Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.У. Лук’яновіч 8 мая адзначыў 60-гадовы юбілей. Пры сустрэчы Мікалай Уладзіміравіч расказаў аб вытоках, прафесійным выбары і працы, звязанай з цудоўным светам роднай беларускай прыроды.
–Вёску Пацынічы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе я нарадзіўся, з усіх бакоў абступае Белавежская пушча, – пачаў ён свой аповед. – Таму лес прыцягваў мяне з самага дзяцінства прыгажосцю, загадкавымі нетрамі, птушыным гоманам і багатымі дарамі. Пад хваёвымі шатамі мы з сястрой Тоняй, іншымі рабятамі збіралі грыбы, ягады, ладзілі розныя гульні. Гэта было наша ўсё.
Бацькі, Уладзімір Фёдаравіч і Марыя Васільеўна , стараліся, каб дзеці раслі ў дастатку, добра вучыліся і атрымалі вышэйшую адукацыю. Асабліва гэтага хацела маці, бо самой прыйшлося пакінуць вучобу ў эканамічным інстытуце пасля другога курса па сямейных абставінах. Працавала ў мясцовым калгасе загадчыцай жывёлагадоўчай фермы. Дачка ў будучым здзейсніла матчыну мару – стала эканамістам. Бацька ж скончыў толькі 4 класы, але на свінакомплексе кіраваў складанай машынай, якая рыхтавала кармавую сумесь для 4-х тысяч галоў. Коля часта назіраў за яго працай і цікавіўся тэхнікай. Адразу пасля школы спрабаваў паступаць у Мінскі політэхнічны інстытут на аўтатрактарны факультэт, ды не прайшоў па конкурсе. Рабіў некаторы час слесарам у калгаснай майстэрні, паралельна скончыў курсы ДАСААФ, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі С. Прызвалі ў войска. “Вучэбку” прайшоў у Эстоніі, затым служыў у Бабруйску, калясіў па ўсёй Беларусі, асвоіў розныя віды баявой тэхнікі. Пасля дэмабілізацыі Мікалай з сябрам за кампанію падаўся зноў у Мінск, на гэты раз паступаць у Беларускі тэхналагічны інстытут, і стаў студэнтам лесагаспадарчага факультэта. У тую ж восень адбылася другая лёсавызначальная падзея. Студэнтаў адправілі на ўборку льна ў Пастаўскі раён. Калі ехалі туды ў аўтобусе, хлопец запрыкмеціў сімпатычную дзяўчыну, якая спявала пад гітару. Гэта была Наталля Камкар. Яна стала затым яго жонкай. Ажаніліся на другім курсе, а на трэцім у іх нарадзілася дачушка Насця. Вядома, былі пэўныя цяжкасці. Прыходзілася здымаць старэнькі домік у прыватным сектары. Даглядаць дзіця дапамагалі бабуля і маці Наталлі, якія спецыяльна прыязджалі са Старых Дарог ці забіралі дзяўчынку да сябе. Студэнты Лук’яновічы вучобы не пакідалі і паспявалі добра. Тады кіраўніцтва інстытута пайшло ім насустрач і выдзеліла асобны пакой у інтэрнаце. Пасля заканчэння атрымалі размеркаванне ў Віцебскую вобласць. Было дзве прапановы: у Талачын, дзе для маладых спецыялістаў будавалі дом, і Лёзна, дзе ўжо чакала двухпакаёвая кватэра і інжынерныя пасады ў лясгасе. Выбралі Лёзна, паехалі і засталіся. Мікалай Уладзіміравіч як інжынер па лесаапрацоўцы курыраваў работу бабінавіцкага цэха. А Наталля Аркадзьеўна займалася пытаннямі развядзення розных лясных культур, на сённяшні дзень яна інжынер-лесапатолаг.
– Настаўнікам маім напачатку працоўнай дзейнасці стаў галоўны ляснічы лясгаса Барыс Данілавіч Лычкоўскі, – кажа мой суразмоўца. – Шмат чаго ад яго даведаўся і пераняў. Але так склалася, што праз два гады мяне запрасілі ў райкам партыі інструктарам, крыху папрацаваў там. Затым на працягу 10 гадоў узначальваў інспекцыю дзяржтэхнагляду ў сяльгасупраўленні.
У 2002-ім паявілася вакансія начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, М.У. Лук’яновіча перавялі туды. Работа прыйшлася па душы, і з таго часу ён займаецца вырашэннем экалагічных пытанняў у раёне.
– Прырода – гэта вялікае багацце Беларусі, нашага народа, – адзначае Мікалай Уладзіміравіч.– Мая задача – не дапускаць, прадухіляць парушэнні, якія наносяць ёй урон. Часам прыходзіцца выхоўваць, папярэджваць аб адказнасці, а іншым разам наказваць матэрыяльна. А штрафы зараз вельмі вялікія – ад адной да 50 базавых велічынь. Працаваць з людзьмі няпроста. Заўсёды успамінаю словы Уладзіміра Панцялеевіча Кулакова, былога старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў, які вучыў рабіць усё магчымае, каб парушальнік усвядоміў віну свайго ўчынка, пераканаць яго. Калі ж не атрымліваецца, прымаць больш строгія меры. Вядома, улічваю сітуацыю ў кожным асобным выпадку, бо ў любой сям’і гэтыя грошы не лішнія. Іншымі словамі, прапускаю праз сэрца такія непрыемныя моманты перад тым, як прыняць рашэнне.
Больш як 20 гадоў М.У.Лук’яновіч працуе ў тандэме з галоўным спецыялістам інспекцыі Л.А. Асіпенкавай. Першыя іх памочнікі – РАНС, РАУС, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, зямельная служба, у вёсках – сельвыканкамы. А пытанняў заўсёды хапае: ад барацьбы з баршчавіком і добраўпарадкавання, праблем з каналізацыяй, станам захоўвання арганікі ў сяльгаспрадпрыемствах да незаконных лесасек і збору чырвонакніжных раслін. Акрамя таго, шмат дакументацыі, якую трэба своечасова афармляць і прадстаўляць. М.У. Лук’яновіч, па яго словах, вельмі рад сустрэчам са школьнікамі, любіць адказваць на іх разнастайныя пытанні.
Як бы ні быў заняты, не перарывае сувязей са сваёй малой радзімай, дзе жыве сям’я сястры і засталася яшчэ бацькоўская хата з шыльдачкай на сцяне “Дом узорнага парадку”. Разам яны стараюцца, каб так і заставалася надалей. Памятаючы выказванне маці, што пчалярства – богаўгодная справа, Мікалай асвоіў і яе. У вольную хвіліну выбіраецца цяпер на сваю пасеку, даглядае пчол. Дзякуючы гэтаму на сямейным стале пастаянна натуральны смачны і карысны прадукт. Ім любяць частавацца ўнукі – шасцігадовая Дамініка і Мікіта, навучэнец каледжа, будучы праграміст. Дачка Анастасія выкарыстоўвае мёд у выпяканні пірагоў і тартоў, што робіць, да слова, па-майстэрску. Яна работнік гандлю, мае вышэйшую адукацыю. Сын Уладзімір скончыў ВДУ імя Машэрава, працуе ў сферы інфармацыйных тэхналогій.
Адказны работнік, кіраўнік, клапатлівы бацька і дзядуля, М.У. Лук’яновіч мае пачэсныя ўзнагароды раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У 2014 годзе ўдастоены звання “Чалавек года Віцебшчыны”, сёння яго партрэт на раённай Дошцы гонару.
Таццяна ІГНАЦЕНКА.