Рус
Бел
Eng
Адрас: 211220, Віцебская вобласць, 
г.п. Лёзна, вул. Леніна, 79/2
Е-mail: info@lioznorik.by (для дзелавой перапіскі) 
обращения.бел - для зваротаў грамадзян і юр.асоб 
Тэлефон/факс: 8 (02138) 5-25-69, 5-22-61, 5-25-71 
 
ВКонтакте: Лиозненский райисполком 
Telegram: Лиозно. Официально
Аўтастанцыя Прырода Лёзненшчыны Чыгуначны вакзал Алея Славы Лёзненскі ваенна-гістарычны музей
Аўтастанцыя

Навіны раёна

19 лютага 2022

Светлая энергетыка напаўзабытых часоў

У чарговым выпуску рубрыкі «Заветный экземпляр» прапануем увазе чытачоў цікавага суразмоўцу, жыццё якога, насычанае багатымі падзеямі, варта цэлага рамана. Але ў рамках газетнага артыкула маем магчымасць адзначыць, што герой сустрэчы некаторы час вучыўся ў адной школе з нашым Прэзідэнтам, прысутнічаў на сустрэчы з ім у 1994 годзе ў Дабрамыслях, удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі,а менавіта ў якасці начальніка Буда-Кашалёўскай ПМК-69 займаўся пахаваннем вёсак, у розныя часы ўзначальваў ПМК у Дабрамыслях і шэраг сяльгасгаспадарак раёна – «Праўда», «Калышкі», «Перамонт», «Выдрэя». Акрамя таго, піша прозу і вершы на рускай і беларускай мовах, працуе над стварэннем радавода. Усё гэта – П.І. Хальцаў, пенсіянер з аграгарадка Стасева.
 Сапраўдная этнаграфічная экспазіцыя атрымалася ў Пятра Іванавіча, калі ён размясціў дарагія сэрцу рэчы ва ўласным гаражы. Цяпер памяшканне, у якім сціпла прыстасаваўся аўтамабіль, больш нагадвае музей, чым гараж. Уздоўж сцен, на сценах, пад столлю заняла сваё пачэснае месца вялікая (ніхто не лічыў) колькасць прадметаў побыту XIX – пачатку XX стагоддзяў. Большасць Пётр Іванавіч перавёз з бацькоўскай сядзібы, што знаходзіцца ў вёсцы Дзіўнава Шклоўскага раёна. Частка з іх зроблена рукамі бацькі, Івана Аксёнавіча, частка, набытая ў іншых майстроў, верна служыла яму ў паўсядзённым жыцці. Папоўніла калекцыю прадметаў хатняй гаспадаркі і жонка майго суразмоўцы Святлана. 
  – Самы дарагі экспанат – гэта каменныя жорны. Іх двое – ручныя, на якіх мы з братамі ў дзяцінстве малолі муку, і другія – з электрарухавіком. Гэта больш позняя мадыфікацыя, я карыстаюся імі па меры неабходнасці. Жорны ў выдатным працоўным стане, – кажа Пётр Іванавіч і дэманструе іх магчымасці на справе. 
  – А гэта што такое? – крыху саромеючыся сваёй недасведчанасці, пытаюся я. 
  – Гэта дэталі ткацкага станка, – тлумачыць мой экскурсавод. – Бацька сам змайстраваў іх для маёй маці Ніны Сямёнаўны. На жаль, некаторыя дэталі кроснаў згубіліся, таму сабраць іх у першапачатковую канструкцыю пакуль немагчыма. Але з цягам часу планую ўсё ж такі іх адрэстаўрыраваць.
 Захаваўся нават вытканы матуляй рушнік, вышыты пеўнікамі і аздоблены карункамі. І ў пацвярджэнне слоў Святлана паказвае даматканую сямейную рэліквію, якая, здаецца, напаўняе пакой светлай энергетыкай напаўзабытых часоў. 
  – Швейная машынка, напэўна, таксама належала маці? 
  – Вы здзівіцеся – бацьку! Ён на ёй шыў на заказ кажухі. Сам вырабляў скуры. Умеў і боты шыць. Гэтымі драўлянымі калодкамі карыстаўся, – паказвае на прымацаваныя пад столлю шавецкія прылады працы Пётр Іванавіч. 
 – Захаваўся пашыты бацькам скураны бот. А яшчэ валіў валёнкі і быў адзіным шапавалам на паўраёна. Навучыў гэтаму рамяству і мяне. І ўжо з 5 класа я з ім на роўных займаўся гэтай справай. 
  – Праца шапавала патрабуе немалой фізічнай сілы. Не цяжка было малому хлопчыку? 
  – Я з дынастыі асілкаў. Бацька з лёгкасцю нёс пад пахі два мяшкі з бульбай ці зернем, а дзед падымаў каня. І гэта не сямейная легенда, а чыстая праўда. Затое атрыманая ў спадчыну сіла надавала ўпэўненасці і не аднойчы дапамагала пастаяць за сябе. 
  – Бачу начоўкі, ці, кажучы па-руску, “корыто”. Паспрабую адгадаць – іх таксама зрабіў Іван Аксёнавіч? 
  – Сапраўды. Бацька выдзеўбаў іх цяслом, а сценкі і дно згладзіў разцом. Такая пасудзіна выраблялася з ліпавага або асінавага цурбана. А вось хлебная лапата з доўгім тронкам, зробленая з ліпы. Ёй больш за семдзесят гадоў. З яе дапамогай цеста адпраўлялі ў печ, а адтуль вярталі духмяны бохан. Дадзеная гаспадарчая прылада карысталася вялікай пашанай на вёсцы, з ёю звязаны шматлікія павер’і. Новая лапата заўсёды набывалася ў пары з дзяжой, разам з ёю спальвалася, калі ад старасці рабілася непрыдатнай. Хлебная дзяжа, на жаль, не захавалася, але ёсць дубовая бочка, якую выкарыстоўваю для засолкі гуркоў або мяса. Прадукты набываюць неверагодны смак. 
  Паказаў Пётр Іванавіч і шмат іншых цікавых гаспадарчых прылад: маслабойку, кошык з ліпавага лыка, падкову (здзіўляючыся яе памерам, можна меркаваць, што належала яна багатырскаму каню), самавары, кола ад воза, каромыслы, шматлікія плотніцкія інструменты, газавыя лямпы. Некаторыя лямпы гаспадар перарабіў на электрычныя і выкарыстоўвае для вулічнага асвятлення сядзібы. 
  – Многія рэчы не змяшчаюцца ў экспазіцыі і пакуль захоўваюцца ў майстэрні. Планую ў хуткім часе заняцца афармленнем памяшкання належным чынам. Дагэтуль займаўся іншымі важнымі справамі: будаваў дом, лазню, гаспадарчыя пабудовы, – тлумачыць Пётр Іванавіч і вядзе паказваць змайстраваныя яго залатымі рукамі паштовую скрыню, ліштву, аздобленыя дэкаратыўнымі элементамі дзверы і сцены, сокавыціскалку. 
  – Пётр Іванавіч, адкуль бярэ пачатак Ваша ўмельства? 
  – З дзяцінства. У першую чаргу ад бацькі. Ён прывучыў не баяцца ніякай справы. Вучыў нас, шасцёра дзяцей, жыць па справядлівасці і наказваў берагчы родную хату – нашу калыску. Тры гады назад, ва ўзросце 92 гадоў, бацькі не стала. Але яго запавет дзеці, унукі і праўнукі выконваюць сумленна. Хата дагледжана, гектар прысядзібнай тэрыторыі – таксама. А ля ганка вось ужо 55 гадоў цягнецца ўвышыню дуб, які я вырасціў з жолуда. Зараз яго немагчыма абхапіць рукамі. Гэта ўжо не проста дрэва, а сімвал роду, сувязі пакаленняў і павагі да роднай зямлі.
Інтэрнэт-рэсурсы