Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лёзненскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Навіны раёна

20 ліпеня 2018 года

Сто тры гады таму назад (мястэчка Лёзна ў 1915г.)

У пачатку ХХ ст. мястэчка Лёзна з’яўлялася цэнтрам воласці, і гэтая воласць па сваёй велічыні займала трэцяе месца ў Магілёўскай губерні, бо ахоплівала 1165 населеных пунктаў.Адміністрацыя воласці складалася з некалькіх чалавек: у1915 г. валасным старшынёй быў Ілля Філімонавіч Карчагін, старшынёй валаснога суда – Павел Ягоравіч Шашкоў, а валасным пісарам – Фёдар Іванавіч Лагуцін. А паколькі ў Лёзне жылі пераважна мяшчане, то тут меўся яшчэ і мяшчанскі стараста:у 1915 г. гэтую пасаду займаў Ерахіэль Шмуйлавіч Драбін. 

 У гэты ж час у мястэчку мелася безліч разнастайных устаноў і грамадстваў. Напрыклад, у Лёзне знаходзіўся цэнтр 3-га паліцэйскага стана (усяго ў Аршанскім павеце іх было 4), прыставам у якім служыў Мікалай Дзяменцьевіч Паўлаў.

 Таксама мястэчка з’яўлялася цэнтрам аднаго з пяці медыцынскіх участкаў, на якія падзяляўся павет. Акрамя ўрача – Валянціна Леанідавіча Благавешчанскага – было 5 акушэрак і павівальных бабак: Лізавета Давідаўна Міхайлоўская, Хая Абрамаўна Стэрына, Сара-Груня Беркаўна Вікдарава, Хана Рувінаўна Газарх і Гнеся Лейбаўна Чарнякова. 

Мелася ў мястэчку і аптэка. Сувязь паміж жыхарамі воласці забяспечвала паштова-тэлеграфнае аддзяленне, начальнікам якога з’яўляўся Павел Фаміч Галавач (Главінскі). Адпаведна, у Лёзне была і ўласная паштовая станцыя, у распараджэнні якой знаходзілася 4 кані. 

У 1915 г. у Лёзне было 4 кірмашы: у чацвер на Масляным тыдні, на Узнесенне (самы вялікі), у чацвер на 9-м тыдні пасля Пасхі і ў апошні чацвер перад Калядамі. Сюды завозіліся тавары на суму ад 2 да 6 тыс. рублёў. А кожную сераду і пятніцу ў мястэчку былі базары, таваразварот на якіх складаў прыкладна 300 рублёў. 

 Местачкоўцы займаліся не толькі рамёствамі і гандлем, але і даглядалі за агародамі, таму не дзіўна, што ў Лёзне дзейнічала грамадства сельскай гаспадаркі. У яго праўленне ўваходзіла 5 чалавек: старшыня Пётр Іосіфавіч Іасафатаў, яго таварыш (намеснік) Сямён Іванавіч Жукаў, сакратар Георгій Пятровіч Фамін, скарбнік Ігнат Акімавіч Сіманенка і сябар рады Фядос Іудавіч Сівалобчык. 

Сярод жыхароў мястэчка карыстаўся попытам інвентар з 4-х складоў земляробчых машын і прылад (дарэчы, у павятовым горадзе Оршы такіх было толькі 3). Уладальнікамі лёзненскіх складоў з’яўляліся Андрэй Брэнцавіч Балад, Лейба Нісонавіч Цёмкін, Евель Левін і Аршанская землеўпарадкавальная камісія. Між іншым, яе сябрамі былі не толькі жыхары павятовага цэнтра, але і мястэчка Лёзна, у прыватнасці – аграном Сямён Іванавіч Жукаў і інструктар па льнаводству Яўстафій Паўлавіч Мяснікоў. 

Паколькі амаль уся забудова была драўлянай, у валасным цэнтры дзейнічала ўласнае добраахвотнае пажарнае грамадства. Узначальваў яго Мікалай Дзмітрыевіч Хлюсцін (уладальнік маёнтка Адаменкі), яго намеснікам быў дваранін Уладзімір Ігнатавіч Дунін. Начальнікам каманды з’яўляўся мешчанін Абрам Сямёнавіч Смаркоў, загадчыкам маёмасці – Самуіл Абрамавіч Стэрнін, а сябрамі праўлення былі сяляне Васіль Андрыянавіч Даўгяла, Іван Іванавіч Іваноў і дваранін Мікалай Дзяменцьевіч Паўлаў, які, як мы памятаем, з’яўляўся прыставам паліцэйскага стану. 

Крэдыты мясцоваму насельніцтву выдавала пазыкова-зберагальнае таварыства на чале з Пятром Васільевічам Ганкевічам, а страхаваў іх ад няшчасных выпадкаў земскі страхавы агент мешчанін Герасім Сцяпанавіч Ісаеў.

 Жыхары мястэчка былі розных веравызнанняў. Для праваслаўных беларусаў дзейнічала Узнесенская царква, дзе святаром быў Мітрафан Пятровіч Кірыловіч, для праваслаўных латышоў – асобны прыход са святаром Кірылам Кірылавічам Канепам, для іўдзеяў – 5 малітоўных школ. Дарэчы, ў яўрэяў Лёзна мелася свая народная вучэльня, дзе загадчыкам быў Абрам-Шмуйла Мендалевіч Рыс, а настаўнікам – Абель Гіршавіч Вігдараў. 

Іншымі словамі, у 1915 г. Лёзна было вельмі прывабным мястэчкам – нездарма ж тут жыў сябра Аршанскага павятовага з’езда дваранства, земскі начальнік 6-га ўчастка, паручнік запаса, кавалерыст Станіслаў Аляксандравіч Дэмбінскі-Піора. 

Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
Вернуться