Пералік профільных класаў у школах Беларусі пашыраны
Пералік профільных класаў у школах Беларусі ў новым навучальным годзе пашырыцца. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам у Віцебску міністр адукацыі Ігар Карпенка на абласной педагагічнай канферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы прынялі рашэнне, што могуць з'явіцца профільныя класы IT-накіраванасці. У мінулым годзе гэтага не было. Акрамя таго, узаконілі факультатывы па ваенна-патрыятычным профілі. Таксама ў бягучым годзе з'явяцца першыя спартыўна-педагагічныя класы", - сказаў міністр адукацыі.
"Міністэрства адукацыі ў гэтым напрамку адкрыта, гатова працаваць і ініцыятыву з месцаў будзе падтрымліваць", - падкрэсліў Ігар Карпенка.
Закранаючы падыходы ў арганізацыі навучальнага працэсу, ён адзначыў, што палітыка міністэрства выбудоўваецца перш за ўсё з улікам інтарэсаў дзяцей - так, каб якасць адукацыі не залежала ад месца пражывання. "І ў горадзе, і ў сельскай мясцовасці дзеці павінны мець роўныя магчымасці для адукацыі і развіцця, атрымання жыццёвых кампетэнцый", - падкрэсліў Ігар Карпенка.