Навіны раёна
6 снежня 2022 года
У Лёзна стала больш на адзін аб'ект, дзе можна перакусіць з камфортам
Насупраць аўтастанцыі прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Прыдарожнік" адкрыла сваё другое ў раёне кафэ пад назвай "Наш дворикъ". Першае, "Руль", ужо шмат гадоў функцыянуе на памежным пераходзе ў Заольшчы, і за гады працы здабыла добрую славу не толькі ў дальнабойшчыкаў, але і ва ўсіх, хто перасякае мяжу ў абодвух напрамках.
Вернуться
У адкрыцці новага прадпрыемства грамадскага харчавання прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта І.І.Федараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Т.Л.Дрылёнак.
Іван Іванавіч адзначыў важнасць падзеі.
- Прыехаў сюды з сустрэчы з маладымі спецыялістамі, дзе абмяркоўваліся пытанні іх жыццеўладкавання, – сказаў кіраўнік раёна. - І адной з праблем яны называлі недастатковую колькасць устаноў, дзе можна культурна і з камфортам правесці вольны час. У зручным месцы і ў патрэбны час адкрываецца кафэ! Жадаю хутчэй асвоіцца і заняць годнае месца на карце славутасцяў раёна.
Дырэктар ПГУП "Прыдарожнік" Я.А.Максімовіч, якая з'яўляецца прадаўжальнікам сямейнага бізнесу, закладзенага яшчэ яе мамай, І. М. Ільюшчанка, адзначыла, што трэба будзе вялікая праца як па фарміраванні асартыменту, так і па пытаннях якасці абслугоўвання і прапанаваных вырабаў.
У меню будуць прысутнічаць не толькі комплексныя сняданкі і абеды, але і разнастайная выпечка і кандытарскія вырабы, фірмовыя чабурэкі, піражкі і бліны з рознымі начынкамі, тварожнік, бургеры, шмат іншай смачнай ежы, а таксама гарачыя і ахаладжальныя напоі і шырокі дзіцячы асартымент.
Спадзяемся, што гарачыя і свежыя вырабы кухараў «Прыдарожніка», ветлівыя і ўсмешлівыя работнікі кафэ спадабаюцца лёзненцам, і «Наш дворикъ» сапраўды стане ўтульным хатнім панадворкам, дзе так класна можна правесці час.
Аўтар: Аляксандр Піута, "Сцяг Перамогі"