Больш за 300 удзельнікаў патрыятычнага аўтацягніка на сямі аўтобусах адправяцца 9 красавіка з Віцебска па знакавых месцах, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, у Магілёўскую вобласць. Сярод іх прадстаўнікі Полаччыны.
Абласны патрыятычны марафон «Аўтацягнік памяці» пройдзе ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» і будзе прысвечаны Году гістарычнай памяці і 77-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У ім прымуць удзел піянеры, навучэнцы ССНУ і студэнты ВНУ, працуючая моладзь, а таксама прадстаўнікі ветэранскіх, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, прафсаюзаў.
Аўтацягнік стартуе 9 красавіка раніцай. Перад адпраўленнем удзельнікі мерапрыемства ў г.Віцебску на плошчы Перамогі ўскладуць кветкі да Вечнага агню ля мемарыяльнага комплекса ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Затым сем аўтобусаў адправяцца ў Магілёўскую вобласць, дзе запланавана наведванне мемарыяльнага комплекса «Буйніцкае поле», які створаны з мэтай ушанавання подзвігу абаронцаў Магілёва, якія загінулі ў 1941 годзе. Удзельнікі аўтамарафона пабываюць на агляднай экскурсіі «Магілёў-старажытны горад на Дняпры», наведаюць галоўныя славутасці - гарадскую ратушу, плошчу зорак, драматычны тэатр, палац Георгія Каніскага, кафедральны сабор Трох Свяціцеляў.
Далей у праграме «Аўтацягніка памяці» паездка ў вёску Красны Бераг, дзе адбудзецца экскурсія па мемарыяле «Дзіцячая Хатынь». Віцебская дэлегацыя ўскладзе кветкі да скульптуры дзяўчынкі на мемарыяльным комплексе «Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны». Таксама пазнаёмяцца з культурнай славутасцю Беларусі - сядзібна-паркавым комплексам XIX стагоддзя Козел-Паклеўскіх.
Знаходзячыся ў дарозе, удзельнікі аўтамарафона будуць праглядаць урыўкі з фільмаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і прымуць удзел у віктарынах і конкурсах.