Удзел у міжраённым маладзёжным форуме «Час выбраў нас» у Оршы прынялі 16 лёзненскіх школьнікаў – члены Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў і актывісты «БРСМ».
Хлопцы наведалі Аршанскі льнокамбінат, ваенна-гістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава, педагагічны каледж ВДУ імя П.М. Машэрава. Скончылася сустрэча турнірам па боўлінгу.
- Такія паездкі даюць магчымасць дзецям бліжэй пазнаёміцца з іншымі рэгіёнамі нашай Віцебшчыны, – падзялілася галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.С. Магучая. - Праграма была складзена так, каб задзейнічаць розныя напрамкі работы з падрастаючым пакаленнем – Прафарыентацыя, выхаванне патрыятызму, актыўны вольны час. Дзеці з розных школ раёна змаглі пагутарыць адзін з адным. Гэта дапаможа сумеснай рэалізацыі нейкіх мадэжных пачынанняў. Магчыма, хтосьці пасля наведвання камбіната і каледжа задумаецца аб атрыманні дадзеных прафесій.
Моладзь таксама суправаджалі першы сакратар РК ГА "БРСМ" Варвара Казлова і старшыня моладзевага парламента, настаўнік англійскай мовы СШ імя Марыі Акцябрскай Анастасія Дулуб.
Меркаванне
Вікторыя Саладкова, член Моладзевага парламента:
- Дзякуй усім за арганізацыю паездкі ў Оршу, дзе я добра правяла час. Самае яркае ўражанне ў мяне пакінуў Аршанскі льнокамбінат, прадукцыя якога экспартуецца ў многія краіны свету. Для нас была праведзена экскурсія. Мы пазнаёміліся з вытворчасцю і прайшлі па цэхах апрацоўкі лёну, частка з якіх камп'ютэрызаваны цалкам. Ваенна-гістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава – месца памяці і гонару за нашу краіну. Мяне ўзрушыла гісторыя пра выбітнага чалавека, які аддаў жыццё за нашу светлую будучыню. Выдатны зарад энергіі атрымалі ў боўлінгу ў спарткомплексе Лядовая арэна. Орша-гэта квітнеючы, прыгожы горад з багатай гісторыяй. Усім рэкамендую наведаць яго.