Навіны раёна
25 жніўня 2021 года
У аграгарадку Веляшковічы ладзілі свята вёскі
У аграгарадку Веляшковічы ў мінулую пятніцу ладзілі свята вёскі. Галоўнай падзеяй на ім стала адкрыццё адноўленай Дошкі гонару сельскага Савета. Сёлета на яе занесены партрэты 15 лепшых працаўнікоў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сацыяльнай сферы і сяльгасвытворчасці ААТ “Рубяжніца”.
Гэта электрагазазваршчыкі Аляксандр Уладзіміравіч Прудоўскі і Генадзь Іосіфавіч Кавалеўскі, аператары машыннага даення Наталля Уладзіміраўна Герасімава і Ніна Іванаўна Пержаніца, механізатары Аляксандр Іванавіч Іпатаў, Павел Васільевіч Яшманаў, Сяргей Мікалаевіч Анікееў, галоўны аграном Мікалай Уладзіміравіч Іваноў, галоўны эканаміст Ангеліна Мікалаеўна Агароднікава, загадчык МТФ Сіманава Любоў Міхайлаўна Лебедзева, палявод Генадзь Якаўлевіч Сінякоў, выхавацель яслей-сада “Радуга” Любоў Іванаўна Волкава, прыбіральшчык тэрыторыі сельскага Савета Валянціна Васільеўна Заваліна, санітарка Веляшковіцкай сельскай участковай бальніцы Алена Уладзіміраўна Цітова, повар Веляшковіцкай СШ Надзея Васільеўна Зайцава.
Заслужаныя ўзнагароды перадавікам уручалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Т.Л. Дрылёнак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.А. Шульган, старшыня мясцовага сельскага выканаўчага камітэта Л.І. Васількова, кіраўнік справамі сельскага Савета С.М. Снарава. У віншавальным слове да мясцовых жыхароў Тамара Леанідаўна адзначыла, што, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, сяльгаспрадпрыемства працуе без збояў, паспяхова функцыяніруюць установы і арганізацыі, нараджаюцца дзеці. Жыццё ідзе наперад. Няхай так будзе і заўсёды ў гэтым утульным кутку Лёзненшчыны. Падчас ушанавання старанныя працаўнікі атрымалі падзякі, граматы, каштоўныя падарункі, кветкі. Свята працягвалася на плошчы перад Домам культуры, дзе ўдзельніцы клуба “Вясковыя гаспадыні” падрыхтавалі стол пачастункаў, прапанавалі гасцям мясцовыя, нацыянальныя стравы, выпечку і напоі. Дзеці мелі магчымасць пазабаўляцца на батуце. Канцэртную праграму паказалі самадзейныя артысты і культработнікі з Веляшковіч, Бабінавіч, Лёзна. Былі падведзены вынікі традыцыйнага агляду-конкурсу, адзначаны пераможцы ў наступных намінацыях: “Лепшы гаспадар” – Генадзь Яўгенавіч Сінякоў, “Лепшы малады гаспадар” – Сяргей Шаракоў, “Лепшы маладзёжны падворак” – Сяргей і Ганна Дземянковы, “Лепшы палісаднік” – Віктар і Галіна Куліковы. Граматай сельвыканкама ўзнагароджаны таксама за ўзорны парадак на сядзібе Андрэй Аляксандравіч і Алена Уладзіміраўна Цітовы, за арыгінальнасць у афармленні – Людміла Яўгенаўна Лазовік, а Васіль Гаўрылавіч і Зоя Пятроўна Гаруновы як добрыя малаказдатчыкі. Дыплома “Чалавек года аг. Веляшковічы-2021” ўдастоена старшая медсястра ўчастковай бальніцы Таццяна Сямёнаўна Кабачэўская.
Вечарам у аграгарадку адбылася святочная дыскатэка і прастору асвяціў рознакаляровы салют.
Таццяна ІГНАЦЕНКА.