні пра назву мясцовых азёр. Пра род волатаў(вялікіх і дужых мужчын), якія жылі ў гэтым сяленні ў даўнія-даўнія часы. Пра Зелянушак, якія насялялі мясцовае возера Зелянское і былі вельмі падобныя на русалак. Таццяна Лаўніковіч і Святлана Бутылкіна праспявалі вельмі прыгожыя і малавядомыя калыханкі. Юля і Ягор Бутылкіны прачыталі нам пацешкі, якія ім паведала бабуля. Затым жанчыны пачалі карагод і паказалі цікавыя гульні «Гары, гары ясна» і «Пляцень». 

У ДК аг. Дабрамыслі праз невялікую пастаноўку даведаліся мы пра назвы вёсак у ваколіцах Дабрамысляў і пра сам аграгарадок (дзве легенды). Дзеці гулялі ў гульні часоў іх бабуль, расказвалі пацешкі. А Ірына Машарская праспявала цікавую і доўгую калыханку для немаўляткі, якога калыхала на руках. 

Па-фальклорнаму, па-вясковаму паказалі і распавялі пра свае мясцовыя паданні, быліны, казкі ўдзельнікі вячорак з Яськаўшчынскага Дома фальклору. Тут, на дзіва, сустракалі нас два мужчыны, удзельнікі мастацкай самадзейнасці, якія вялі размову пра фальклорную спадчыну сваёй вёскі. Размова была сапраўды цікавай і заўзятай. Неўзабаве да яе падключылаіся загадчыца і дзяўчынка. Дзяўчынка расказала пацешкі, а Таццяна Ігнатаўна Шалупкіна — прыказкі і загадала загадкі, якія шмат часу таму назад запісала ад самых сталых жыхароў сваёй вёскі. Затым былі прадэманстраваны цікавыя гульні, ў якія дзеці гулялі седзячы на печы, «Цот ня цот» і «Хто самы кемлівы і хуткі» — гульня з лыжкай.  

Напрыканцы зазірнулі ў ДК аг. Крынкі. Міні-пасядзелкі прайшлі ў беларускай хатцы, у якой стаяла амаль сапраўдная печ. Тут дзеці даведаліся некалькі легенд пра назву вёскі Крынкі ад Наталлі Васільеўны Сударыкавай. Потым калыханку праспявала Наталля Ула-дзіміраўна Смолікава. Дзеці паказалі некалькі цікавых пацешак і пагулялі ў гульні «Цот ня цот» з арэхамі і «Калечка». На жаль, не ўсе арганізацыі культуры прынялі ўдзел у праекце-конкурсе «Бабулін скарб», але ім дадзены час выправіць становішча і паказаць свае пастаноўкі да першага мая. На семінары работнікаў культуры былі падведзены вынікі першага тура праекта. Дыплом I ступені заслужана атрымаў Дом культуры аг. Бабінавічы (дырэктарТ. А. Лаўніковіч), дыпломы II ступені — Яськаўшчынскі Дом фальклору (загадчык Т. І. Шалупкіна) і Емельяноўскі клуб-бібліятэка (загадчык А. У. Саладкова), а дыпломы III ступені — ДК аг. Пушкі (дырэктар Н. І. Дзядкова) і ДК аг. Дабрамыслі (дырэктар А.М. Агееў).


 Галіна ГУЗАВА, метадыст аддзела фальклору і народных традыцый РЦК
Вернуться