ru
Герб Республики Беларусь Лиозненский районный исполнительный комитет

Адрес: 211220, Витебская обл., г.п. Лиозно,
ул. Ленина, 79/2

Е-mail: lioz-isp@vitebsk.by

Телефон/факс: 8 (02138) 4-15-59

Лиозно Лиозно Лиозно. Ж/д станция Лиозно Лиозно. Центральная площадь Лиозно Лиозно. Районный центр культуры
Лиозно

Да новага жыцця 1921-1941 гг

 Сталінскія рэпрэсіі прайшліся і па Лёзненшчыне. Добрасумленныя людзі, поўныя сіл і жадання працаваць, расціць хлеб, дзяцей, раптам станавіліся «ворагамі народа», страчвалі свабоду, а часта і жыццё. Якія толькі абвінавачанні не прыпісваліся ім: і прыналежнасць да нацыяналістычных шпіёнскіх арганізацый, і антысавецкая прапаганда, і агітацыя супраць калгасаў... Многія з іх пасля былі рэабілітаваны, але застаюцца яшчэ і такія, чый лёс невядомы сёння.

Спіс рэпрэсіраваных падрыхтавала раённая камісія па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі. Большасць архіўных крымінальных спраў гэтых асоб праверыў старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці, старшы саветнік юстыцыі I. М. Пархімовіч. Вядома, сёння названы яшчэ не ўсе бязвінныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Ідзе пошук дакументаў, сведак, робіцца ўсё, каб вярнуць людзям добрае імя. Прыйдзе час, і пра іх будзе сказана праўда.

ВЕРНУТЫЯ ІМЁНЫ

ВОІНЫ-ЗЕМЛЯКІ, ЯКІЯ ЗАГІНУЛІ Ў САВЕЦКА-ФІНЛЯНДСКУЮ ВАЙНУ 1939-1940 гг.

Да новага жыцця 1921-1941г

У першыя  паслякастрычніцкія гады тэрыторыя сучаснага Лёзненскага раёна была падзелена паміж Веляшковіцкай, Высачанскай, Дабрамыслянскай, Калышкаўскай, Лёзненскай і Замшанскай  валасцямі, якія належалі Магілёўскай, потым Гомельскай і Віцебскай губерням і ўваходзілі некаторы час у склад РСФСР.

17 ліпеня 1924 г. другая сесія ЦВК БССР прыняла пастанову «Аб адміністрацыйна-гаспадарчым дзяленні БССР», адпаведна якой былі ўтвораны Лёзненскі і Высачанскі раёны ў складзе Віцебскай акругі. Лёзненскі раён быў падзелены на 10 сельсаветаў: Барсееўскі, Веляшковіцкі, Дабрамыслянскі, Емельяноўскі, Замшанскі, Калышкаўскі (Калышанскі), Лёзненскі, Сутоцкі, Унаўскі, Чарніцкі. У тым жа 1924 г. былі перайменаваны сельсаветы: Барсееўскі ў Горбаўскі і Емельяноўскі ў Глоданскі.. У 1926 г. былі ўтвораны Унаўскі нацыянальны латышскі і Калышкаўскі нацыянальны яўрэйскі сельсаветы. Высачанскі раён, значная частка якога зараз уваходзіць у межы Лёзненскага раёна, таксама быў падзелены на 10 сельсаветаў: Асінаўскі, Бабінавіцкі, Выдрэйскі, Высачанскі, Кабыльнікаўскі (Кабыльніцкі), Каралёўскі, Касцяёўскі, Крынкаўскі, Старабабыльскі, Стасеўскі.

Такім чынам, датай утварэння Лёзненскага раёна з'яўляецца 17 ліпеня 1924 г.

У тэты час на Лёзненшчыне, як і ва ўсёй краіне, адбываліся карэнныя пераўтварэнні, якія павінны былі ўмацаваць новы лад. У сельскай гаспадарцы ішла калектывізацыя. На той час яшчэ добраахвотная, але ўжо тады аднаасобная гаспадарка «не заахвочвалася», а калгасам дзяржава дапамагала эканамічна: зніжала падатак, забяспечвала збожжам, насеннем, інвентаром, будаўнічым лесам і інш. Існуючыя калектыўныя гаспадаркі павінны былі стаць прыкладам новага жыцця для астатніх сялян. У справаздачы аб рабоце гаспадаркі за 1925 г. адзначалася, што племсаўгас «Крынкі», безумоўна, з'яўляецца адной з перадавых дзяржаўных гаспадарак і пачынае спраўджваць сваё існаванне як агракультурны цэнтр, які паказвае насельніцтву шлях на ўзняцце сваіх гаспадарак на аснове выкарыстання культурных мерапрыемстваў у галіне сельскай гаспадаркі.

У 1924 г. саўгас атрымаў з кожнага гектара 12,6 цэнтнераў збожжа, 115 цэнтнераў бульбы, 244 цэнтнеры караняплодаў. У гаспадарках аднаасобнікаў ураджай быў амаль удвая меншы.

У 1925 г. племсаўгас гадаваў ужо 113 галоў буйной рагатай жывёлы, праводзіў культасветніцкія мерапрыемствы, курсы па жывёлагадоўлі, паляводству, садаводству, пчалярству, якія наведвалі 80 чалавек.

Істотную ролю ў развіцці сялянскай гаспадаркі адыгрывалі сельгасвыстаўкі. Для атрымання вопыту іх правядзення з раёна ў Маскву былі накіраваны Самцоў Барыс, Суглыкаў Мікалай, Драздоў Стафан, Казлоў Лука, Трускін Мікалай, Савіцкі Іван. Кожнаму з іх былі дадзены камандзіровачныя - па 800 руб. Саўгас «Адаменкі» накіраваў у Маскву з гэтай жа мэтай тт. Чарнякова і Мірамовіча. I калі ў 1923 г. выстаўкі былі яшчэ не вельмі цікавыя, то ўжо ў 1924 г. было праведзена 9 выставак, якія выклікалі значную цікавасць насельніцтва. За прадстаўленыя экспанаты экспертная камісія прысуджала натуральный прэміі: канюшыну, сепаратар, рыдлёўкі і г. д. Падобныя мерапрыемствы выконвалі агітацыйную функцыю і ў пэўнай ступені садзейнічалі ўзнікненню новых арцелей, камун.

Вось звесткі пра камуну «Інтэрнацыянал». Яна ўтварылася пры добраахвотным аб'яднанні некалькіх хутарскіх гаспадарак 10 сакавіка 1925 г. Пачатак гаспадарцы даў вымарачны хутар грамадзяніна Заліта А. П., 65 дзесяцін зямлі. У камуну аб'ядналіся сем'і Пурвінаў, Клявіных, Брычанкоў, Лазаревых, Гутманаў, Стальбергаў, Трафіма і Сямёна Старавойтавых. Маёмасць камуны: куплены хутар, пабудовы і харчы - усяго 2300  рублёў. Пай членаў камуны - іх абагульненая  маёмасць - на 11 647 рублёў, у тым ліку зямельны фонд - 112 дзесяцін. Камунары будавалі дамы ў цэнтры, пасадзілі сад - 100 дрэў, якія перавезлі з былых сваіх хутароў. Але хутка 4 сям'і выйшлі з камуны.

У 1925 г. напярэдадні Першамайскага свята камсамольцы в. Малькава Павел Драздоў, Платон і Міканор Мільянкіны, Марк і Сяргей Шаўцовы, Сяргей Церахаў, Яфім Сідорскі, сяляне-беднякі Андрэй Юргенсон і Пятро Лейт на сходзе вырашылі стварыць арцель, у гонар свята ей далі назву «1-е Мая». На гэтым сходзе быў абраны старшыня калгаса Сяргей Церахаў.

Дакументы дапамагаюць уявіць, як планавалі камунары будаўніцтва новага жыцця. Вось, напрыклад, вытрымка са статута сельгасарцелі «Горбава 1-е»:

«Мы ўсе глыбока ўпэўнены, што пры аднаасобнай гаспадарцы шмат працы і часу траціцца недакладна і што стварыць умовы жыцця, якія адлавядаюць працоўнаму чалавеку, і палепшыць спосаб утрымання гаспадаркі можна толькі калектыўнай працай, аднагалосна вырашылі:

1.   Ліквідаваць  аднаасобную  гаспадарку  і заснаваць сельгасвытворчую арцель.

2.  Усе члены  арцелі будуць жыць у агульным доме  і харчавацца з агульнага стала. Члены арцелі «не карыстаюцца ніякай уласнай маёмасцю, акрамя адзення, абутку і рэчаў, дыктуемых індывідуальнымі схільнасцямі.

3.   Працяг працоўнага дня не можа быць устаноўлены наперад як нешта нязменнае, а будзе залежаць ад абставін.

4. Лішкі, застаўшыеся пасля задавальнення жыццёвых патрэб арцелі і расходаў на абустройства арцельнай гаспадаркі, распрадзяляюцца паміж членамі арцелі па рашэнню агульнага сходу... Сакратар Міхальсон I., старшыня Алгус А.».

Прамысловасць раёна на той час пераважна вырабляла запалкі, цэглу, віно, муку, апрацоўвала лён, скуры  і лес. Хаця войны, якія пракаціліся па краіне, не прынеслі Лёзненшчыне значных разбурэнняў, усё ж свой след яны тут пакінулі. Вось што сведчаць дакументы 20-х гадоў: дарогі і асабліва масты знаходзяцца ў самым хаатычным стане, амаль трэць млыноў не працуе.

У сакавіку 1922 г. на цагельным заводзе «Чарніца» было: тачак  драўляных - 5, рыдлёвак жалезных - 5, глінамяшалак - 1, вёдзер драўляных - 1, начовак - 1, форм для цэглы - 2, стол - 1, павець  для сушкі цэглы 20X4 сажані, печы двухцягавыя на 40-50 тыс. штук цэглы, драўляны дом.

Фабрыка запалак у в. Уна не працавала, бо машыны і прамысловыя памяшканні былі зруйнаваны і засталіся толькі казармы для рабочых. На заводзе «Касцяёва» паравыя машыны патрабавалі рамонту, іншае абсталяванне было зношана на 50 %. Завод працаваў на 60 % матутнасці, і колькасць працуючых скарачалася. Былі парушаны вытворчыя і гандлёвыя сувязі, у войнах загінула нямала кваліфікаваных рабочых, рамеснікаў. Для аднаўлення прамысловасці тэрмінова прымаліся рашучыя меры, выкарыстоўвалася гібкая палітыка пошуку матэрыяльных сродкаў. Матэрыяльныя сродкі ў першую чаргу былі ўкладзены ў прадпрыемствы, якія маглі хутка даць прыбытак.

Вялікую ролю ў аднаўленні народнай гаспадаркі адыгралі кааператывы. У часы НЭП арцельныя кааператыўныя таварыствы будавалі самі або бралі ў арэнду непрацуючыя прадпрыемствы і давалі ім новае жыццё. Так, на былой фабрыцы запалак у в. Уна пачалі працаваць сыраварны завод і млын таварыства «Вясковы гаспадар», Цагельны завод у Лёзне быў аддадзены ў 1922 г. ў арэнду на 4 гады за аплату 7000 шт. цэглы ў год. Млыны «Дабрамыслі», «Паленаўка», «Скугрэва» і інш. таксама былі здадзены ў арэнду. Былі арганізаваны і арцелі па вырабу цэглы: «Барсеева», «Чарніцы», «Шостага жніўня». У Крынкаўскім с/с  была створана вінаробная арцель «Зедзь» і арцель па пераапрацоўцы садавіны «Зедзе». У Высачанскім раёне была створана арцель па вырабу алею і шавецкая арцель «Свая праца», у Выдрэйскім с/с кааператыўнае аб'яднанне «Усход» і таварыства «Працоўная іголка», у Бабінавічах - прамыслова-кааператыўная арцель па вырабу посуду «Чырвоны паліўшчык».

Вось звесткі пра арцель «Экспарт», што вырабляла смалу і шкіпінар. Яна была ўтворана 27 сакавіка 1928 г., у арцель уваходзілі 4  чалавекі: 3 беднякі, 1 серадняк. Арцель купляла карчы ў мясцовых жыхароў па цане 25 руб. за кубаметр з дастаўкай. Зарплата  членаў арцелі - 40 руб. у месяц. У 1929 г. арцелыпчыкі пабудавалі шкіпінараачышчальнік. У 1929 г. ў Высачанскім раёне працавала 8 меліярацыйных таварыстваў. За 1925-27 гг. яны прарылі канаў 26 вёрст, расчысцілі зямель ад хмызняку 12,5 дзесяціны, асушылі 73 дзесяціны. Дзейнасць кааператываў у 20-я гады была разнастайнай. Акрамя названых дзейнічалі Веляшковіцкае, Дабрамыслянскае, Калышкаўскае крэдытныя таварыствы. Расла колькасць спажывецкай кааперацыі, якая дапамагала ўсім сялянам у продажы прадуктаў жывёлагадоўлі, лёну, бульбы і г. д., пераапрацоўвала малако і іншыя прадукты на сваіх заводах, забяспечвала насельніцтва прамысловымі таварамі, давала грашовыя і рэчавыя пазыкі. У 1926 г. колькасць сяброў спажывецкай кааперацыі была больш за 50 % ад колькасці насельніцтва раёна.

Работа па  аднаўленні народнай гаспадаркі прынесла пэўныя вынікі. Будаваліся новыя і рэканструяваліся ўжо існуючыя прадпрыемствы. Калі ў 1924 г. на льнопрадзільнай фабрыцы імя К. Маркса ў Высачанах працавала 214 рабочых, то ўжо ў 1926 г.- 554. Сярэдні дзённы заработак на фабрыцы ў 4-м квартале 1926 г. складаў 1 рубель 24 капейкі. Адноўлены завод «Касцяёва» меў 5 аддзяленняў і ў 1926 г. пераапрацаваў воўны 350, роўніцы 440, пражы 140 пудоў. Было выраблена сукна 30 тыс. аршын, 60 тыс. пудоў проса і 15 тыс. пудоў панцаку, распілавана лесу 60 тыс. куб. футаў і лесу для скрынь 4500 куб. футаў. Загадчыкам завода ў той час працаваў т. Чуклай, потым яго змяніў т. Далман. Сярод першых  былі адноўлены паравы млын у сельскай гаспадарцы  «Паленаўка», кузня ў сельскай гаспадарцы «Крынкі», у сельскай гаспадарцы  «Адаменкі» - кузня, пракатная станцыя сельгасмашын, сталярная майстэрня і фабрыка хлеба. У 1926 г. быў адноўлены рух маторнай дрызіны ў напрамку Дабрамыслі - Выдрэя. Пачалося будаўніцтва электрастанцыі ў Лёзне.

3 другой  палавіны 20-х гадоў пачалося згортванне ленінскага  плана НЭП. Прыватныя прадпрыемствы знікалі, касаваліся  арэндныя дагаворы. Майстры-аднаасобнікі павінны былі «кааперыравацца» і ўвайсці ў «сетку» ці «сістэму», падначаленую мясцовым уладам.

У сельскай гаспадарцы ў адпаведнасці з рашэннямі 15-га з'езда ВКП(б) разгарнулася кампанія па пераўтварэнні індывідуальных гаспадарак у  калектыўныя. Пры ажыццяўленні палітыкі калектывізацыі былі забытыя словы Леніна, што спрабаваць уводзіць дэкрэтамі грамадскую апрацоўку зямлі было б вялікай недарэчнасцю, што тэта задача павінна вырашацца цярпліва, шэрагам паступовых пераходаў, абуджаючы свядомасць і ідучы наперад толькі па меры абуджэння гэтай свядомасці. Падмуркам свядомасці, з якой сяляне павінны былі асэнсаваць неабходнасць калектыўнай працы, павінна была стаць эканоміка. Але больш-менш заможным сялянам не было ніякага сэнсу ісці ў камуны, дзе і надзеі не заўжды здзяйсняліся, і абагульненне было звышагульным, і размеркаванне недакладным. Вось што зафіксавана ў документах 9-й Высачанскай раённай партканферэнцыі, якая адбывалася ў 1928 г.: «Высачанскі раён мае свае асаблівасці, гэта выразна заможны раён. «Сталыпіншчына» дала сваю спадчыну раёну ў выглядзе хутароў, якія можна ўбачыць на кожным кроку. Гэтая амаль што 100% хутарызацыя перашкаджае ўсім мясцовым уладам у іх рабоце і, зразумела,  перашкаджае асноўнай рабоце адпаведных арганізацый па калектывізацыі раёна».

Акрамя таго, дзейнасць калектыўных гаспадарак была небездакорнай. Вось зноў вытрымкі з матэрыялаў 9-й Высачанскай раённай партканферэнцыі: «Прыдзецца спецыяльна спыніцца на рабоце Крынкаўскага племсаўгаса і асабліва яго кіраўніка Вансбутара. Гэты Вансбутар вядомы Белсельтрэсту яшчэ па сваіх старых справах у Менскай акрузе: там ён за свае «гаспадарніцтва» ў адным саўгасе быў зняты з працы, адданы пад суд і прыгавораны судом на 6 месяцаў. Мабыць, за такія «заслугі» мы спаткаем затым  Вансбутара ў саўгасе «Ходцы», які ён таксама зруйнаваў. Цяпер, мусіць у адзнаку за сваю руйнуючую дзейнасць, наш паважаны Вансбутар кіруе племсаўгасам «Крынкі» і кіруе так, што аб гэтым варта спецыяльна напісаць.

Рабочыя племсаўгаса жывуць у такіх кватэрах, што нават навакольныя сяляне далі ім назву «свінарнікі». Дахі ў дзірках, цякуць, унутры ад вільгаці і старасці адвечная брудота, людзі сістэматычна хварэюць. Ці можа рабочы, жывучы ў гэтых умовах, прынесці карысць вытворчасці? Наўрад. Затое Вансбутар ходзіць гогалем і ў сваёй справаздачы Белсельтрэсту ганарыцца тым, што ён, бачыце, мае эканомію і прыбытак ледзь не ў 2000 руб. Можа вас цікавіць, адкуль узялася гэткая эканомія? Вельмі проста: Вансбутар узяў 1,5 тыс. рублёў, адпушчаных цэнтрам на рамонт жылля, і пусціў іх у вытворчасць. Хай рабочыя жывуць, як жылі дагэтуль, затое ў мяне «эканомія». Мы ўжо не кажам аб тым, як сам Вансбутар глядзіць на рабочага і  як ён да яго звяртаецца, так што «той аж скорчыцца» (па выразу аднаго выступіўшага ў спрэчках). Хамскія адносіны, грубасць, лаянкі - вось коратка, што можна сказаць аб адносінах гэтага «гаспадара».

Развал «Петракамуны» ў друку тае пары тлумачыўся тым, што ў склад кіраўніцтва, не без садзеяння кулакоў і мясцовых багацеяў, трапілі варожыя  элементы. Яны ліквідавалі дэмакратыю ў кіраўніцтве  камунай, пачалі разбазарваць яе маёмасць. I сялянам нічога не заставалася, як пакінуць камуну.

Як вынікае з дакументаў, цяжкасці ў правядзенні калектывізацыі з самага пачатку тлумачыліся не памылкамі генеральнага плана і эканамічнымі пралікамі, а шкодніцкай дзейнасцю асобных кіраўнікоў, несвядомасцю сялян, іх дробна-буржуазнай сутнасцю і г.д.

 Адміністрацыйна-камандная сістэма патрабавала няўхільнага, безразважлівага выканання прынятых рашэнняў. У пагоні за працэнтам калектывізацыі, выконваючы і перавыконваючы планы з'езда, шмат каму з кіраўнікоў рознага мапггабу здавалася, што можна правесці і завяршыць усеагульную калектывізацыю на працягу 3-4 гадоў, не спыняючыся пры гэтым нават перад «некаторым» прымусам. Спроба павялічыць памеры калгаснай зямлі за кошт надзелаў аднаасобнікаў, акрамя напружанасці, нічога не дала. Простае жаданне весці сваю ўласную гаспадарку расцэньвалася як шкодніцтва і барацьба супраць Савецкай улады. 3 усімі, як кажуць, вынікамі.

 Паводле ўспамінаў Сямёна Кірылавіча Хмяльніцкага, які быў у 1934-35 гг. брыгадзірам у МТС, быў такі выпадак, калі ў в. Разумава абагулілі жывёлу, а потым жанчыны ноччу разабралі сваіх кароў. За гэта судзілі «вінаватых». А ці адзіны быў такі выпадак? У в. Гарэлышы аналагічная сітуацыя перарасла ў судовую справу і скончылася трагічна для сялян (гл. артыкул «Справа № 23398, або анатомія адной «контррэвалюцыйнай змовы»). Сацыяльная напру жанасць расла. Часам яна прарывалася ў актах адкрытага супраціўлення - жаночыя бунты, падпалы калгаснай маёмасці, стрэлы з-за вугла ў актывістаў калектывізацыі, упаўнаважаных. Каб паправіць становішча на «фронце калгаснага будаўніцтва», у рад тэрмінова прыняў меры, стала больш дакладным размеркаванне на працадні, перасталі абагульваць хатнія рэчы, птушку і г. д. Трэць ураджаю калгас атрымаў права прадаваць на кірмашах. Утвараліся МТС. Каб скасаваць так званыя перагібы, у калгасы былі накіраваны 25-тысячнікі. Так, у в. Кавалі з Сенненскага раёна прыехаў Сяргей Рыгоравіч Цароў. Але «поспех» калектывізацыі забяспечылі перш-наперш арганізацыйна-адміністрацыйныя метады, заснаваныя на масавых парушэннях законнасці.

У селяніна, які яшчэ вагаўся, у моцнага гаспадара, які ўсім сваім жыццём быў адданы ўласнай зямлі, які быў зацікаўлены ў развіцці індывідуальнай гаспадаркі, выбару амаль не было. Альбо калгас, альбо... Не вытрымаўшы страшэннага падаткавага ўціску, многія з іх кідалі гаспадарку і ішлі ў горад, іншыя вымушаны былі ісці ў калгасы. Тых жа, хто ўпарта адстойваў сваё права жыць і працаваць на ўласнай зямлі, чакаў іншы шлях...

Паводле дадзеных Віцебскага акркалгассаюза, толькі за першае паўгоддзе «агульнай» калектывізацыі на Лёзненшчыне былі раскулачены і рэпрэсіраваны каля 200 сялянскіх сем'яў. Як фабрыкавалася большасць спраў, зараз добра вядома з дакументаў таго часу і ўспамінаў сведак тых падзей. Пасля завяршэння калектывізацыі значна змяніўся склад насельніцтва.

Калі ў 1930 г. ў Лёзненскім і Высачанскім раёнах было 1645 і 2435 калгаснікаў, што адпаведна складала 13,1 % і 17,7 % ад колькасці насельніцтва, то ўжо ў 1933 г. іх было каля 65 %, а праз два гады каля 97 %.

Значна змянілася і карта раёна. 8 ліпеня 1931 г. да Лёзненскага раёна быў далучаны ліквідаваны ў той час Высачанскі раён. 21 лістапада 1934 г. быў ліквідаваны Унаўскі нацыянальны латышскі, а ў 1935 г. Калышкаўскі нацыянальны яўрэйскі сельсаветы. У тым жа 1935 г. Асінаўскі і Старабабыльскі сельсаветы былі аддадзены Багушэўскаму раёну. 15 ліпеня 1935 г. в. Высачаны стала рабочым пасёлкам. У 1938 г. Лёзненскі раён увайшоў у межы толькі што ўтворанай Віцебскай вобласці, тады ж Кабыльнікаўскі (Кабыльніцкі) сельсавет быў перайменаваны ў Акцябрскі (Акцябарскі).

Уяўленне аб эканамічным і сацыяльным стане раёна ў пачатку 30-х гадоў дае статыстычны даведнік «Усе раёны БССР» (Мн., 1933). Паводле тытульнага  спіса, на 1931 г. раён меў 38  прамысловых прадпрыемстваў з колькасцю працуючых 1255  чалавек. У 1932 г. ўжо налічвалася 91 прадпрыемства: з іх 7 дзяржаўных, 83 кааператыўных і 1 грамадскае, на якіх працавалі 1424 чалавекі. Асноўнымі з прадпрыемстваў былі льнопрадзільная фабрыка ў Высачанах - 520 чал., льнозавод у Лёзне - 102 чал., шкіпінарная арцель «Эксперт» у Бабінавічах - 61 чал., у 3 саўгасах працаваў 521 чалавек. Акрамя таго, кузні і майстэрні былі амаль што ў кожнай вёсцы. У раёне дзейнічалі 15 сельпо, якія мелі 59 гандлёвых пунктаў. МТС абслугоўвала 84 калгасы.

Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў раёне было ўжо 46 дзяржаўных прадпрыемстваў, на якіх было выраблена: торфу на паліва 15778 т, цэглы 255 тыс. штук, абутку 2744 пары, ільновалакна доўгага 332 т, ільновалакна кароткага 671 т, перапрацавана збожжа 15746 ц, хлеба выпечана 5917 т, 5 электрастанцый выпрацавалі 188 кВт-гадз электраэнергіі. 3 МТС абслугоўвалі ўсе 189 калгасаў.

У 1939 г. ў раёне было атрымана 3148 т збожжа, 5005 т бульбы, 108 т  гародніны, 1742 т сена, 19 т саломы, 28705 т малака, 5894 т мяса, 5506 т воўны, 31590 т ільнотресты.

На 1 студзеня 1940 г. пасяўныя плошчы складалі 47024 га, у тым ліку: азімае жыта - 8833 га, пшаніца азімая - 219 га, пшаніца яравая - 2642 га, бульба - 6369 га, лён - 6355 га. Коней было 7210 галоў, буйной рагатай жывёлы - 22837, у тым ліку кароў - 14229, свіней - 8398, авечак - 20006.


З'явіліся ў раёне і свае перадавікі.

За поспехі ў галіне сельскай гаспадаркі і перавыкананне паказчыкаў Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў 1940 г. племсаўгас «Крынкі» адзін з першых у рэспубліцы быў узнагароджаны ордэ-нам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ордэна Леніна былі ўдастоены дырэктар саўгаса Зінкевіч, даярка Бфрасіння Башкірава і брыгадзір Ілья Радзькін, медаля «За працоўную доблесць» Міхаіл Ангельцаў, Кацярына Сімановіч, Таццяна Пашкевіч і А. Е. Мілешка.

Калгас «Інтэрнацыянал» паказаў на УСГВ групу кароў, якія давалі па 3000 кг малака. Калгас быў адзначаны прэміяй - 10 тыс. рублёў і матацыклам. Даяркі былі узнагароджаны граматамі.

У той час у раёне ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга атрымала Васіліса Селязнёва, ордэн «Знак Пашаны» - Эмілія Марозава і Сцепаніда Сільвестраўна Быкоўская. Перцава Праскоўя Мікалаеўна была ўзнагароджана граматай ЦВК БССР.

Жыхароў Лёзненшчыны на 1.1.1940 г. абслугоўвала 10 бальніц і радзільных дамоў на 175 ложкаў, 8 амбулаторый, 12 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, у якіх працавалі 12 урачоў, 3 зубныя ўрачы, 22 фельчары, 27 фельчараў-акушэрак, 27 медсясцёр. Сваё здароўе працоўныя маглі палепшыць у 2 санаторыях.

Перад Айчыннай вайной 11389 вучняў наведвалі 214 пачатковых, 202 няпоўныя, 98 сярэдніх школ і 3 сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

У раёне было 838 радыёкропак і 55 радыёпрыёмнікаў, 7 кінатэатраў, 5 з іх гукавыя.  Добрая су вязь раёна была забяспечана па чыгунцы з Віцебскам і Смаленскам.

Паводле  эканамічна-статыстычнага даведніка «Віцебская вобласць» (1940), аб'ём рознічнага гандлю ў раёне за 1939 г.  склаў 26538,9 тыс. рублёў, у тым  ліку дзяржгандаль -  2341,2 тыс. рублёў, кааператыўны - 21497,7 тыс. рублёў. Гандлёвая сетка налічвала 104 крамы, 17 гандлёвых пунктаў, у тым ліку дзяржгандлю - 15, кааператыўнага - 106, сталовых і рэстаранаў - 11, буфетаў - 2.

Сярэдняя заработная плата ў раёне складала 242 рублі ў  месяц. Па галінах грамадскай вытворчасці лічбы былі наступныя: у грамадскім харчаванні 179 руб., медыкі атрымлівалі 246 руб., выкладчыкі тэхнікумаў - 405 руб., кіраўнікі - 322 руб., юрысты - 657 руб. у месяц.

У 11 ашчадных касах 4132 укладчыкі на сваіх рахунках мелі болып за 80 000 рублёў.

А вось як выглядаюць гэтыя дасягненні з іншага боку. Вага працадня ў раёне ў 1938 г. складала: збожжа 1,35 кг, бульбы 3,9 кг, сена 2,42 кг, грашыма 0,54 руб. Вага працадня ў лепшых гаспадарках была такой:

калгас  «Інтэрнацыянал» Сутоцкага с/с: збожжа - 3,284 кг, бульбы - 5 кг, фуражу - 2,4 кг, грошай - 2,5 руб.;

калгас «Яўна дзіва» Сутоцкага с/с: збожжа - 2,746 кг, бульбы - 4,150 кг, фуражу - 2,5 кг, грошай - 2,24 руб.;

калгас  «Камінтэрн» Лёзненскага мясцовага Савета: збожжа - 3,38 кг, бульбы - 7 кг, фуражу - 0,3 кг, грошай - 1,56 руб;

калгас «Апора  Саветаў» Лёзненскага с/с: збожжа - 3,15 кг, бульбы - 7,25 кг, фуражу - 2,85 кг, грошай - 1  руб.

Збожжа і бульбу амаль што адразу купляла дзяржава па цане ад 8 да 10 рублёў за 100 кг збожжа і 3 руб. за 100 кг бульбы ў лік выканання планаў нарыхтовак.

Увесь час расла інфляцыя. Аб цэнах 1926-27 гг. ужо не  марылі. Перад вайной за 50 кап. можна было даслаць пісьмо ў суседнюю вёску, веласіпед каштаваў больш чым 200 рублёў, мэбля - 500 рублёў за «гарнітур», гадзіннік - 300 рублёў.

За лічбамі ўсеагульнай пісьменнасці таксама не было відаць, што страшэнны ўдар нанесены беларускай культуры, школе; краязнаўства было аб'яўлена нацыяналістычным адхіленнем. Дарэчы, удар быў нанесены і іншым нацыянальным школам (латышскай, яўрэйскай), якія існавалі на тэрыторыі Лёзненскага раёна.

Ва ўмовах звышцэнтралізаванага кіраўніцтва, жорсткай рэгламентацыі амаль усіх бакоў жыцця, эканамічна і сацыяльна неабгрунтаваных рашэнняў, палітычных памылак партыйнага і савецкага кіраўніцтва, калі планаванне часам даводзілася да абсурда, а думкі і дзеянні, што не адпавядалі генеральная лініі, жорстка караліся, не выпадковымі былі тыя цяжкасці і выпрабаванні, што леглі на плечы народа. I, як заўсёды, адказнасць за памылкі, недахопы, пралікі, перагібы перакладалася на выканаўцаў спушчаных зверху дырэктыў. Колькі было іх, «шкоднікаў», «дыверсантаў», так званых «ворагаў народа», людзей, што без усялякіх падстаў былі пазбаўлены волі, жыцця? Колькі такіх людзей было на Лёзненшчыне - зараз цяжка адказаць. Толькі з Унаўскага латышскага нацыянальнага сельсавета было раскулачена і саслана некалькі тысяч чалавек. Ці не тады закладваліся асновы сталінскай «тэорыі» перасялення народаў? Звесткі са статзборніка «Віцебская вобласць» пра кадры калгасаў Лёзненшчыны на 1 студзеня 1940 г. наводзяць на сумны роздум: са 189 старшынь калгасаў са стажам работы ў калгасе да 1 года было 109 чалавек, а ад 1 да 3 гадоў - 51. Няцяжка ўявіць, чаму так мяняліся кадры і куды знікалі іх папярэднікі, калі чытаеш дакументы аб зняцці з пасады і аддачу пад суд то аднаго, то другога кіраўніка гаспадаркі за зрыў паставак, невыкананне плана і г. д. А колькі чалавечых лёсаў стаіць за так званым сцягваннем хутароў (асабліва характерным для Лёзненшчыны) і ўзбуйненнем калектыўнай гаспадаркі!

Працэс рэабілітацыі нявінных ахвяр сталіншчыны, які пачаўся пасля 1956 г., працягваецца і зараз. 3 небыцця вяртаюцца імёны людзей (гл. артыкул «Вернутыя імёны»), якія, бывала, да апошняга свайго часу не ведалі, што ж такога варожага зрабілі яны для сваей улады, і за што яна іх так карае. А колькі іх засталося, невядомых, беззваротна прапаўшых у тым трагічным віры.

Паводле liozno.narod.ru

СПІС РЭЛІГІЙНЫХ АБШЧЫН НА 25.08.1923 г ПА ЛЁЗНЕНСКАЙ ВОЛАСЦІ

  1. Вазнясенская праваслаўная
  2. Нова-Бельская праваслаўная
  3. Веляшковіцкая праваслаўная
  4. Свята-Міхайлаўская праваслаўная
  5. Яўрэйская "Аўраама"
  6. Яўройская "Ісакіеўская"
  7. -//-// Якаўлеўская сінагога
  8. _//-// Кнесес
  9. -//-// Кнесес
  10. -//-// Высачанская
  11. -//-// Калышанская старая

Витебский облисполком
Пограничная безопасность
Витебские вести
Главное управление юстиции Витебского областного исполнительного комитета
Конкурс ”Предприниматель года“
Министерство юстиции
Районная газета
Год науки
99
Единый день информирования
Интернет-ресурсы