Навіны раёна
5 чэрвеня 2020 года
У планах – жыць і добра працаваць на роднай зямлі
Інжынер-тэхнолаг лясной гаспадаркі У.М. Кліменка працуе ў ДЛГУ “Лёзненскі лясгас” 6 гадоў пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Уладзімір Мікалаевіч кажа, што ў галіну прыйшоў свядома. З дзяцінства цікавіла ўсё, што звязана з прыродай. Шмат чытаў кніг, часопісаў на гэту тэму, знаходзіў інфармацыю ў інтэрнэце, стараўся не прапусціць ніводнай тэлеперадачы аб жыцці жывёльнага свету, у тым ліку аб насельніках нашых беларускіх лясоў.
Зараз У.М. Кліменка – начальнік лесапункта. Асноўны яго абавязак – гэта кантроль і каардынацыя працэсу падбора лесасек, іх распрацоўкі, вывазу драўніны і яе рэалізацыі. Займаецца непасрэдна фарміраваннем дагавораў са спажыўцамі на Беларускай універсальнай біржы. Рэалізацыя ідзе паспяхова. За мінулы год прададзена 46 тыс. кубаметраў круглых лесаматэрыялаў.
– Трэба адзначыць, – кажа кіраўнік лесапункта, – што калектыў наш вельмі працавіты, адказны. Дзякуй вялікі вадзіцелям: Івану Васільевічу Еніну, Уладзіміру Уладзіміравічу Іваненку, Барысу Аляксандравічу Рутчанкову, Віктару Сямёнавічу Усу, Сяргею Мікалаевічу Баранкову, Андрэю Эдуардавічу Шадэку.Яны знаходзяцца на лесасецы ўвесь светлавы дзень, выходзяць на работу і ў выхадныя. Даюць паказчыкі звыш нормы выпрацоўкі. Адпаведна павялічваюцца пастаўкі на біржу. Адсюль прыбытак лясгасу і добрыя заробкі працаўнікам.
Адміністрацыя ДЛГУ задаволена дзейнасцю лесапункта і яго кіраўніка, які знаходзіць індывідуальны падыход да падначаленых, умее арганізаваць зладжаную і прадукцыйную работу. Па выніках мінулага года У.М. Кліменка ўдастоены занясення на раённую Дошку гонару. У свае 28 Уладзімір паказаў добрыя прафесійныя і гаспадарчыя здольнасці. На пытанне, як яму гэта ўдаецца, мой субяседнік адзначыў, што ў адносінах да працы прыкладам для яго заўсёды быў бацька Мікалай Аляксандравіч, вадзіцель аўтамабіля аварыйнай службы райгаза з 20-гадовым стажам. Ён таксама перадавік. Па выніках 2019-га атрымаў званне “Чалавек года ВУ “Віцебскаблгаз”. Маці Нэлі Фёдараўна працавала ў райспажыўтаварыстве таваразнаўцам, цяпер на заслужаным адпачынку. Бацькоўскі наказ, што галоўнае – гэта добра рабіць сваю справу, апраўдваюць сёння сыны – Уладзімір і старэйшы Сяргей, які служыць у транспартнай інспекцыі, жыве з сям’ёй у Віцебску.
А дома ў бацькоў заўсёды хапае работы, бо на падворку ўвесь час трымаюць карову, курэй. Да таго ж, той самы агарод. Дом дагледжаны. Сыны з бацькам перакрылі дах, пабудавалі новую лазню. Радуе сваім выглядам і тэрыторыя навокал. За добраўпарадкаванне сям’я адзначана на ўзроўні раённага Савета дэпутатаў. Калі выдаецца вольны час, едуць утраіх на рэчку ці возера паспытаць рыбацкай удачы. Нярэдка да іх далучаецца ўжо і сын Сяргея – другакласнік Расціслаў.
Па словах намесніка дырэктара лясгаса Ю.А. Дземянцей, Уладзіміра Кліменку ў калектыве паважаюць і мяркуюць, што ў яго вялікія перспектывы. Абаяльны, сціплы малады чалавек задаволены тым, што мае магчымасць рэалізоўваць сябе ў любімай працы, жыць на роднай зямлі і не плануе пакідаць Лёзненшчыну.
Таццяна ІГНАЦЕНКА.