Праграму па павелічэнні спажывання электраэнергіі насельніцтвам плануецца прыняць у пачатку 2021 года, паведаміў сёння журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у прэс-цэнтры БЕЛТА.
"Мы цяпер рыхтуем комплексную праграму па павелічэнні выкарыстання электрычнай энергіі насельніцтвам для мэт ацяплення, гарачага водазабеспячэння. Мы планавалі ў гэтым годзе цалкам сфарміраваць яе, звязаць яе з рэалізацыяй дзяржаўных праграм "Будаўніцтва жылля" і "Камфортнае жыллё" ў частцы рэканструкцыі электрычных сетак у сельскай мясцовасці і ў пачатку 2021 года прыняць яе для непасрэднай рэалізацыі", - сказаў Віктар Каранкевіч.
Ён звярнуў увагу, што Мінэнерга працуе ўжо над павелічэннем электраспажывання насельніцтвам. Першы напрамак гэтай работы - будаўніцтва электрасеткавай інфраструктуры да новага жылля. Другі напрамак - перавод шматкватэрнага жыллёвага фонду на выкарыстанне электрычнай энергіі для мэт ацяплення. "Ужо сфарміраваны пералік такіх шматкватэрных дамоў, узгоднена з грамадзянамі магчымасць пераводу на выкарыстанне электрычнай энергіі на мэты ацяплення. На працягу наступнай пяцігодкі гэта задача таксама будзе рэалізавана", - адзначыў Віктар Каранкевіч. Трэці напрамак - перавод індывідуальных жылых дамоў, у асноўным у сельскай мясцовасці, на выкарыстанне электрычнай энергіі для мэт ацяплення, гарачага водазабеспячэння.-0-