7 лістапада Лёзна адсвяткавала Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Да помніка У. І. Леніну ўсклала кветкі кіраўніцтва раёна, а таксама прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, аддаўшы даніну павагі і памяці падзеі, якая паклала пачатак стварэнню не проста Вялікай, а некалі самай магутнай краіны ў свеце – Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
– Гэтае свята – чарговая нагода ўспомніць аб подзвігу нашых продкаў, іх імкненні стварыць сацыяльную дзяржаву, – падкрэсліў старшыня раённага выканаўчага камітэта І. І. Федараў. - Сёння, жывучы ў міралюбнай краіне з годным узроўнем жыцця, мы разумеем, што закладзеныя ідэі ўвасобіліся ў рэальнасць. Ускладаючы кветкі, мы аддаём памяць людзей, якія змагаліся за шчаслівую будучыню.
У гонар гэтай гістарычнай падзеі ў РЦК адбыўся святочны канцэрт. Адкрыў мерапрыемства ансамбль барабаншчыц пры сімвалічным ярка-чырвоным асвятленні. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Т. Л. Дрылёнак нагадала, што гэта ўжо 105-я ўгодкі з дня эпахальнай падзеі. Наступныя цяжкія гады паслярэвалюцыйнага перыяду і страшныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны паказалі велізарную стойкасць і патрыятызм нашага народа, дзякуючы якім ён выстаяў перад усімі ўнутранымі і знешнімі пагрозамі.
Павіншавала прысутных і першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Р. К.Пастаялкіна, якая адзначыла, што абавязак старэйшых перадаць дзецям і ўнукам памяць аб вялікім мінулым, каб яны таксама любілі сваю радзіму, свой народ і шанавалі свет.
Аўтар: Фёдар Пастаялкін, "Сцяг Перамогі"