Навіны раёна
Жыццёвыя сцежкі працаўніцы з Лёзненшчыны
КОЖНЫ ДЗЕНЬ, УПРАВІЎШЫСЯ З АСАБІСТАЙ ГАСПАДАРКАЙ, СПЯШАЕЦЦА НА МЯСЦОВУЮ ФЕРМУ ГЭТА НЕМАЛАДАЯ ЖАНЧЫНА. У ЧАРНАРУЧЧЫ З. І. КІСЛУШКІНА ЖЫВЕ АМАЛЬ ПАЎВЕКА, ТУТ НА ВАЧАХ АДНАВЯСКОЎЦАЎ ПРАЙШЛА ЯЕ МАЛАДОСЦЬ, НАДЫШЛА СТАЛАСЦЬ…
Малая радзіма яе – Замошша, але з вялікай цеплынёю ўспамінае мясціны, дзе вырасла, дзе прайшлі школьныя гады. Зіначцы было толькі пяць, калі бацькі, Кацярына Мікітаўна і Іван Іванавіч, пераехалі ў Калужскую вобласць. Там жылі ў сяле Корнае Масальскага раёна. Пасля заканчэння васьмігодкі Зіна, імкнучыся хутчэй стаць самастойнай, пайсці ,як кажуць, на свой хлеб, адвучылася два гады ў Калужскім будаўнічым вучылішчы і пачала свой працоўны шлях плітачніцай.
Праз некаторы час дзяўчына разам з маці зноў апынулася на Лёзненшчыне, дзе праляглі новыя сцяжыны лёсу. Кацярына Мікітаўна пайшла працаваць на цагельны завод у Баравую. Дачка ж уладкавалася кладаўшчыцай на хлебзаводзе ў Лёзне. Танклявую сімпатычную дзяўчыну неўзабаве пасватаў чарнаруцкі хлопец Барыс Кіслушкін. Разам крочылі яны па жыцці больш як 40 гадоў. Барыс Рыгоравіч працаваў жывёлаводам у калгасе.
– Нялёгка прыходзілася, калі будавалі свой дом, - гаворыць мая субяседніца, – усё хацелася зрабіць як мага лепей, каб па-сучаснаму, прасторна і ўтульна. У 1970-м нарадзілася дачка Таццяна. Праз тры з паловай гады – сын Мікалай. Стараліся, працавалі, каб быў дастатак.
Пасля апошняга дэкрэтнага адпачынку жанчына адразу выйшла на працу кладаўшчыцай у гаргаз. Але прыйшлося звольніцца, бо ў абавязкі ўваходзіла таксама разгрузка балонаў, справа гэта, вядома, зусім не жаночая. Перайшла ў КБА, дзе спачатку вязала на экспарт модныя на той час хусткі з нітрону. Затым у ткацкім цэху вырабляла сінэль – аснову да дываноў. Выконвала і перавыконвала планы. У працоўнай кніжцы за тыя гады засталіся неаднаразовыя запісы аб прысваенні З. І. Кіслушкінай заслужаных званняў: “Лепшы па прафесіі” і “Ударнік камуністычнай працы”. Тагачасны галоўны інжынер быткамбіната Г. А. Бокарава прапанавала Зінаідзе ў ліку іншых ткачых прадоўжыць адукацыю, на што маладая жанчына, нягледзячы на занятасць, дала згоду. Скончыла вячэрнюю школу ў Лёзне. Затым завочна паступіла на агранома ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, які заканчвала ўжо працуючы ў гандлі.
– А было так, – распавядае Зінаіда Іванаўна. – Цэх наш расфарміравалі. Куды падацца? Я за кампанію с сяброўкамі, Тамарай Пятроўнай Кубліцкай і Валянцінай Васільеўнай Шыцікавай, рызыкнула пайсці вучаніцай-прадаўцом у магазін “Культтавары”, дзе была вакансія. За паўгода асвоіла прафесію, і мяне назначылі загадчыцай.
І два дзясяткі гадоў яна працавала на ніве гандлю. Згадзіцеся, нямала. Аб тым, што падыходзіла да справы з адканасцю. Аб гэтым сведчаць шматлікія ганаровыя дыпломы і граматы за перавыкананне планаў, за добрасумленныя і ветлівыя адносіны да пакупнікоў. Заахвочвалася грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі. Калі дасягнула пенсійнага ўзросту, працягвала працаваць яшчэ паўгода. Так склаліся абставіны, што прыйшлося пакінуць работу, аддалася выключна сямейным клопатам. Лёс нанёс жанчыне адзін за другім цяжкія ўдары: страціла мужа і сына. Прызнаецца, што ад гора ратавала работа па дому ды думкі аб дачцэ і яе чацвярых дзецях, якім патрэбна была падтрымка.
– Пакрысе боль прытупляўся, а праблемы ж заўсёды побач ідуць, у тым ліку і матэрыяльныя, – заўважае Зінаіда Іванаўна. – Праводзілі па вёсцы газавае ацяпленне. І я, гледзячы на суседзяў, рашылася таксама. Прадала адну карову, узяла крэдыт. Як стала выплочваць, бачу, што на пенсію не выцягну. Пачала шукаць работу. Вымушана была пайсці дзённым вартаўніком на ферму. Маю адказнасць заўважыла кіраўніцтва. Угаварылі на групу самых маленькіх цялят. Згадзілася, бо жывёлу вельмі люблю.
Паступова і гэту прафесію З. І. Кіслушкіна асвоіла дасканала. Акружае сваіх падапечных вялікай увагай, пяшчотай і клопатам. Яна не проста цялятніца, якая корміць і даглядае, а, калі трэба, своечасова акажа ветэрынарную дапамогу. Таму, па словах спецыялістаў, умее выгадаваць кожную жывёліну. Зусім не дапускае падзяжу. Паказчыкі працы З. І. Кіслушкінай самыя высокія ў ААТ “Адаменкі”, сярэднесутачныя прывагі ў яе групе за мінулы год склалі 977 грамаў. Сярэдняя лічба па гаспадарцы – крыху больш за 500. Вядома ж, такую працаўніцу цэняць кіраўніцтва і калектыў фермы. Падчас святкавання прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі Зінаіда Іванаўна атрымала грашовую прэмію.
Сама ж гераіня майго аповеду кажа, што для яе самае каштоўнае – давер людзей і вынікі працы. Вельмі ўдзячна жанчына тым, да каго прыходзіцца звяртацца па дапамогу і падтрымку, хто не пакідае без увагі яе просьбы. Гэта непасрэдна брыгадзір В. М. Зубава, заатэхнік М. М. Шалупкіна. А таксама дырэктар ААТ “Адаменкі” Г. М. Канюшэнка, яго намеснік Л. С. Філіпенка. Рэгулярная і своечасовая зарплата, па словах З. І. Кіслушкінай, дазваляюць ёй своечасова расплаціцца па крэдыту. І ў святы зрабіць якіясьці падарункі родным, падтрымаць дачку, якая працуе санітаркай у райбальніцы, дапамагчы ў важных справах унукам. Кожным з іх бабуля задаволена і гатова расказваць аб іх бясконца. Старэйшая ўнучка Крысціна атрымала вышэйшую адукацыю юрыста, замужам, жыве ў Смаленску. Аляксей знайшоў сваё месца ў сферы паслуг у горадзе Сочы. А малодшыя, двайняты, па жыцці сябруюць са спортам. Валодзя зараз служыць звыштэрмінова кінолагам у Мінску, а Ірына вучыцца на ветурача ў Лужасна.
Так, у пастаяннай працы і клопатах жыве вясковая жанчына, маці, бабуля, добразычлівы, адкрыты да людзей чалавек – Зінаіда Іванаўна Кіслушкіна.