Рус
Бел
Eng
Адрас: 211220, Віцебская вобласць, 
г.п. Лёзна, вул. Леніна, 79/2
Е-mail: info@lioznorik.by (для дзелавой перапіскі) 
обращения.бел - для зваротаў грамадзян і юр.асоб 
Тэлефон/факс: 8 (02138) 5-25-69, 5-22-61, 5-25-71 
 
ВКонтакте: Лиозненский райисполком 
Telegram: Лиозно. Официально
Мемарыяльны комплекс Адаменская горка Памятны знак "Танк" Алея Славы Аўтастанцыя Прырода Лёзненшчыны
Мемарыяльны комплекс Адаменская горка

Навіны раёна

8 кастрычніка 2020

Ляжыць душа да сялянскай працы

 У вёсцы Буракі ў жывапісным месцы каля саджалкі, у якой водзіцца рыба, стаіць дом Казаковых. Жывуць тут Людміла Анатольеўна і Анатоль Нічыпаравіч. Разам муж і жонка ўжо 41 год. Ён карэнны бураковец, яна вырасла ў былой вёсцы Горы
 Да вясковай працы прывыклі з дзяцінства, ляжыць да яе душа, таму і справы ў руках спорацца. Гаспадар працуе механізатарам у ААТ “Данукалава-Агра” амаль паўстагоддзя, прычым 24 гады на адным і тым жа трактары. Сам рамантуе і даглядае тэхніку. Анатоль Нічыпаравіч – перадавік сяльгаспрадпрыемства і за самаадданую працу як ветэран узнагароджаны медалём «100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі» Людміла Анатольеўна таксама шмат папрацавала на карысць дзяржаве – да самай пенсіі ў жывёлагадоўлі. Была цялятніцай, загадчыцай свінафермы, дзе адна даглядала 50 галоў, займалася развядзеннем свіней. 
 Адначасова Казаковы вялі асабістую падсобную гаспадарку, раней вялікую, цяпер жа засталіся дзве каровы, конь, дзве аўцаматкі з трыма ягнятамі, 25 курэй. Вырошчваюць таксама штогод двух-трох парсюкоў. Для аблягчэння працы набылі даільны апарат. Толькі вось здаваць малако не прыходзіцца. Не шанцуе на малаказборшчыкаў. Папярэдні за мінулы год яшчэ не разлічыўся, застаўся доўг у 880 рублёў. Сёлетні адказаўся ездзіць у Буракі, паставіў умову, каб за раз малака было не меней 50 літраў. Столькі лішкаў не набіраецца, таму перапрацоўваюць на свае патрэбы, больш дастаецца хатнім гадаванцам. Падумваюць, што, пэўна, прыйдзецца збываць адну буронку, якую, вядома, вельмі шкада.
 Сядзібу ахоўваюць дзве аўчаркі. Па словах гаспадыні, лясныя госці тут нярэдка бываюць, лісы наведваюцца, а зімою і ваўкі. Дачнікі раз’яджаюцца, толькі адзін іх дом застаецца заселеным. Пах жылля прыцягвае звяроў. Наогул жыць так ужо прызвычаіліся. Вельмі дзякуюць кіраўніку сяльгаспрадпрыемства М.Л. Зазіту за клопат аб вяскоўцах. Галоўная дапамога – гэта забеспячэнне гатовым сенам. Дарогі заўсёды пачышчаны. У Буракі рэгулярна прыязджаюць аўталаўка і паштовая машына. Асабліва чакаюць паштальёна Валянціну Мікалаеўну Бульбічкіну, бо выпісваюць шмат газет і часопісаў, сярод іх абавязкова “Сцяг перамогі”.  
 – У доме аж тры тэлевізары, толькі яны не могуць замяніць друкаваных сяброў, – дзеліцца жанчына. – Не спяшаючыся, можна прачытаць, падумаць, выбраць нейкія карысныя парады ці рэцэпты. Акрамя гэтага па заяўцы паштальён прывозіць нам літаральна ўсё, што патрэбна. Таму ў Лёзна ездзіць няма вялікай неабходнасці. 
 Казаковы вырасцілі дваіх дзяцей. Ірына працуе ў Лёзненскім райсяльгасхарчы галоўным спецыялістам аддзела інтэнсіфікацыі сяльгасвытворчасці. Вышэйшую адукацыю атрымала ў ветакадэміі. Яе дачушка Елізавета ўжо адзінаццацікласніца. У Дзмітрыя (пайшоў па бацькавых слядах, па спецыяльнасці тэхнік-механік, на сённяшні дзень дальнабойшчык), таксама дачушка – чатырохгадовая Алёнка. Па выхадных едуць яны з сем’ямі ў Буракі, дапамагаюць бацькам па гаспадарцы.  
 – А Ліза дык самая першая памочніца, – кажа бабуля, – канікулы, бадай, усе праводзіць у нас. І кароўку падоіць, і прыгатуе што-небудзь смачненькае.  
 Жыць сярод прыроды, працаваць і адпачываць – гэта задавальненне. Так лічаць усе прадстаўнікі сям’і Казаковых. 
 
Таццяна ІГНАЦЕНКА. 
Фота аўтара. 
Сцяг Перамогі
Інтэрнэт-рэсурсы