Рус
Бел
Eng
Адрас: 211220, Віцебская вобласць, 
г.п. Лёзна, вул. Леніна, 79/2
Е-mail: info@lioznorik.by (для дзелавой перапіскі) 
обращения.бел - для зваротаў грамадзян і юр.асоб 
Тэлефон/факс: 8 (02138) 5-25-69, 5-22-61, 5-25-71 
 
ВКонтакте: Лиозненский райисполком 
Telegram: Лиозно. Официально
Алея Славы Чыгуначны вакзал Памятны знак "Танк" Раённы цэнтр культуры Аўтастанцыя
Алея Славы

Навіны раёна

31 студзеня 2020

Плынь творчасці і інавацый

 Для удзелу ў заключным этапе раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік-2019” 29 студзеня у СШ №1 гарпасёлка сабраліся педагогі Лёзненшчыны. За ганаровае званне сёлета змагаліся 20 удзельнікаў, 8 атрымалі права спаборнічаць ў фінале. 
  Педагогі дашкольнай адукацыі, настаўнікі пачатковых класаў, выкладчыкі біялогіі і хіміі прадставілі прэзентацыі свайго вопыту. Ацэнку ім давала журы ў складзе начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Р.А. Асірана, галоўнага спецыяліста М.М. Лаўрэцкай, загадчыка метадычнага кабінета А.П. Мураўёвай, метадыстаў А.М. Магілевец, Р.М. Хаванскай, Г.М. Даўгяла, В.Г. Дзерваеда. 
  Прадстаўнікі дашкольных устаноў В.В. Лазарава (дзіцячы сад № 3 г.п. Лёзна), А.У. Какойчанка (Зубкоўскі дзіцячы сад) падзяліліся вопытам работы з сем’ямі. Адметнымі формамі ўзаемадзеяння, сярод якіх разнастайныя конкурсы, акцыі, зносіны з бацькамі выхаванцаў праз інтэрнэт, арганізацыя сумесных гульняў і забаў. Дарэчы, сумесны творчы праект “Мая мама”, распрацаваны Аленай Уладзіміраўнай, станоўча адзначаны абласным інстытутам развіцця адукацыі. А выхавацель дзіцячага сада № 4 г.п. Лёзна Н.У. Гогарава расказала аб эфектыўнасці выкарыстання гульняў з кінетычным пяском для развіцця звязнай мовы дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. 
  Затым выступалі настаўнікі пачатковых класаў. Н. А. Злянко з Дабрамыслінскай СШ надае вялікую ўвагу даследніцкай дзейнасці ў навучальным працэсе з мэтай фарміравання ўстойлівай матывацыі да атрымання ведаў. Змест і аб’ём даследванняў прадугледжвае выхад за рамкі ўрокаў, абавязковых навучальных праграм. Доследная праца вучняў пад кіраўніцтвам Наталлі Аляксандраўны атрымала дыплом другой ступені ў абласным конкурсе “Вернісаж”. 
  А. М. Графянкова (СШ №1 г.п. Лёзна) лічыць гульню найбольш эфектыўным сродкам развіцця і навучання, той іскрынкай, якая запальвае агонь дапытлівасці. На ўроках матэматыкі Алена Міхайлаўна шырока выкарыстоўвае дыдактычныя гульні з прымяненнем сучасных тэхнічных сродкаў – інтэрактыўныя дошкі, ноўтбукі. Настаўніца – аўтар інтэрактыўнай гульні “Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь” і ў перспектыве збіраецца ўвесці гэты метад у заняткі па іншых прадметах. Апошнімі прадэманстравалі свае напрацоўкі настаўнікі хіміка-біялагічнага профілю. А.В. Лазарэнка з Высачанскай ЯСБШ аддае перавагу гульнявым прыёмам у выкладанні. На думку педагога, яны разнастаяць урок і дапамагаюць павысіць узровень пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў. А. А. Малаткова (СШ № 1 г.п. Лёзна) выйшла да трыбуны з сімвалічным “кошыкам ідэй”, якіх яна заўсёды чакае ад сваіх вучняў, разам з імі вядзе пошукі карыснай інфармацыі ў разнастайных крыніцах, вучыць апрацоўваць і прымяняць веды на практыцы. У арсенале настаўніка – па-сучаснаму абсталяваны кабінет, электронныя дапаможнікі, высокахуткасны інтэрнэт. 
  М. С. Крошкіна з Веляшковіцкай СШ на працягу трох гадоў выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў выкладанні біялогіі, эўрыстычныя і праблемныя элементы. У працэсе навучання школьнікам прадастаўляюцца такія сродкі як слайд-шоу, 3D-малюнак, анімацыя, мульцімедыйныя прэзентацыі, відэаўрок, камп’ютарныя трэнажоры, віртуальная лабараторыя. 
  Журы падвяло вынікі конкурсу і вызначыла пераможцаў. Імі сталі: В.В. Лазарава (у намінацыі “Дашкольная адукацыя”), А.М. Графянкова (“Пачатковыя класы”), А.А. Малаткова (“Хімія і біялогія”). Нашы педагогі накіраваны да ўдзелу ў абласным этапе конкурсу. Пажадаем жа ім поспехаў! 

Таццяна ІГНАЦЕНКА.


Інтэрнэт-рэсурсы