На гарадскім стадыёне г.п.Лёзна прайшло спартыўна-забаўляльнае мерапрыемства «Вясёлыя старты», прымеркаванае да Дня сям'і.
Работнікі МНС, іх юныя памочнікі і прадстаўнікі добраахвотнага пажарнага таварыства не засталіся ў баку ад такой важнай падзеі.
Яны, разам з работнікамі культуры, спорту і турызму, аддзела ўнутраных спраў прапанавалі навучальныя конкурсы для ўсёй сям'і.
Так, актывісты Беларускай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных прэзентавалі гульню «Праўда ці хлусня?», дзе адкрываліся цікавыя факты аб дзіцячай бяспецы і не толькі.
Акрамя гэтага, сем'і на хуткасць прымерылі баявое адзенне ратавальнікаў, знайшлі заблудных у лесе, прыкруцілі апавяшчальнік, вызначылі, што можна тушыць вадой, а таксама знайшлі алгарытм дзеяння ў выпадку НС.
Пакуль члены журы падводзілі вынікі і падпісвалі дыпломы, юныя памочнікі ратавальнікаў прадэманстравалі сапраўднае баявое разгортванне.
На працягу ўсяго мерапрыемства панавала атмасфера утульнасці і камфорту, а цёплыя словы з вуснаў запрошаных і музычныя нумары ад работнікаў культуры зрабілі свята незабыўным.