Рус
Бел
Eng
Адрас: 211220, Віцебская вобласць, 
г.п. Лёзна, вул. Леніна, 79/2
Е-mail: info@lioznorik.by (для дзелавой перапіскі) 
обращения.бел - для зваротаў грамадзян і юр.асоб 
Тэлефон/факс: 8 (02138) 5-25-69, 5-22-61, 5-25-71 
 
ВКонтакте: Лиозненский райисполком 
Telegram: Лиозно. Официально
Мемарыяльны комплекс Адаменская горка Прырода Лёзненшчыны Памятны знак "Танк" Цэнтр Лёзна Алея Славы
Мемарыяльны комплекс Адаменская горка

Навіны раёна

14 снежня 2020

У Выхадцах чакаюць Айбаліта

 Сюжэт майго аповеда зусім не казачны. І гераіні яго – нашы сучасніцы, працавітыя людзі, як кажуць, з моцным сялянскім стрыжнем. 
 Аб бацькоўскім выхаванні, гаспадаранні і яго праблемах размаўляла нядаўна з жыхаркамі вёскі Выхадцы І.П. Качанавай і Л.П. Федарэнка. Яны сёстры, нарадзіліся і выраслі ў суседнім Горбаве, куды ў 30-ых гадах мінулага стагоддзя перабраліся з Эстоніі іх продкі па матчынай лініі. Бацька, Пётр Захаравіч Федарэнка, з мясцовых, працаваў у калгасе механізатарам. Маці, Валянціна Уладзіміраўна, была доўгі час цялятніцай, потым даяркай. Дочкі змалку дапамагалі ёй на ферме даглядаць цялятак, і дома – па гаспадарцы, у якой было дзве каровы, каля сотні трусоў, іншая жыўнасць. Заведзена было ўручную (пад лапату) садзіць і капаць бульбу, палоць яе аж на 70-ці сотках. Усё лета сушылі сена. Так што дзяўчаты прайшлі ў сям’і добрую працоўную падрыхтоўку, за якую цяпер удзячны сваім бацькам. Л.П. Федарэнка. 
 Пэўна, абедзьвум было наканавана застацца жыць у вёсцы. Пасля заканчэння сярэдняй школы Ірына адразу пайшла на свой хлеб. Паступаць нікуды не паехала, хаця добра паспявала па ўсіх прадметах, уладкавалася ў школу гардэробшчыцай. Людміла маладзейшая за сястру на шэсць гадоў. Атрымала прафесію прадаўца ў Полацкім гандлёва-эканамічным каледжы. Працавала па спецыяльнасці, спачатку ў Дабрамыслях, затым у Выхадцах. Калі магазін быў зачынены, на працягу дзесяці гадоў была мясцовым паштальёнам, а цяпер, як і сястра, сацыяльны работнік. Замуж павыходзілі ў Выхадцы, тут і аселі. Абслугоўваюць пажылых аднавяскоўцаў. Пра гэтых жанчын кажуць, што яны сур’ёзныя, адказныя, акуратныя і добрыя. Сёстры не забываюць дапамагчы і сваёй маці, якая пасля смерці бацькі засталася адна. Нягледзячы на тое, што выпрацавалася ў жывёлагадоўлі, Валянціна Уладзіміраўна ад скаціны не адмаўляецца. Ёсць козачкі, купіла сёлета цялушку. Ну а ў кожнай з дачок маюцца і асабістыя падворкі. 
 Ірына Пятроўна разам з мужам Юрыем Мікалаевічам, які працуе лесніком у Бабінавіцкім лясніцтве, з самага пачатку сумеснага жыцця вядуць гаспадарку, бо нявеста атрымала яе ў пасаг. 
 – А як жа без гаспадаркі? – кажа жанчына. – Дамашнія прадукты якасныя. Усё, лічы, сваё: і малочка, і мяса, і яйкі. У магазін толькі па хлеб, соль, цукар, алей ды муку ідём. Гаспадарым даўно. Шмат чаго паспрабавалі. Трымалі індыкоў, разводзілі парсюкоў. Конь на падворку ўжо другі па ліку. Кароўка – наша любіміца і карміліца, якую ласкава называем “Мазік”. Гэта эстонская мянушка. Два дзясяткі курачак- нясушак. На лета бяром па пятнаццаць бройлераў. Купляем звычайна па двое свіней на год, вясной і восенню. Пароды бяром розныя. З буйных асабліва падабаюцца дзюркі і йаркшыры. Калі-нікалі набываем і вьетнамскіх. Самае працаёмкае — гэта нарыхтоўка сена. Тым больш, што муж улетку ад цямна да цямна ў лесе. Дапамагае дачка Таццяна. Па выхадных і падчас водпуску. Яна працуе ў Віцебску тэхнолагам па выпечцы хлеба ў магазіне “Віталюр”. 
 У Людмілы Пятроўны таксама памочніца – дачушка Віялета, якая вучыцца ў дзявятым класе Дабрамыслінскай школы. Так склалася, што жывуць яны цяпер удзвюх, і матчын галоўны клопат – забяспечыць дзіця, паставіць, як кажуць, на ногі, дапамагчы атрымаць адукацыю. Таму гаспадарка тут якраз дарэчы. –  Натуральныя прадукты для сябе, – адзначае жанчына, – і якая-ніякая капейка, выручаная за здадзенае малако. Можна было б мець значна большы даход, калі займацца перапрацоўкай. Але на гэта патрэбна шмат часу, ды і збыць прадукцыю вельмі складана. Вазіць яе ў горад, дзе больш верагодна, што купяць, няма на чым. Раней хаця б цялят прымала сяльгаспрадпрыемства. Узамен мы атрымлівалі пэўную колькасць зерня і сена, гэта ўсё ж падтрымка. Цяпер такога няма і збывай тое цялятка куды хочаш. Як варыянт для заробку – стараюся ў сезон назбіраць на продаж журавін. 
 Прывычныя да працы сёстры лічаць, што гаспадарка – гэта нармальна, правільна. Пракарміць яе не так і складана, бо вырошваюць на прысядзібных участках шмат рознай гародніны, зерня. Дарэчы, дзякавалі дырэктару СУП “Барсеева” Г.Г. Буркінадзэ за своечасова выдзеленыя для ўборкі камбайны. Галоўнае, каб скаціна была здарова, а здараецца часам усялякае. Мінулым летам карову Качанавых пакусала гадзюка – ледзьве выратавалі. Ацёлы не заўсёды праходзяць без ускладненняў, нападаюць іншыя хваробы. Жывёлу перыядычна трэба вакцыніраваць, свіней кастрыраваць. Раней звярталіся па дапамогу ў дабрамыслінскі ветпункт, якім загадвала Л.Л. Ярмоленка. У гэтым годзе яго закрылі. Гаспадары вельмі ўдзячныя Ларысе Леанідаўне за самааданую службу, але жанчына не першы год як пенсіянерка і здароўе бывае падводзіць, таму звяртацца да яе проста няёмка. Хаця яна і цяпер заўсёды дасць карысную параду. У ветэрынараў, якія занятыя на комплексе, не хапае часу на прыватны сектар, ды і ў абавязкі іх гэта не ўваходзіць. 
 – Без ветабслугоўвання сёння проста бяда, – скардзіцца Ірына Пятроўна, – як здарыцца што з жывёлай, не ведаем, куды кінуцца, каго прасіць. Унутрымышачна навучыліся калоць самі, а ў вену не можам. Кастрыраваць прывозілі пенсіянера з Осіпенак. Вельмі патрэбны чалавек, які б быў замацаваны за нашымі вёскамі. Званілі ў райветстанцыю, там адказалі, што ветэрынараў зараз не хапае. Але ж павінна быць нейкае выйсце. Штогод сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы выпускаюць спецыялістаў. Дык дзе ж яны? Сапраўды, праблему трэба вырашаць і падтрымліваць працавітых, гаспадарлівых людзей, якіх па вёсках ўжо можна пералічыць на пальцах. Ці стане лепш, калі і іх падворкі апусцеюць? 

 Таццяна ІГНАЦЕНКА.
 Фота аўтара.
 Сцяг Перамогі


Інтэрнэт-рэсурсы