Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лёзненскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Навіны раёна

7 мая 2018 года

У пакоях памешчыка Хлюсціна (з гісторыі Адаменскай школы)

Неўзабаве пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. адаменскім памешчыкам Хлюсціным давялося пацясніцца: з 1 кастрычніка 1919 г. у адным з будынкаў маёнтка размясцілася школа. Паводле тэрміналогіі таго часу, гэта была школа І ступені ці іншымі словамі – пяцігодка. Яна займала толькі другі паверх (драўляны і атынкаваны), дзе былі наладжаны тры навучальныя кабінеты, бібліятэка, кватэры настаўніка і школьнага вартаўніка, былі таксама балкон, вітальня і калідор. На ніжнім – мураваным – паверсе размяшчаліся службовыя памяшканні саўгаса “Адаменкі”. Апошні, дарэчы, прэтэндаваў на ўвесь былы памешчыцкі будынак і нават падаў пра гэта адпаведную заяву ў суд.

 У 1921 г. загадчыкам Адаменскай школы быў Іван Якаўлевіч Будзько, а яшчэ тут працавалі Тамара Мікалаеўна Міласлаўская, Марыя Пятроўна Іасафатава і Аляксандра Барысаўна Ёршык.

 У 1923 г. загадчыкам па-ранейшаму з’яўляўся І. Я. Будзько, а вось супрацоўнікі змяніліся: Марыя Пятроўна Будзько сумяшчала пасады школьнага работніка, бібліятэкара і сакратара, а Марыя Трускіна была тэхнічнай служачай.

Настаўнікі жылі і працавалі ў крайне цяжкіх умовах, бо заробак ім затрымлівалі на вельмі пряцяглы час. Напрыклад, у красавіку 1923 г. яны атрымалі грошы за кастрычнік 1922 г. Ратавала настаўнікаў толькі тое, што заробак часткова выдаваўся ў выглядзе прадуктаў з саўгаса “Адаменкі”. Але з 1 красавіка 1923 г. саўгас разарваў дамову са школай і перастаў выдаваць харчаванне.

У Адаменскую школу хадзілі дзеці з некалькіх суседніх вёсак, таму некалькім настаўнікам даводзілася ўпраўляцца з вялікім натоўпам вучняў. Вось у студзені 1926 г. у школе налічвалася 110 хлопцаў і дзяўчат, у красавіку 1927 г. – 108, у лістападзе таго ж года – 120 (і 39 з іх з’яўляліся піянерамі).

У верасні 1927 г. у школе працавалі ўжо іншыя настаўнікі. На жаль, у архіўных дакументах захаваліся толькі іх прозвішчы: у дзвюх малодшых групах настаўніцай была Левянкова, а ў дзвюх старэйшых – Левянкоў (верагодна, гэта былі муж і жонка).

З канца 1920-х гг. па двары Адаменскай школы вучняў бегала ўсё менш і менш. 1 лістапада 1928 г. у школе навучалася 105 дзяцей (62 хлопчыкі і 43 дзяўчынкі), амаль усе яны былі беларусамі, але быў таксама адзін латыш. У кожным з 4-х класаў налічвалася ад 23 да 28 вучняў.1 студзеня 1929 г. у школе было 103 навучэнцы, 1 красавіка таго ж года – 102, а да мая ўвогуле засталося толькі 85. Вучні пераводзіліся ў старэйшыя групы (гэтак у тыя часы называліся класы) па выніках калоквіўму, які наладжваўся напрыканцы мая кожнага года. У склад экзаменацыйнай камісіі ўваходзілі загадчык школы, настаўнік, прадстаўнікі ад бацькоў, раённага метадычнага бюро, ячэек КП(б)Б і ЛКСМБ. Калоквіўм складаўся з задачы па матэматыцы, задання па беларускай мове і гутарцы па іншых прадметах. Напрыклад, па выніках экзамену, праведзенага ў маі 1929 г. для вучняў 4-й групы, 15 дзяцей былі пераведзены ў 5-ю, а 6 засталіся на другі год.

Улетку 1929 г. будынак Адаменскай школы быў агледжаны службоўцамі райкамунаддзела, якія выявілі, што ён патрабуе значнага рамонту і зусім непрыгодны для правядзення заняткаў. А праз тры гады – у 1932 г. – райвыканкам пастанавіў узвесці новы будынак для Адаменскай школы.

Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў “Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці”.

Вернуться