Час барацьбы і выпрабаванняў 1917-1920
Час барацьбы і выпрабаванняў 1917-1920
Удзельнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны
Да 1919 г. на тэрыторыі, якая ўваходзіць у склад сучаснага Лёзненскага раёна, былі 4 воласці: Веляшковіцкая (уваходзіла ў склад Віцебскага павета Віцебскай губерні), Лёзненская, Высачанская, Дабрамыслянская (уваходзілі ў склад Аршанскага павета Магілёўскай губерні).
Праз два тыдні пасля перамогі Кастрычніцкага ўзброенага паўстання ў Петраградзе і абвяшчэння Савецкай улады надзвычайны сход сялянскіх таварыстваў Аршанскага павета прыняў рэзалюцыю аб прызнанні і падтрымцы Савета народных камісараў і ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, выбраў часовае бюро па сялянскіх справах, у якое ўвайшоў і прадстаўнік ад Лёзненскай і Дабрамыслянскай валасцей - Камісараў. Бюро стала аддзелам Аршанскага павятовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта.
Адным з першых у пачатку 1918 г. быў арганізаваны Бабінавіцкі местачковы Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Валасныя органы Савецкай улады ствараліся ў студзені, лютым і сакавіку 1918 г.
У сакавіку 1918 г. ў Веляшковіцкай воласці яшчэ існавала земская управа пад кіраўніцтвам дробнага памешчыка П. Панова.
27 сакавіка 1918 г. быў скліканы Веляшковіцкі валасны з'езд, які прыняў рэзалюцыю па бягучаму моменту, скасаваў земскую ўправу і выбраў валасны выканаўчы Савет сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў у складзе 12 чалавек. Першым старшынёй валвыканкома быў выбраны Макар Захаравіч Шчамялёў, матрос Балтыйскага флоту, удзельнік штурму Зімняга палаца. Пасля переходу яго на работу ў Віцебскую губернскую надзвычайную камісію старшынёй валвыканкома быў выбраны Іван Герасімавіч Шляхценка (гл. пра яго асобны артыкул). У Савеце былі створаны 4 аддзелы: кіравання, зямельны, прадуктовы, будаўнічы. Работа Веляшковіцкага валаснога Савета праходзіла ў складаных палітычных умовах. Аб гэтым сведчыць дакладная запіска агітатара-арганізатара Я. Рэйнгольда ў агітацыйны аддзел В ЦБ К аб арганізацыі Савецкай улады ў Веляшковіцкай воласці, у якой адзначаны факты адсутнасці даверу да новага выканаўчага камітэта з боку мясцовых грамадзян, раздзялення вёскі на 2 варожыя лагеры, пагроз узброеных асоб у адрас Савета, адсутнасці ваеннай сілы ў распараджэнні Савета (гл. адпаведны дакумент).
Валвыканком у Веляшковічах існаваў да верасня 1918 г., калі ён быў распушчаны і замест яго створаны ваенна-рэвалюцыйны камітэт, а справы Савета перададзены камітэту беднаты.
Звергнуць Савецкую ўладу на Аршаншчыне першымі спрабавалі польскія легіянеры з корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага, якія ўзнялі мяцеж у пачатку 1918 г. Яны размяшчаліся і ў раёне населеных пунктаў Высачаны, Крынкі, Бабінавічы і Дабрамыслі.
Аршанскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт прыняў рашэнне арганізаваць атрад Чырвонай гвардыі для адпору мяцежнікам, які неўзабаве і быў сфарміраваны ў в. Берасценава Аршанскага павета. На адным з хутароў у палон былі захоплены некалькі польскіх афіцэраў, якія паведамілі, што іх асноўныя сілы знаходзяцца ў Бабінавічах і Дабрамыслях. Неўзабаве чырвонагвардзейцы выступілі ў напрамку гэтых населеных пунктаў. Пра гэта стала вядома легіянерам, і яны загадзя без бою пакінулі Бабінавічы. Прыбыўшы сюды, байцы Чырвонай гвардыі спыніліся на начлег. Штаб знаходзіўся ў доме мясцовага ксяндза. Ноччу вартавы затрымаў двух чалавек, апранутых у салдацкія шынялі. Яны назваліся жыхарамі вёскі з-пад Бабінавіч, прасілі адвесці іх да камандзіра атрада і там паведамілі, што легіянеры над Бабінавічамі. Іх штаб размешчаны ў панскім доме, а салдаты знаходзяцца ў хлявах і гумнах. Было вырашана тут жа выступіць у паход, каб раптоўна напасці на мяцежнікаў. Захопленыя знянацку, яны былі раззброены і ўзяты ў палон. Палонных накіравалі пад канвоем у Оршу, а атрад чырвонагвардзейцаў рушыў у Дабрамыслі. Калі байцы прыбылі туды, то ўбачылі, што ў валасной управе пад аховай знаходзіцца шмат палонных легіянераў, захопленых і раззброеных мясцовымі сялянамі.
Для абароны заваёў Кастрычніцкай рэвалюцыі стварыліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты. 2 мая 1918 г. быў створаны Дабрамыслянскі РВК йа чале з М. Л. Левянковым. У той жа дзень быў аб'яўлены прызыў у атрад Чырвонай гвардыі, у які запісалася 25 чалавек.
Атрад у ліпені 1918 г. ўдзельнічаў у падаўленні контррэвалюцыйнага мяцяжу ў Дабрамыслянскай воласці. Пазней рэўкомы былі створаны ў Высачанах, Лёзне, Бабінавічах, Калышках, Веляшковічах.
У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР «Аб арганізацыі і забеспячэнні вясковай беднаты», зацверджаным ВЦВК 11.6. 1918 г., мясцовымі Саветамі рабочых, сялянскіх і чырвонагвардзейскіх дэпутатаў ствараліся камбеды, якія закліканы былі згуртоўваць вакол Савецкай улады бяднейшых сялян. Стварэнне камбедаў абвастрыла класавую барацьбу і ўзмацніла сацыяльнае расслаенне ў вёсцы. Атрымаўшы зямлю, сяляне не атрымалі права свабодна распараджацца прадуктамі сваёй працы. Харчразвёрстка, якая ўваходзіла ў сферу дзейнасці камбедаў, ставіла сялянства ў апазіцыю да ўлады. На гэтай аснове заможныя сяляне працягвалі барацьбу ўжо з Савецкай уладай, імкнуліся перашкодзіць стварэнню камбедаў.
14 жніўня 1918 г. ў в. Веляшковічы адбыўся сход па арганізацыі камбеда. Група сялян уварвалася ў памяшканне, знішчыла пратакол і сарвала сход. 25 жніўня вясковая бедната ўсё ж прыняла пастанову аб арганізацыі камбеда, абавязаўшы яго ўзяць на ўлік усё збожжа, жывёлу, інвентар. Часам заможныя сяляне процістаўлялі камітэтам беднаты свае арганізацыі.
У паведамленні Веляшковіцкага валаснога Савета ў Віцебскі губернскі Савет ад 11 верасня 1918 г. адзначана, што ў Веляшковіцкай воласці ў маёнтку Ганеўкі, які належыць Васілю Тарапініну, уладальніку 90 дзесяцін зямлі, арганізаваны камітэт беднаты, старшынёю якога выбраны сам жа ўладальнік маёнтка. У фальварках Мартынова, Макаранкі, Таропкі камітэты беднаты былі арганізаваны выключна з заможных сялян, якія ўхіляліся ад уліку збожжа, жывёлы.
Большасць насельніцтва ў в. Уна былі заможныя сяляне, пры арганізацыі камітэта беднаты яны атрымалі перамогу, што выклікала незадаволенасць сялянскай беднаты. Заможныя сяляне, абараняючы сваю маёмасць, выступалі супраць камітэтаў беднаты, харчразвёрсткі, усіх савецкіх органаў, асоб, якія праводзілі ў жыццё мерапрыемствы Савецкай улады, уздымалі мяцяжы. Для сваіх выступленняў яны выкарыстоўвалі розныя падставы: рэквізіцыю ў іх збожжа, жывёлы.
У ліпені 1918 г. заможныя сяляне мястэчка Дабрамыслі паднялі мяцеж. Газета «Известия Витебского губернского Совета» 17.7.1918 г. паведамляла: «Аказалася, што мясцовыя кулакі, не пажадаўшыя падпарадкавацца загаду аб прадастаўленні коней для Савета і для зносін са станцыяй чыгункі, а таксама з-за рэквізіцыі хлеба для ўзвода Чырвонай Арміі, арыштавалі ваеннага валаснога камісара тав. Янчыка, пратрымаўшы яго суткі ў зняволенні ў лазні пад вартай. Вызваліла яго мясцовая буржуазія толькі тады, калі даведалася пра набліжэнне моцнага савецкага атрада.
15 чэрвеня тав. Петухоў з атрадам накіраваўся на месца. Ім быў выданы загад для насельніцтва воласці аб тэрміновай здачы зброі. Знойдзеныя пры вобыску некалькі бярданак і паляўнічых ружжаў былі перададзены ў валоданне валаснога Савета. Натхняльнікі контррэвалюцыйнага выступления кулакі ў колькасці 6 чалавек былі арыштаваны. Яны і арыштавалі тав. Янчыка і збілі міліцыянера...
Потым, пакінуўшы 7-ю роту пры 2 кулямётах для далейшых дзеянняў, тав. Петухоў са сваім атрадам вярнуўся назад у Віцебск.
Настрой на месцах, па паведамленню тав. Петухова, вельмі добры. Уся бедната аб'ядноўваецца супраць кулакоў, заможных хутаран і спекулянтаў, узнімаючых непамерна цэны на усе прадукты. Пры валасным Савеце арганізуецца ўзвод Чырвонай Арміі...»
(Комитеты бедноты Белоруссии. Мн., 1958. С. 80-81).
У гэтым жа нумары газеты «Известия Витебского губернского Совета» была надрукавана падзяка Дабрамыслянскага валаснога Савета чырвонаармейцам 2-га Савецкага палка за хуткую ліквідацыю контррэвалюцыйнага мяцяжу.
Нягледзячы на супраціўленне з боку заможнага сялянства да лістапада 1918 г. ў Дабрамыслянскай, Лёзненскай, Высачанскай валасцях было арганізавана 49 камбедаў. Тым не менш веска не прыняла камбеды як чыста пралетарскую форму арганізацыі. 3 эканамічнымі задачамі, перш за ўсё з улікам і кантролем збожжа, камбеды справіліся не больш чым на 30 %.
Метады вырашэння харчовай праблемы прывялі да надзвычайнага абвастрэння становішча ў вёсцы, даўшы падставы да масавых паўстанняў сялян-сераднякоў і часткі беднаты. VI Усерасійскі з'ездСаветаў (6-Элістапада 1918 г.) прыняў рашэнне аб зліцці камбедаў з Саветамі і перавыбарах усіх валасных і сельскіх Саветаў. У Магілёўскай і Віцебскай губернях зліццё камбедаў з Саветамі адбылося ў студзені-лютым 1919 г.
Барацьба супраць унутранай і знешняй контррэвалюцыі патрабавала напружання сіл краіны. 2.9.1918 г. пастановай ВЦВК Савецкая рэспубліка абвешчана ваенным лагерам. У 1918-1919 гг. праведзены надзвычайныя эканамічныя і палітычныя мерапрыемствы, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай палітыкі «ваеннага камунізму». На неакупіраванай тэрыторыі Беларусі, у якую ўваходзіла і Лёзненшчына, праводзілася нацыяналізацыя буйной і сярэдняй прамысловасці. У сакавіку-верасні 1918 г. ў 12 паветах Заходняй вобласці было нацыяналізавана 31 прамысловае прадпрыемства, у тым ліку і Высачанская льнопрадзільная фабрыка. Аднаўлялася работа прамысловых прадпрыемстваў. Працоўныя змагаліся з эканамічнай разрухай, дапамагалі Чырвонай Арміі. Але становішча аставалася надзвычай цяжкім, рабочыя і служачыя цярпелі вялікія матэрыяльныя нястачы.
У акце прыняцця ў Віцебскі павет і губерню Дабрамыслянскай воласці ў пачатку жніўня 1919 г. гэта становішча характарызуецца так: «Зямля ў воласці апрацавана не ўся з-за адсутнасці насення. Харчовае пытанне нездавальняючае. Насельніцтва моцна пакутуе з-за адсутнасці прадметаў першай неабходнасці: солі, цукру, газы, мануфактуры, кос, плугоў і г. д. На гэтай глебе моцна развіта спекуляцыя... У воласці ёсць адзіны культурны маёнтак «Зачэрня», у якім налічваецца 22 каровы, 5 коней і 10 галоў дробнай жывёлы. Зямлі апрацавана частка, астатняя пустуе.
Акрамя таго маюцца маёнтак «Перамонт», дзе зямля апрацоўваецца часткова, пяццю-шасцю сямействамі, і маёнтак «Заазер'е», дзе амаль уся зямля пустуе». Аб цяжкім становішчы працоўнага насельніцтва Лёзненшчыны сведчыць яго зварот у Лёзненскі валвыканком 8 мая 1919 г.: «Не атрымліваючы больш трох месяцаў жалавання, а таксама доўгі час паложанага харчовага пайку і не маючы іншых сродкаў для пражытку, звяртаемся ў выканком з просьбай аб забеспячэнні нас у самы хуткі час харчовым пайком у памеры аднаго пуда мукі ў месяц, а таксама іншымі прадуктамі».
Ва ўмовах эканамічнай разрухі адбываліся пераўтварэнні ў галіне культуры. 29 верасня 1918 г. заснавана Лёзненскае культурна-асветнае таварыства, якое адкрывала школы для дарослых, бібліятэкі, хаты-чытальні, арганізоўвала народныя чытанні, лекцыі, народныя вечары, спектаклі, канцэрты, займалася пытаннямі пазашкольнага выхавання дзяцей. У 1918-19 гг. былі створаны Лёзненская грамадская бібліятэка з аддзеламі ў весках Заволыпа, Малькава, Лёзненскі гурток пралетарскай культуры, культурна-асветны гурток вёсак Матушова, Куляціна, Макаранкі.
Адбываліся змены ў сістэме народнай адукацыі. У Дабрамыслянскай воласці ў кастрычніку 1919 г. насельніцтва было 12 645 чалавек, з іх пісьменных - 1200, непісьменных - 11 445.
У 1918-20 гг. у выніку пераўтварэнняў у галіне народнай адукацыі склалася адзіная працоўная школа двух ступеней: 1-й ступені для дзяцей ад 8 да 13 гадоў, 2-й ступені - для юнакоў і дзяўчат да 17 гадоў. У кастрычніку 1918 г. пры Лёзненскім валасным выканкоме быў арганізаваны аддзел народнай адукацыі, у Лёзненскай воласці ў лістападзе 1918 г. было 10 школ, у Лёзне дзве школы 1-й ступені, адна - 2-й ступень У Дабрамыслянскай воласці ў ліпені 1919 г. было 14 школ 1-й ступені.
Пра грамадскапалітычнае становішча ў Лёзненскай воласці ў красавіку 1919 г. сведчыць выпіска з анкеты, якая захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці: «Культу рнаасветная работа вядзецца настаўнікамі, дзеці наведваюць школу ахвотна; сельскія Саветы працуюць вельмі дрэнна; жанчыны ў грамадскай рабоце не ўдзельнічаюць; млын знаходзіцца ў кепскім стане; камун у воласці няма, арцелей некалькі; савецкая агітацыя вядзецца рэдка, аб антысавецкай агітацыі не даносяць з-за кепска арганізаваных зносін з вёскамі; адносіны насельніцтва да мабілізацыі і рэквізіцый жывёлы і прадуктаў варожае; да камуністычных ячэек сялянства адносіцца недаверліва; у вёснах камуністычных ячэек няма; у воласці ёсць хаты-чытальні, газеты чытаюць пісьменныя; шмат высечана самавольна лесу і патрэба ў ім вялікая».
У жніўні 1919 г. адбыліся змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле - Лёзненская, Высачанская і Дабрамыслянская воласці ўвайшлі ў склад Віцебскага павета Віцебскай губерні. Была прынята пастанова скасаваць гарадскі Савет заштатнага г. Бабінавічы, а замест яго стварыць пасялковы Савет. Паводле звестак, на 20 жніўня 1919 г. ў Веляшковіцкай воласці было 13 631, у Лёзненскай - 9394, у Дабрамыслянскай - 10 122, у Высачанскай - 11 886 жыхароў.
У Лёзне насельніцтва было 2055, Калышках - 1433, Бабінавічах - 1386, Дабрамыслях - 603 чалавекі.
У матэрыялах Віцебскага дзяржаўнага архіва за 1919 г. адзначана, што ў гэты час ужо існавалі сялянскія Саветы. Перавыбары іх складу адбываліся праз кожныя 3 месяцы на сходах грамадзян сялянскага Савета. Так, у справаздачы Высачанскага валвыканкома ў жніўні 1919 г. адзначана, што ў воласці ёсць 42 сялянскія Саветы, у справаздачы па Дабрамыслянскай воласці пералічаны 19 сялянскіх Саветаў.
У сувязі з абвастрэннем абстаноўкі на фронце ў маі 1919г. Лёзненскі валвыканком прыняў тэрміновыя меры для ўзмацнення ваеннай работы. Сельскім Саветам было загадана ахоўваць чыгунку і масты, за выкананнем быў наладжаны строгі кантроль, быў праведзены збор грашовых сродкаў у карысць чырвонаармейцаў, якія па магчымасці забяспечваліся хлебным пайком, кватэрамі, агародамі. У гэтых складаных умовах не заціхала класавая барацьба.
Прыблізна 22-24 жніўня 1919 г. ў раён станцыі Заволыпа быў высланы атрад губчэка з 35 чалавек на чале з камісарам сакрэтна-аператыўнага аддзела Мяжынскім для збору зброі па вёсках. Мяжынскі быў забіты контррэвалюцыянерамі. Атрымаўшы гэта паведамленне, губчэка выслаў новы атрад з 70 чалавек з кулямётамі. Непадалёку ад чыгункі пад в. Заволыпа, за 50 вёрст ад Віцебска, атрад выявіў значную канцэнтрацыю сіл «зялёных». Уступаць у бой з імі не было сэнсу, таму, захапіўшы цела забітага Мяжынскага, атрад адышоў да станцыі, каб па телеграфе запатрабаваць дапамогу з Віцебска. Але на падыходзе да станцыі на атрад напалі «зялёныя». Яны з бліжэйшага лесу адкрылі ружэйны агонь. Атрад чырвонаармейцаў быў рассеяны, «зялёныя» захапілі кулямёты. 28 жніўня для канчатковай ліквідацыі контррэвалюцыянераў быў высланы ўзброены атрад з 300 чалавек.Распаўсюджаны былі выпадкі, калі мясцовае насельніцтва ігнаравала прызыў у Чырвоную Армію. 26 верасня 1919 г. быў разгромлены Дабрамыслянскі валвыканком, знішчаны ўсе справы валваенкамата, а таксама ўсе спісы прызваных, у воласці налічвалася 800 дэзерціраў.
19 лістапада 1919 г. ў Лёзненскай і Мікулінскай валасцях на лініі вёсак Калышкі - Веляшковічы белагвардзейцы павялі наступление ў паўднёва-заходнім напрамку. Былі прыняты меры для спынення гэтай акцыі. Па-ранейшаму Лёзненшчына знаходзілася паблізу тэатра ваенных дзеянняў. Для абароны заваёў рэвалюцыі ў прыфрантавой паласе ствараліся рэўкомы.
3 студзеня 1920 г. быў арганізаваны Калышкаўскі рэўком. Яго старшынёй выбраны 3. П. Філіпоўскі. Былі створаны аддзелы: фінансаў, упраўлення, эканамічны, харчовы, кватэрны, мясцовая міліцыя. 27 студзеня рэўком на сваім пасяджэнні разгледзеў пытанні: аб зборы цёплых рэчаў для фронту, аб высечцы дроў для савецкіх устаноў, аб стварэнні ў мястэчку Калышкі аддзела народнай адукацыі. Рэўком прыняў рашэнне хадайнічаць перад Віцебскім паветрэўкомам і павятовым аддзелам народнай адукацыі аб стварэнні пры Калышкаўскім рэўкоме аддзела народнай адукацыі. Віцебскі павятовы аддзел народнай адукацыі задаволіў гэта хадайніцтва.
У 1922 г. ў Калышках працавалі 2 школы: 7-гадовая (296 вучняў, 7 настаўнікаў) і 1-й ступені (119 вучняў, 3 настаўнікі).
Рэўком вёў барацьбу са спекуляцыяй і асобамі, вінаватымі ў гэтым. На пасяджэнні 14 студзеня 1920 г. было разгледжана пытанне аб канфіскацыі маёмасці ў грамадзяніна м. Калышкі Ёселя Пудавіка за тайны забой жывёлы і вываз мяса ў Лёзна, а таксама за іншую спекуляцыю. Рашэнне прынялі даволі строгае: «Усю маёмасць Пудавіка лічыць канфіскаванай і перадаць яе ў мясцовы харчовы камітэт, а на вінаватых скласці пратакол і накіраваць яго ў губчэка».
У красавіку 1920 г. рэўком разгледзеў пытанне аб надзяленні коньмі земляробаў м. Калышкі і прыняў рашэнне аб канфіскацыі ў «непрацоўнага насельніцтва 20 коней і перадачы іх земляробам, якія коней не маюць». На пасяджэннях рэўкома заслухоўваліся справаздачы загадчыкаў аддзелаў, разглядаліся пытанні па водазабеспячэнню мястэчка, адкрыццю бальніцы, стварэнню санітарнай камісіі і інш. У матэрыялах Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці няма звестак аб даце скасавання Калышкаўскага рэўкома, але дакладна ўстаноўлена, што ў сакавіку 1921 г. ў Калышках ужо функцыяніраваў местачковы Савет.
У 1921 г. ў Калышках было 1594 жыхары, у тым ліку мужчын 715, жанчын 879. У 1918-22 гг. на Лёзненшчыне, паводле архіўных звестак, шырока распаўсюдзіліся эпідэмічныя захворванні: іспанка (1918 г.), дызентэрыя (1920 г.), сыпны тыф (1919-22 гг.).
Ва ўмовах грамадзянскай вайны цяжкае эканамічнае становішча насельніцтва, голад, захворванні, нястача хлеба і солі яшчэ больш пагаршаліся харчразвёрсткай.
31 кастрычніка 1920 г. газета «Звязда» паведамляла: «Сяляне Лёзненскай і Веляшковіцкай валасцей Віцебскай губерні здалі звыш гадавога хлебнага нараду 500 пудоў хлеба кожная». Такім чынам, пасля здачы харчразвёрсткі сялянскія двары засталіся пустымі.
Новыя абставіны пасля грамадзянскай вайны патрабавалі ўмацавання саюзу рабочага класа і сялянства на эканамічнай аснове. Для аднаўлення эканомікі неабходна было паскорыць развіццё сельскай гаспадаркі. Абавязковая здача сялянамі ўсіх лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі дзяржаве падрывала іх зацікаўленасць у развіцці гаспадаркі, выклікала незадаволенасць. 3 переходам да новай эканамічнай палітыкі харчразвёрстка заменена меншым па памеры харчпадаткам. Пасля яго выплаты сяляне маглі лішкі прадуктаў свабодна прадаваць.
На канферэнцыі беспартыйных 10 верасня 1921 г. грамадзяне Высачанскай воласці з задавальненнем сустрэлі вестку аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам.
У гады нэпа праводзіўся курс на каапераванне дробнай вытворчасці. Так, 1 снежня 1921 г. пачаў фактычную работу Віцебскі тэкстыльны трэст, у які ўвайшлі Высачанская льнопрадзільная фабрыка «Высачаны» і завод «Касцяёва» Высачанскай воласці.
У вёсцы пашыраліся спажывецкія, крэдытныя і збытавыя кааператывы, ствараліся калектыўныя гаспадаркі, аднаўляліся саўгасы. У дакладзе аб стане кааператыўнай сеткі Высачанскага раёна за 1925 г. прыводзяцца звесткі аб тым, што сельскагаспадарчай кааперацыяй ахоплена 38 % гаспадарак раёна, спажывецкай кааперацыяй - 3387 чалавек, або 34,7 %, усяго кааперавана па ўсіх відах кааператыўнай дзейнасці 3781 чалавек, або 67 % усіх гаспадарак.
Асобую ролю ў аднаўленчы перыяд адыгрывалі сельскагаспадарчыя камуны, створаныя яшчэ ў 1918-19 гг., працоўныя арцелі, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі. У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці захоўваецца акт ад 16 мая 1922 г., у якім адзначана, што ўжо ў 1918 г. ў Дабрамыслянскай воласці была створана камуна «Вішняк». Складалася яна з 7 сем'яў; Канстанціна Кавалёва, Міхаіла Сарокіна, Мяфодзія Гапеева, Ільі Ільюшчанкі, Міхаіла Сцепаненкі, Акуліны Голубевай і Сцепаніды Яшчанкавай.
У ліпені 1919 г. ў камуну ўваходзіла 15 сем'яў. У ёй было 18 кароў, 6 коней і 12 галоў іншай жывёлы. У кастрычніку 1924 г. камуна «Вішняк» перададзена ў склад працоўнай земляробчай арцелі імя Вінчэўскага.
У 1919 г. былыя батракі і сяляне вёсак Малькава і Якубаўшчына Лёзненскай воласці пад кіраўніцтвам старшыні камітэта сялянскай беднаты Івана Якаўлевіча Версана стварылі камуну на базе маёнтка «Альхімкава». Першымі яе членамі сталі Пётр і Захар Кукушкіны, Стафан Паўленка, Пётр Бярозка. Паводле звестак, на май 1919 г. ў Веляшковіцкай воласці былі камуны «Прагрэс», «Кавалі», «Зібяргува», «Хучэўская», у Каралёўскай воласці - «Стасева», «Хацямлянская» і «Кавалі». У 1922 г. камуны «Хучэўская» і «Зібяргува», як не прыняўшыя статута і размешчаныя на хутарах, пераведзены ў таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі.
У сакавіку 1925 г. ў в. Забалацце Крынкаўскага сельсавета арганізавана сельскагаспадарчая камуна «Інтэрнацыянал». Яна ўтварылася ў выніку добраахвотнага зліцця некалькіх хутарскіх гаспадарак. Старшынёй быў выбраны Карп Іванавіч Пурвін. Зямельная плошча складала 75,5 дзесяціны, у камуне лічылася 39 чалавек, з іх 22 працаздольныя.
Першыя саўгасы на Лёзненшчыне былі створаны ў 1918-19 гг. У лістападзе 1918 г. арганізаваны саўгас «Крынкі». У 1920 г. ў гаспадарцы было 325 дзесяцін зямлі, у тым ліку пад ворывам - 196, лугамі - 69, садамі - 5, агародамі - 3, паркам - 3. Іншыя землі склалі 52 дзесяціны. Абслугоўвалі гаспадарку 17 рабочых-паляводаў, 5 жывёлаводаў, 4 тэхнічныя работнікі.
У 1919 г. арганізаваны саўгас «Адаменкі». У 1920 г. ў гаспадарцы было 452 дзесяціны зямлі, 35 коней, 63 каровы, 15 авечак, 19 свіней і інш., працавала 17 рабочых і служачых.
Паводле звестак, на 31 студзеня 1922 г. на Лёзненшчыне існавалі саўгасы «Міхайлова», «Зачэрня», «Емельянова», «Заволыпа», «Альхімкава», «Перамонт», «Станіславова-Чарнаручча».
Лёзненшчына стаяла напярэдадні калектывізацыі, якая павінна была ўмацаваць новы лад.
Лёс калышанскай царквы Архістраціга Міхаіла
(1917-1930 г.г.)
Падзеі кастрычніка 1917 года сталі своеасаблівай мяжой у жыцці грамадства. Яны паклалі пачатак актыўнаму процістаянню паміж традыцыйным і новым побытам. Упершыню за многія стагоддзі панавання хрысціянства паўстала пытанне пра неабходнасць існавання рэлігіі, а так-сама ўсіх яе зямных атрыбутаў.
Але ад старых звычак позбаўляцца заўсёды надта цяжка. Вось і пасля рэвалюцыі многія з камуністаў працягвалі наведваць храмы, што насуперак усяму працягвалі дзейнічаць і збіраць прыхаджан. Адны з іх прыходзілі сюды, каб памаліцца Богу. Іншыя ж мелі тут зусім супрацьлеглыя мэты. Адпаведна, першыя атрымлівалі вымовы ці нават выганяліся з радоў Камуністычнай партыі, іншых жа мясцовыя ўлады дзякавалі за пашырэнне атэізму (па нашаму -"бязбожжа") сярод працоўных мас. У нечым падобна склаўся лёс і царквы, размешчанай у тагачасным мястэчку Калышкі. Служкі савецкай улады заглядвалі сюды неаднаразова. Сведкамі тых адносна недалёкіх падзей сталі разнастайныя документы, складзеныя падчас такіх візітаў. Цяпер пэўная частка папер захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці. На падставе іх і будзе весціся дальнейшы аповед 1917-ы год для калышанскай праваслаўнай царквы стаў адметным не толькі ўсталяваннем асаблівых адносінаў до рэлігіі, але і ў назначэнні ў храм новага святара. Менавіта Мікалаю Іванавічу Кулюкіну давялося пера несці шмат цяжкасцей, якія выпалі на долю дадзенага прыхода.
У наступным 1918-м годзе ў царкве з'явіліся нечаканыя госці - дэлегацыя мясцовых партыйных работнікаў. Яны вывезлі адсюль метрычныя кнігі за апошнія дзесяцігоддзі і накіраваліся з імі ў Калышанскі рэвалюцыйны камітэт. Там дакументы захоўваліся пэўны час, пакуль не былі перавезены ў Лёзненскі валасны выканаўчы камітэт. Варта зазначыць, што камуністы дзейнічалі ў адпаведнасці з законамі (сваімі савецкімі законамі), бо "Дэкрэт аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў грамадзянскага стану" быў прыняты яшчэ ў снежні 1917 года. Згодна з ім рэгістрацыя шлюбаў, нараджэнняў і смерцяў пераходзіла да савецкіх устаноў.
Гэта быў першы крок па змяншэнню ролі царквы ў паўсядзённым жыцці чалавека. Наступныя меры будуць больш жорсткімі і вычварнымі. Асноўнай і канчатковай мэтай у сферы духоўных спраў хутка будзе абвешчана поўнае выкараненне рэлігіі. У якасці замены людзям прапануюць так званую камуністычную мараль. Але, нягледзячы на ўсе намаганні, яна не будзе поўнасцю прывгта ў грамадстве, старая ж па ідэалогіі акажацца ледзве не цалкам знішчанай. У выніку пасля распаду савецкай дзяржавы яе насельніцтва апынецца на краі духоўнай бездані...
Але ж вернемся ў мінулае! У хуткім часе пасля ўсталявання савецкай улады мясцовая адміністрацыя пачала збіраць звесткі пра колькасць дзеючых рэлігійных устаноў. 3 гэтай нагоды 20 верасня 1919 года Веляшковіцкі валасны выканкам паведаміў у Віцебскае губернскае статыстычнае бюро, што на тэрыторыі воласці, падпарадкаванай яму, існуе тры праваслаўныя прыходы. Сярод іх быў названы і калышанскі. Уся гэта інфармацыя ў далейшым спатрэбілася камуністам для арганізацыі ўзмоцненага наступу на царкву. Зручнай зачэпкай для яго ажыццяўлення стаў голад у Паволжы. Заяўляючы пра неабходнасць дапамогі пацярпелым ад неўраджаю, бальшавікі спустошылі мноства храмаў. Дзякуючы архіўным матэрыялам, можна прасачыць, як адбывалася рабаўніцтва калышанскай царквы. Першапачаткова - 6 красавіка 1922 года сюды завітала спецыяльная камісія. Яе члены не давералі старым інвентарным кнігам, таму склалі спецыяльны акт, дзе старанна пералічылі ўсе каштоўнасці, якія меліся ў храме. Наступны раз святар прымаў гасцей недзе ў канцы красавіка-пачатку мая таго ж года. У працэсе сустрэчы быў складзены "Пратакол № 7 пасяджэння падкамісіі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей Віцебскага павета". У дакуменце зноў пералічваліся ўсе рэчы, вартыя ўвагі (усяго больш за 20 прадметаў). Развітваючыся, камуністы адразу пажадалі забраць з сабой два сярэбраныя паціры, два дыскасы, дзве звяздзіцы, дзве лыжачкі, сярэбраную даразакавальніцу, дараносіцу, карэц, вокладку ад «Евангелля», два сярэбраныя крыжы. «Шчодрыя госці», адчуўшы сябе гаспадарамі, пакінулі ў царкве "для часовага карыстання" пацір з невядомага металу, даразахавальніцу, дараносіцу, сярэбраны крыж, лыжачку, дыскас і звяздзіцу. Усе астатнія каштоўнасці святар пад асабістую адказнасць быў абавязаны здаць мясцовым уладам не пазней за 15 мая. На тым пакуль што і разышліся.
10 ліпеня 1922 года ў Віцебску сабралася губернская камісія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей, каб падвесці вынікі ўсёй працы, зробленай на месцах. Усе сабраныя рэчы былі акуратна перагледжаны і ўпакаваны ў скрыню. Адначасова камісія склала вопіс каштоўных прадметаў. У ім нарабаванае багацце з калышанскай царквы чамусьці пералічваецца дзвюма асобнымі часткамі. Спачатку запісаны восем прадметаў культу агульнай вагой 5 фунтаў 17 залатнікоў (у перакладзе ў сучасныя адзінкі вагі атрымліваецца 2.120,09 грама). Затым пазначаны яшчэ 16 прадметаў, у тым ліку 10 частак-накладак з «Евангелля». Усе яны разам важылі 5 фунтаў і 36 залатнікоў, альбо 2.201,22 грама. Значыць, усяго калышанская царква дала савецкай уладзе больш як 4,3 кілаграма срэбра.
Выцягнуўшы з местачковага храма каштоўны метал, павятовыя ўлады часова задаволіліся і вырашылі не замінаць яго дзейнасці. Пісьмовым сведчаннем таму стала даведка, выдадзеная 19 ліпеня 1923 года калышанскаму прыходскаму савету выканаўчым камітэтам саветаў працоўных, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Віцебскага павета. Паперка стала доказам таго, што прыходскі савет прызнаны ў складзе пяці чалавек, а ўсяго калышанская праваслаўная абшчына налічвае 50 асоб.
Больш-менш спакойнае жыццё святара было парушана ў 1925 годзе. Прыкладна ў ліпені-верасні (на жаль, немагчыма паведаміць дакладную дату) да яго завітала некалькі чалавек, а менавіта загадчык калышанскай школы, сакратар сельсавета, загадчык хаты-чытальні ды старшыня сялянскага камітэта. Гэтыя асобы мелі мэтай выявіць у царкве архіў, бібліятэку і рэчы, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць. Усе свае-назіранні вышэйпамянёныя таварышы запісалі ў "Апытальны ліст пра царкоўныя і манастырскія архівы". Дадзены дакумент апроч асноўнай інфармацыі ўтрымлівае ў сабе яшчэ крыху дадатковых цікавых звестак. Напрыклад, тое, што храм быў пабудаваны ў 1864 годзе самімі прыхаджанамі і названы ў гонар Архістраціга Міхаіла - правадыра нябеснага воінства. Царква была драўлянай і мела адзін прастол. Наконт архіва паведамлялася наступнае. Ён знаходзіўся пад наглядамі царкоўнага савета, але фактычна ім загадваў святар - айцец Мікалай. Архіў захоўваўся ў рызніцы ў шафе. Адначасова у анкеце зазначалася, што месца гэтае - небяспечнае для ўтрымання тут разнастайных папер, бо і шафа, і сама царква - драўляныя.
Сам архіў аказаўся дастаткова багатым і змястоўным. Ён складаўся з царкоўнага летапісу за 1872-1873 і 1877-1909 гады, клірных ведамстваў, метрычных кніг за 1835-1840 ды 1918-1925 гады (узгадаем, што астатнія былі забраны з царквы яшчэ ў 1918 годзе), запісаў споведзяў 1891 года і 1913-1925 гадоў, шлюбных вышукаў, што занатоўваліся з перапынкамі ў 1827-1904 гадах, прычым да 1833 года запісы тут вяліся на польскай мове, пяці прыхода-расходных кніг, якія ахоплівалі 1843-1904 і 1917-1919 гады. Таксама ў калышанскай царкве быў выяўлены тэкст літургіі, датаваны 1846-м годам. Левая старонка была напісана на "славянскай" мове (верагодна, на стараславянскай), а правая з тым жа самым тэкстам - на яўрэйскай. У рэшце рэшт, агульная змястоўнасць і якасць архіва была вызначана камуністамі ў такіх адзінках вагі, як пуды і фунты. Згадзіцеся, больш мэтазгодна вызначаць агульную колькасць кніг і іх храналагічны ахоп. Хаця, яшчэ невядома, для якіх мэт прыхільнікі Саветаў збіраліся выкарыстоўваць царкоўны архіў. Дык вось, усе матэрыялы важылі 6 пудоў 20 фунтаў (ці 106,47 кілаграма). Што датычыцца бібліятэкі калышанскага храма, то яна змяшчала ў сабе кнігі, неабходныя для набажэнстваў. Кнігі рэлігійнага зместу і газеты "Епархіяльныя ведамасці".
У той жа дзень ахвочыя да чужога багацця камуністы старанна агледзелі ўнутранае ўбранне царквы. Ім удалося выявіць "распяцце драўлянае на ахвярніку польскага ўплыву на рэлігію" і "абраз Мікалая Цудатворцы каталіцкага пісьма часоў Уніі", на якім была выканана разьба па дрэве ў форме галінак. Абедзве рэчы былі прызнаны атэістамі, як "адметныя па старажытнасці і арыгінальнасці".
Атрымліваецца, што хрысціянскі храм існаваў у Калышках яшчэ ў першай трэці XIX стагоддзя (самыя раннія матэрыялы царкоўнага архіва датаваны 1827-м годам). Магчыма, гэта быў каталіцкі касцёл ці, яшчэ верагодней, уніяцкая царква. Тады з 1839 года яна павінна была быць далучана да рускай праваслаўнай царквы. Можна меркаваць, што ў пачатку 1860-х гадоў будынак старога храма аказаўся ў дрэнным стане, і ўзнікла патрэба ва ўзвядзенні новай царквы, якое было завершана да 1864 года. Тады ж царква Архістраціга Міхаіла атрымала ў спадчыну не толькі ўсю маёмасць старога храма, але і абавязак несці людзям слова Боскае.
Так працягвалася ўсю другую палову XIX стагоддзя і амаль дваццаць гадоў XX стагоддзя. Тое, што калышанская царква дзейнічала ў 1928 годзе, можна сцвярджаць з упэўненасцю. Бо ў "Спісе цэркваў і малітоўных дамоў усіх рэлігій па Віцебскай акрузе", складзеным у тым годзе, пад № 226 запісана калышанская праваслаўная абшчына ў мястэчку Калышкі Лёзненскага раёна. У гэты ж час быў складзены "Спіс служачых рзлігійных культаў, зарэгістраваных Віцадмаддзелам па Лёзненскаму і Высачанскаму раёнах на 1 кастрычніка 1928 года". Тут трэцім пазначаны Кулюкін Мікалай Іванавіч - святар з м. Калышкі. Але наглядаць за сваім прыходам яму заставалася лічаныя месяцы. Дзесьці ў прамежку часу з канца 1928 года да пачатку 1930-га местачковая царква была зачынена.
Але 31 сакавіка 1930 года адбылася спроба вернікаў вярнуць сабе храм, выгначыць адтуль чужынцаў. Дзеля гэтага перад будынкам сельскага Савета сабралася каля 200-250 чалавек. Згодна з умовамі старшыні сельсавета, местачкоўцы, доўга не думаючы, сабралі подпісы і арганізавалі абшчыну. Нягледзячы на свае абавязкі і праведзеную работу, прадстаўнік мясцовай улады не спяшаўся аддаваць храм ў распараджэнне веруючых. Дарэчы, у архіўных дакументах за 1930-я гады не трапляецца звестак пра дзейнасць праваслаўнай царквы ў мястэчку Калышкі. 3 гэтага можна зрабіць выснову, што храм так і застаўся зачыненым. Але ён працягваў стаяць у Калышках яшчэ даволі доўга, бо на тапаграфічнай карце, складзенай у чэрвені 1941 года для генеральнага штаба Чырвонай Арміі, пазначана месцазнаходжанне гэтага культавага будынка. Ён стаў своеасаблівым сімвалам слабасці чалавечай веры, заганнай нерашучасці і маўкліва сведчыў пра тое, што пасіўнае чаканне ніколі не прывядзе да пастаўленай мэты. Мара стане часткай жыцця толькі праз дзеянне, настойлівасць і мэтанакіраванасць.
К. Карпекін, студэнт гістарычнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава
Калышкаўскія грошы
Сярод вялікай колькасці папяровых грошай, якія выпускаліся ў першыя гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, адны з першых з'явіліся на Беларусі.
Насельніцтву і мясцовым савецкім органам не хапала грашовых сродкаў, таму некаторыя рэўкомы і грамадскія ўстановы друкавалі грошы. У шэрагу гарадоў Беларусі былі ўласныя грошы - боны. Іх выпускали розныя ўстановы для сваіх служачых. Так, у Бабруйску былі боны савецкай сталоўкі прадкома, ваенна-спажывецкага таварыства «Чырвоны стралок», у Чэрвені - боны Цэнтральнага рабочага кааператыва «Грамадзянін». Выпуск мясцовых грошай быў наладжаны ў 1918 г. ў мястэчку Калышкі Лёзненскай воласці. Тут быў востры недахоп дробных разменных грошай, таму праўленне абшчыны, у руках якой быў увесь мясцовы гандаль, выпусціла грашовыя знакі дробных наміналаў - 1, 2, 3, 4, 5 і 10 рублёў. Надпісы на бонах былі зроблены на дзвюх монах - беларускай і яўрэйскай.З усіхвядомых цяпер выпускаў мясцовых грошай на Беларусі калышкаўскія боны - першыя з беларускім тэкстам. У левым ніжнім баку боны стаяла круглая пячатка абшчыны з надпісам «Калышкі Віцебск. губ.». На гэтым жа баку былі подпісы старшыні абшчыны, сакратара і казначэя, зробленыя чарніламі. На адваротным баку боны стаялі дата, нумар і подпіс: «Праўленне абшчыны Калышкі Віцебскай губерні». Грошы друкаваліся на тонкай паперы ў ружовасінім колеры. На бонах ставілася пячатка - круг з лічбай, якая вызначала каштоўнасць боны.
Калышкаўскія боны распаўсюджваліся не толькі на тэрыторыі мястэчка і ў навакольных вёсках, але і ў Лёзне. Прымаліся гэтыя боны і ў Віцебску, але толькі тымі, хто быў знаёмы з асобамі, якія паставілі подпісы на грошах. Калышкаўскімі грашыма насельніцтва карысталася некалькі месяцаў - да паяўлення першых савецкіх грашовых знакаў. Пасля гэтага калышкаўская абшчына абмяняла боны на савецкія грошы.
Паводле liozno.narod.ru