У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі прадставілі ўнікальны артэфакт, знойдзены ў 2019 годзе ў горадзе Чуднаў Жытомірскай вобласці Украіны, - надмагільную пліту аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У пачатку 2000-х гадоў гаспадар участка ў Чуднаве пачаў будаваць газаправод і выкапаў чыгунную пліту. З-за ржы не было відаць, што на ёй напісана. Знаходка важыла 35 кг. Пліта проста стаяла на падворку 17 гадоў, пакуль уласнік не вырашыў зацэментаваць двор, а для эканоміі цэменту пакласці пліту. Пад уплывам надвор'я надпіс на пліце сцёрся, але гаспадары падумалі, што гэта нямецкая мова, і не надалі ўвагі. Вясной 2019 года плітой зацікавілася дачка гаспадароў Алена і стала шукаць інфармацыю ў інтэрнэце. Высветлілася, што пліта магла знаходзіцца на магіле пісьменніка Яна Баршчэўскага. На прадмеце быў надпіс на польскай мове "Ян Баршчэўскі, шанаваў Бога, прыроду і людзей, пісьменнік натхненняў і пачуццяў. Жыў дастойна 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 года". Знаходка стала сенсацыяй, праліўшы святло на дакладную дату нараджэння літаратара.
На сродкі фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл (Швейцарыя) у 2020 годзе ў Чуднаве адкрылі помнік Яну Баршчэўскаму, а ў наступным годзе арганізавалі рэстаўрацыю надмагільнай пліты ў Мінску.
Пліта ўжо была прэзентавана 6 красавіка ў Расонах, 14-га - у Полацку. Цяпер унікальны артэфакт некалькі дзён будзе экспанавацца ў віцебскай ратушы. Яго можна ўбачыць на выставе "100 рарытэтаў да 100-годдзя музея".
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце абласнога краязнаўчага музея Валерый Шышанаў адзначыў, што знаходка стала сапраўдным цудам. Паколькі гэтага магло не адбыцца, калі б не цікаўнасць дзяўчыны. "На жаль, магіла літаратара не захавалася, але хаця б ёсць прадмет, які нас яднае з гэтым выдатным пісьменнікам, імя якога ахутана казачнасцю, містыкай і рамантызмам. Наш музей валодае яшчэ адным скарбам - 28 пісем Яна Баршчэўскага", - сказаў Валерый Шышанаў. Паводле яго слоў, пакуль яшчэ дакладна невядома, колькі прабудзе пліта ў Віцебску. Хутчэй за ўсё, гэта будзе тыдзень або крыху больш.
Ян Баршчэўскі нарадзіўся ў вёсцы Мурагі Расонскага раёна (раней гэта быў Полацкі павет Віцебскай губерні) у сям'і свяшчэнніка. Лічыцца, што яна належала да збяднелага шляхецкага роду. Вучыўся будучы пісьменнік у Полацкім езуіцкім калегіуме. Канікулы часцей за ўсё праводзіў у падарожжах па родных мясцінах - ваколіцах возера Нешчарда. Збіраў легенды, якія потым увайшлі ў самы вядомы яго твор - "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях". Адзін час Ян Баршчэўскі жыў і працаваў у Пецярбургу, а да 1850 года пераехаў у Чуднаў, дзе памёр ад туберкулёзу.