Беларусь у студзені-лютым 2021 года павялічыла экспарт тавараў і паслуг у параўнанні з аналагічным перыядам 2020-га на 16 працэнтаў да $6,45 млрд. Аб гэтым сведчаць даныя, апублікаваныя на сайце Нацыянальнага банка, паведамляе БЕЛТА.
Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг за два месяцы склаў больш за $12,145 млрд, што на 13,3 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд 2020 года. У тым ліку імпарт склаў звыш $5,69 млрд (рост на 10,3 працэнта). Дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі склалася на ўзроўні $756,1 млн (у студзені 2020-га сальда таксама было дадатным - на ўзроўні $396,4 млн).
Знешнегандлёвы абарот тавараў вырас на 16,7 працэнта да $9,945 млрд. Экспарт тавараў павялічыўся на 21,2 працэнта да $5,016 млрд, імпарт - на 12,4 працэнта да $4,928 млрд. Сальда склалася дадатным у памеры $88 млн (у студзені 2020 года яно было адмоўным і складала $245,4 млн).
Знешнегандлёвы абарот паслуг знізіўся на 0,1 працэнта да $2,2 млрд. Экспарт паслуг павялічыўся на 0,8 працэнта да $1,43 млрд, імпарт паслуг зменшыўся на 1,9 працэнта да $766 млн. Сальда знешняга гандлю паслугамі склалася дадатным у памеры $668,1 млн (у студзені 2020 года дадатнае сальда складала $641,8 млн).