Ёсць такія мясціны, якія зачароўваюць сваёй маляўнічасцю з першага позірку. Калі я апынулася на стромкім беразе возера Зяленскага ў тым самым месцы, дзе з яго бярэ пачатак рака Лучоса, то прыйшла ў захапленне. Перад вачыма адкрыўся дзівосны краявід на пранізаную сонечным святлом паверхню вадаёма, атуленага цёмна-зялёнымі гонкімі соснамі і елкамі. Паветра тут мае не толькі асаблівы водар, але нават смак, здаецца – не надыхацца!
Менавіта тут месціцца ўтульная сядзіба гаспадароў Андрэя і Наталлі Багдановічаў. Андрэй – адзін з чатырох братоў, якія нарадзіліся ў Бабінавічах,пусцілі тут карані, стварылі сем’і, нарадзілі дзяцей, гадуюць унукаў. Наталля родам з Гомельскай вобласці. У свой час вымушана была пераехаць у Віцебскую пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На вяселлі роднага брата і пазнаёмілася з Андрэем. Хлопцы разам вучыліся ў Віцебскай ветакадэміі. Літаральна падчас трэцяй сустрэчы з Наташай бабінавіцкі хлопец паклікаў яе замуж. Было гэта ў 1988 годзе.
Старэйшая дачка Ганна ўжо сама маці трох дзяцей. Яна, а таксама сярэдні сын Андрэй, жыве ў Бабінавічах. Малодшая Даша – вучаніца Дабрамыслінскай сярэдняй школы.
Сардэчнай дабрыні мужу і жонцы Багдановічам хапіла не толькі на родных дзяцей. На жаль, часам здараюцца такія складаныя жыццёвыя сітуацыі, калі дзеці не могуць жыць разам з роднымі бацькамі. І тады самымі блізкімі для безабароннага дзіцяці становяцца людзі, гатовыя ў складаны час падставіць плячо. Аднойчы прынялі адказнае рашэнне ўзяць на выхаванне дзетак і Багдановічы. Так у сям’і з’явілася дзесяцігадовая Хрысціна, а праз год – адзінаццацігадовая Насця. З той пары прайшло нямала часу. Хрысціна атрымала прафесію повара, зараз жыве ў Віцебску, гадуе сыночка Максіма. Анастасія скончыла Віцебскае кадэцкае вучылішча, заснавалася ў сталіцы. Чатыры гады ўжо клічуць татам і мамай Андрэя і Наталлю Юля і Саша. Дзяўчынка вучыцца ў чацвёртым класе, яе брат – у сёмым. Як прызнаюцца дзеці, адчуваюць яны сябе ў сям’і камфортна і ўтульна. Бацькі стараюцца рыхтаваць іх да самастойнага жыцця. Далучаюць да сумеснай працы па гаспадарцы, якая пастаянна патрабуе турбот. Трэба даглядаць кветнік, агарод, курэй, качак, козачак, пасеку. Разам працуюць, разам і адпачываюць – ходзяць у лес, на рыбалку, бавяць вольную часінку ля вогнішча…
Разам прымаюць удзел у грамадскіх справах. Кожны год Багдановічы як свядомыя грамадзяне ў рамках мясцовых суботнікаў разам з іншымі жыхарамі наводзяць парадак у родным населеным пункце. Гэтая вясна таксама не стала выключэннем. Старшыня Бабінавіцкага сельвыканкама О.П. Маржаедава звярнулася да Багдановічаў з просьбай дапамагчы прывесці ў парадак воінскае пахаванне ў аграгарадку. І гэта была не звычайная вясновая ўборка ад мінулагодняй лістоты і пажухлай травы. Справа ў тым, што надышла пара ліквідаваць старыя клёны і бярозы, якія пагражалі паваліцца на пліты з імёнамі загінуўшых воінаў. Для гэтай мэты сельвыканкам запрасіў з Віцебска брыгаду альпіністаў. Аварыйныя дрэвы былі спілены. Неабходна было вывезці іх з тэрыторыі могілак, прыбраць вецце і пілавінне. Дружная сям’я Багдановічаў рупліва працавала над пастаўленай задачай на працягу трох дзён. Затое цяпер ідэальна прыбранае пахаванне гатова сустрэць кожнага, хто з павагай і ўдзячнасцю схіляе галаву ля агульнай магілы.
Музейны захавальнік філіяла Бабінавіцкай сельскай бібліятэкі-музея Д.А. Багдановіч зрабіла невялічкі экскурс у гісторыю пахавання:
– З XVIII стагоддзя на гэтым высокім пясчаным пагорку размяшчаўся рымска-каталіцкі Троіцкі касцёл. Пра гэта сведчыць устаноўлены на святым месцы крыж. У 1965 годзе тут адбылося перазахаванне рэшткаў абаронцаў Радзімы, большая частка з якіх была раней пахавана на тэрыторыі былога дывізіённага шпіталя. Шпіталь знаходзіўся ў бабінавіцкіх непраходных лясах, што абумовіла яго недасяжнасць для ворага ў вайну, але склала цяжкасці для наведвання сваякамі ў мірны час. Тут знайшлі адвечны спакой больш за дзве з паловай тысячы воінаў Чырвонай арміі. Спіс прозвішчаў увесь час папаўняецца. Кожны год упершыню ў музей-бібліятэку звяртаецца каля дваццаці чалавек з просьбай высветліць ці ўдакладніць месца пахавання дарагога чалавека. Так, у мінулым годзе ўпершыню з Іжэўска прыязджалі пляменніцы старэйшага лейтэнанта Георгія Уткіна, якога доўгі час лічылі зніклым без вестак. Наведалі магілу дзядзькі ў Дзень Перамогі і сёлета.
Так, з моманту апошніх выбухаў Вялікай Айчыннай вайны прайшло нямала часу. Але наш абавязак – шанаваць памяць пра тых, хто аддаў жыцці дзеля мірнага блакіту нябёс над Радзімай. Тых самых нябёс, у якіх Багдановічы заўважылі лебядзіную пару, якая вярталася з выраю на возера Зяленскае, і якая прыходзіць ледзь не на самы двор сядзібы, бо лічыць сваё жыццё ў гэтых раскошных мясцінах бяспечным. Дарэчы, тое самае думаюць пра родную вёску і самі Багдановічы, іх дзеці і ўнукі, якія выгадаваліся на святой зямлі ў цудоўным кутку сярод шыкоўнай беларускай прыроды, якія ніколі не марылі пра іншую радзіму, іншае жыццё, іншую праўду…
Аўтар: Вольга ПІНЧУК, "Сцяг Перамогі"