Міністэрства фінансаў Беларусі прынята ў Міжнародную арганізацыю камісій па каштоўных паперах (IOSCO) у якасці асацыіраванага члена. Такое рашэнне прыняло праўленне арганізацыі, паведамілі БЕЛТА ў Мінфіне.
У выніку ўступлення ў IOSCO Міністэрства фінансаў атрымала доступ да найбольш актуальных падыходаў у галіне рэгулявання рынку каштоўных папер, а таксама магчымасць запытваць кансультацыйную падтрымку экспертаў арганізацыі. Павышаная ўвага ў IOSCO ўдзяляецца пытанням, звязаным з правапрымяненнем, карпаратыўным кіраваннем, доўгатэрміновым фінансаваннем прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу і функцыянавання інфраструктуры, а таксама абаронай правоў інвестараў для стымулявання эканамічнага росту.
"Атрыманне статусу асацыіраванага члена IOSCO з'яўляецца важным прамежкавым этапам далейшай інтэграцыі фондавага рынку Беларусі ў сусветную фінансавую сістэму. Прыярытэтным напрамкам у бліжэйшай перспектыве будзе далучэнне Міністэрства фінансаў да Шматбаковага мемарандума IOSCO аб узаемаразуменні ў галіне кансультавання, супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй, які дасць магчымасць наладзіць надгляднае ўзаемадзеянне з большасцю замежных рэгулятараў рынку каштоўных папер і будзе садзейнічаць прыцягненню інвестыцый прадпрыемствамі Беларусі на міжнародных рынках капіталу", - адзначылі ў Мінфіне.
Міжнародная арганізацыя камісій па каштоўных паперах (International Organization of Securities Commissions) створана ў 1983 годзе. Яна ўяўляе сабой арганізацыю, якая аб'ядноўвае рэгулятараў рынкаў каштоўных папер розных краін і налічвае 129 паўнапраўных, 33 асацыіраваныя і 67 афіліраваных членаў. У IOSCO ўваходзяць краіны Еўразійскага эканамічнага саюза, Еўрапейскага саюза, Паўночнай Амерыкі, Аўстраліі і Акіяніі, а таксама большая частка дзяржаў Паўднёвай Амерыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі.