Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лёзненскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Навіны раёна

25 мая 2020 года

У жыцця музыкальны пачатак

 Немаўлятка, пачуўшы матчыну калыханку, заспакойваецца і хутчэй засынае. Нават яшчэ не навучыўшыся хадзіць, дзіця спрабуе танчыць на каленках у бацькоў пад рытмічную бадзёрую мелодыю. Таму, без сумнення, можна сцвярджаць, што чалавеку без музыкі ад самага нараджэння ну ніяк не пражыць. І ў святы, і ў будні яна суправаджае нас, стварае добры настрой, дапамагае ва ўсіх справах.  
 Для сённяшняга майго субяседніка – дырэктара ДУА “Лёзненская дзіцячая школа мастацтваў” А.А. Барысевіча музыка стала прафесіяй, без якой ён не ўяўляе сябе, і работу сваю выконвае з любоўю, адказна. Сёлета Аляксандр Антонавіч адзначаны за працоўныя поспехі – партрэт яго змешчаны на раённай Дошцы гонару.
 Па словах музыканта, схільнасці да прафесіі вызначыліся ў яго у дзяцінстве, якое прайшло ў гарадскім пасёлку Ушачы.  
 – Бацькі вельмі клапаціліся, каб я і старэйшы брат Уладзімір стараліся вучыцца, змаглі атрымаць вышэйшую адукацыю, і да сёмага класа я быў выдатнікам, – – успамінае Аляксандр Антонавіч. – Мама Марыя Феліксаўна працавала краўчыхай у быткамбінаце, а тата Антон Іванавіч – намеснікам начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва. Дарэчы, дома быў гармонік, на якім ён на слых іграў народныя песні. Нам таксама дазвалялася ўзяць у рукі інструмент. Я ціснуў на кнопкі і хутка навучыўся таму-сяму. Пачаў марыць, каб зайграць па-сапраўднаму. У дзевяць гадоў паступіў у мясцовую музыкальную школу ў клас баяністаў. 
 Час той быў вельмі насычаны. Пасля ўрокаў у агульнаадукацыйнай школе бег у музыкалку то на хор, то ў духавы ці баянны аркестр. А рэпетыцыі пачыналіся звычайна а восьмай гадзіне вечара, дамоў вяртаўся позна. Але ўсё гэта цікавіла, і вельмі вабіла. 
 Пасля заканчэння васьмігодкі ў 1978 годзе Аляксандр паступіўу Віцебскае музыкальнае вучылішча, дзе затым атрымаў дыплом настаўніка па класу баяна. Там пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай – аднакурсніцай Аленай. Яна таксама іграе на баяне. 
 Служыў хлопец на Чарнаморскім флоце ў якасці спецыяліста па шыфравальнай справе, бо яго музыкальныя пальцы вельмі добра валодалі і клавіятурай пішучай машынкі. 
 – Дзякуючы ваенна-марской службе шмат пазнаў, – падзяліўся мой субяседнік. – Наш карабель падыходзіў да берагоў Балгарыі, Сірыі, Югаславіі. Звычайна ў портах стаялі некаторы час, і , атрымаўшы часовае звальненне, можна было пабываць у гарадах, паглядзець іх славутасці. З той пары вельмі спадабаўся Крым. Менавіта туды шмат разоў ездзіў потым з сям’ёй адпачываць. 
 А.А. Барысевіч 5 гадоў настаўнічаў у Віцебску ў СШ № 1 з музыкальным ухілам і завочна вучыўся на музычна-педагагічным факультэце Мінскага дзяржаўнага педінстытута імя М. Горкага. Атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці настаўнік музыкі і спеваў. На той час сям’я Барысевіч жыла ўжо ў Лёзне, на радзіме Алены Пятроўны. І Аляксандр Антонавіч уладкаваўся тут мастацкім кіраўніком у РДК. Праз 5 гадоў яго назначылі дырэктарам дзіцячай школы мастацтваў. На гэтай пасадзе амаль чвэрць стагоддзя, і ўвесь час займаецца выкладчыцкай дзейнасцю.  
 На сённяшні дзень працоўны калектыў ДШМ (разам з філіялам, што ў Дабрамыслях) складае звыш 30 чалавек. Сямёра настаўнікаў прыязджаюць з Віцебска, а большасць – лёзненцы, пераважна тыя, хто сам калісьці вучыўся ў сценах гэтай навучальнай установы.  
 – Не ўсе нашы навучэнцы, вядома, ідуць у прафесію, – адзначае А.А. Барысевіч. – Але для агульнага развіцця гэта каштоўны складнік, бо веды, як вядома, лішнімі не бываюць. Некаторыя дабіліся пэўных поспехаў у галіне. Напрыклад, наш выпускнік Андрэй Пятроў прадоўжыў адукацыю ў Гамбургу, зараз узначальвае фірму па менеджменту ў мастацтве. Мы з жонкай думалі, што і наша адзіная дачка Кацярына пойдзе па нашых слядах. Яна скончыла поўны курс музыкальнай школы па класу фартэпіяна, удзельнічала ў конкурсах і добра паказвала сябе як піяністка. Але, калі прыйшоў час выбіраць прафесію, вырашыла інакш. Скончыла Маскоўскі энергетычны інстытут. Зараз прадпрымальнік у Смаленску. Знайшла што ёй патрэбна. Шасцігадовая ўнучка Стэфанія наведвае розныя гурткі: захапляецца танцамі, спявае, выступае ўжо на сцэне культурна-забаўляльнага цэнтра “Губернскі”. Пакуль што ёй гэта цікава.  
 У ДШМ з цягам часу пашыраецца кола адукацыйных паслуг, адкрываюцца новыя аддзяленні. Навучэнцы і настаўнікі актыўна ўдзельнічаюць ў шматлікіх конкурсах. Педагогі ў складзе народнага эстрадна-вакальнага ансамбля “Кансананс” і народнага аркестра народных інструментаў, якім кіруе А.А. Барысевіч. 
 Адно з паспяховых выступленняў – 3-е прызавое месца ў конкурсе “Спяваем з аркестрам” на фестывалі “Дубровенскія галасы”. Акрамя таго ўдзел у мерапрыемствах як у гарпасёлку, так і ў вёсках раёна, дзе кожны канцэрт – свята для людзей. 

Таццяна ІГНАЦЕНКА.
Сцяг Перамогі
Вернуться