У Анкары 3 лютага адбылася сустрэча пасла Беларусі Віктара Рыбака з міністрам культуры і турызму Турцыі Мехметам Нуры Эрсоем. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Турцыі.
Падкрэслены высокі ўзровень палітычных адносін паміж Беларуссю і Турцыяй і важнасць далейшага пашырэння супрацоўніцтва ў галіне культуры і турызму. "У кантэксце міжкультурнага ўзаемадзеяння субяседнікі абмеркавалі магчымасць арганізацыі ў 2022 годзе ўзаемных Дзён культуры, прымеркаваўшы да 30-гадовага юбілею ўсталявання дыпламатычных адносін", - сказалі ў дыпмісіі.
Таксама разгледжаны пытанні рэалізацыі сумеснага праекта міжнароднага фестывалю музыкі "Усход-Захад" у Аланьі. Адбыўся зацікаўлены абмен думкамі ў кантэксце ўязнога турызму ў Беларусь. Бакі намецілі канкрэтныя крокі для эфектыўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы.
На заканчэнне размовы кіраўнік беларускай дыпмісіі перадаў турэцкаму боку дыпломы і падзячныя пісьмы пераможцам і прызёрам з Турцыі VII Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка "Сябруюць дзеці на планеце", арганізаванага Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.